Шчучынскі раён
Шчу́чынскі раён — адміністрацыйная адзінка ў паўночна-заходняй частцы Гродзенскай вобласці.
Агульнае
Шчучынскі раён утвораны 15 студзеня 1940 г. З карысных выкапняў ёсць вапна, пясок, торф, гліна. Па тэрыторыі раёна працякае буйная рака Нёман, 48 малых рэк і 96 ручаёў. Пабудавана 21 штучная сажалка люстраной плошчай 424 га. Азёры: Берштаўскае, Доўгае, Зубраўскае і інш.
Адміністрацыйны цэнтр раёна — горад Шчучын. Першая згадка аб ім зафіксавана ў Літоўскай метрыцы пад 1537 г. Статус гарадскога пасёлка Шчучын атрымаў у кастрычніку 1940 г., горада — у 1962 г.
У раёне два пасёлкі гарадскога тыпу — Жалудок і Астрына, 435 сельскіх населеных пунктаў, 13 сельсаветаў.
Гісторыя
Шчучынскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. Цэнтр — гарадскі пасёлак Шчучын. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Баліцкі, Востраўскі, Вялікабаярскі, Вярбілкаўскі, Герніцкі, Дэмбраўскі, Ельненскі, Еўлашоўскі, Залесненскі, Каменскі, Ражанкаўскі, Ракавіцкі, Шчучынскі і Шынкавецкі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Гродзенскай вобласці.
20 верасня 2002 года скасаваны Берштаўскі сельсавет[5], 28 жніўня 2013 года — Бакштаўскі, Галавічпольскі, Навадворскі і Ракавіцкі сельсаветы[6].
Насельніцтва
Насельніцтва — 41,5 тыс. чалавек (2015)[7], 38,5 тыс. чалавек (2019)[8], 34,6 тыс. чалавек (2021)[9]. Згодна з перапісам 1999 г., беларусы складалі 41,1 % ад усяго насельніцтва, палякі — 50,5 %, рускія — 6,5 %. У невялікай колькасці на тэрыторыі раёна пражываюць таксама ўкраінцы, літоўцы, татары і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Раён адносіцца да тэрыторый, насельніцтва якіх змяншаецца: калі ў 2001 г. яно сягала 57 тыс. чалавек, то ў 2015 г. скарацілася больш як на 25 %[10]. У 2019 г. палітолаг В. Рубінчык звярнуў увагу на тое, што за 20 гадоў (з 1999 г.) насельніцтва Шчучынскага раёна зменшылася на 23 тысячы чалавек, або на 37,3 %[11].
Прамысловасць
Цяпер на тэрыторыі раёна працуе 5 прадпрыемстваў прамысловасці. Найбольш буйныя з іх — адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Шчучынскі завод „Аўтапровад“» і «Шчучынскі масласырзавод», а таксама 3 прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасці, 573 індывідуальныя прадпрымальнікі.
Сельскагаспадарчая галіна Шчучынскага раёна (грамадскі сектар) прадстаўлена 8 сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі, 3 унітарнымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, адкрытым акцыянерным таварыствам «Васілішкі», 3 эксперыментальнымі базамі, племптушкарэпрадуктарам, 28 фермерскімі гаспадаркамі. У раёне таксама працуюць: ААТ «Шчучынаграхімсэрвіс», Шчучынскі вытворча-гандлёвы філіял ДУП «Аблсельгастэхніка», ТАА «Шчучынскае Аграпрамэнерга», Гродзенскі занальны навукова-даследчы інстытут сельскай гаспадаркі і шэраг іншых арганізацый.
Асноўны вытворчы напрамак сельскагаспадарчай галіны раёна — мяса-малочны, з вырошчваннем збожжавых, бульбы і цукровых буракоў.
Транспарт
Транспартныя паслугі аказваюць аўтамабільны парк № 12, аўтакалона № 9 аблспажыўсаюза і 2 чыгуначныя станцыі. Функцыянуюць 33 прыгарадныя, 4 гарадскія і 4 міжгароднія аўтобусныя маршруты. Сувязь у раёне забяспечваюць вузлы паштовай і электрычнай сувязі і 37 іх аддзяленняў.
Гандаль і быт
Гандлёвая сетка раёна налічвае 324 гандлёвыя аб’екты, 126 з якіх адносяцца да сістэмы спажывецкай кааперацыі. Дзейнічае 27 ведамасных магазінаў, з іх 6 прысвоены статус «фірменны» магазін, 2 крамы дома, 7 аўтамагазінаў. Арганізацыю грамадскага харчавання на тэрыторыі раёна ажыццяўляюць 23 прадпрыемствы, з іх 3 — індывідуальныя прадпрымальнікі і 2 — таварыствы з дадатковай адказнасцю.
Бытавыя паслугі аказваюцца насельніцтву 20 комплекснымі прыёмнымі пунктамі, 14 вытворчымі падраздзяленнямі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна» і 37 індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
Адукацыя, культура, ахова здароўя
У раёне функцыянуюць 32 агульнаадукацыйныя школы, з якіх 16 сярэдніх, 15 базавых, гімназія; дапаможная школа-інтэрнат, 26 дашкольных устаноў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, 6 пазашкольных устаноў, 3 вучэбна-вытворчыя камбінаты, прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 198 сельскагаспадарчай вытворчасці, Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ДУ «Шчучынскі дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых», дзіцячы сацыяльны прытулак Шчучынскага раёна; працуе гарадскі стадыён «Алімп».
Структуру ўстаноў культуры складае 38 устаноў клубнага тыпу, 44 бібліятэкі, школа мастацтваў, 3 музычныя школы, цэнтр рамёстваў, метадычны цэнтр народнай творчасці.
У раёне функцыянуюць цэнтральная раённая бальніца, 2 гарпасялковыя і 2 сельскія ўчастковыя бальніцы, 1 бальніца сястрынскага догляду, 5 урачэбных амбулаторый, 35 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 1 здраўпункт, каля 10 аптэк, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У 2017, аднак, паведамлялася, што ў Шчучынскім раёне «смяротнасць у працаздольным узросце склала ў 2017 годзе 686,69 на 100 тыс. насельніцтва, што вышэй за сярэднеабласны паказчык у 1,7 разы і вышэй за паказнік мінулага года на 11,5 %»[11].
Выдатныя асобы
Са шчучынскімі піярскімі навучальнымі ўстановамі звязаны імёны такіх вядомых навукоўцаў XVIII—XIX ст. як гісторык-археограф Мацей Доўгель, філосаф Казімір Нарбут, філосаф, логік і псіхолаг Анёл Доўгірд, біёлаг Станіслаў Баніфацы Юндзіл, геолаг, мінералаг, даследчык Чылі, удзельнік вызваленчага руху на Беларусі Ігнат Дамейка.
На тэрыторыі Шчучынскага раёна нарадзіліся генерал Парыжскай Камуны Валерый Урублеўскі, адна з пачынальніц беларускага пісьменства Цётка (Алаіза Пашкевіч), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч Вацлаў Іваноўскі (1880, в. Лябёдка — 1943), мастак-графік Казімір Альхімовіч, этнограф Тадэвуш Антонавіч Навагродскі, спявак Чэслаў Неман, фізік, дзяржаўны дзеяч Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, Герой Сацыялістычнай працы Андрэй Іосіфавіч Бялко.
Старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта
- з 5 сакавіка 2013 — Сяргей Васілевіч Ложачнік
- з 12 верасня 2019 — Аляксей Валянцінавіч Садоўскі
Зноскі
- ↑ http://schuchin.grodno-region.by/uploads/files/Privetstvie/Biografija-Sadovskogo-A.V.-dlja-sajta.pdf
- 1 2 [belstat.gov.by/homep/ru/perepic/2009/itogi1.php Результаты переписи 2009 года] (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 мая 2012.
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 4 сакавіка 2016. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 20 сентября 2002 г. № 99 О решении вопросов административно-территориального устройства Щучинского района
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 28 августа 2013 г. № 250 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Щучинского района Гродненской области Архівавана 18 мая 2021.
- ↑ Дзянніца, 11.08.2015
- ↑ http://grodno.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/sotsialnaya-sfera/demografiya_2/osnovnye-pokazateli-za-period-s-__-po-____gody_3/chislennost-naseleniya-po-raionam/
- ↑ http://schuchin.grodno-region.by/ru/geodr-ru/
- ↑ Рубінчык, Вольф. Шчучынская каша (29.09.2015) //http://belisrael.info/?p=5280
- 1 2 https://belisrael.info/?p=19212
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
- Здымкі на Radzima.org
- Інфармацыя на старонцы Гродзенскага аблвыканкама Архівавана 17 лістапада 2006.
- Лаўрэш Леанід. Шчучыншчына // Наша Слова. № 4 (1519), 27 студзеня 2021. // на pawet.net
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Шчучынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без геаграфічных каардынат Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Шчучынскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Васілішкаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Жалудоцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Радунскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Скідзельскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Шчучынскага раёна Катэгорыя·Раёны Гродзенскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1964 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1969 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Шчучынскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.