wd wp Пошук:

Брусы (Мядзельскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Брусы. Брусы́[1] (трансліт.: Brusy, руск.: Брусы) — вёска ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Сваткаўскага сельсавета.

Гісторыя

У 1848 вёска маёнтка Вузла Вілейскага павета Віленскай губерні, валоданне графа К. І. Тызенгаўза, 27 двароў, 249 жыхароў. У 1868 г. у вёсцы 20 двароў, 278 жыхароў. У 1904 г. вёска, 469 жыхароў і выселкі, валоданне памешчыкаў Пшаздзецкіх, 10 жыхароў, у складзе Мядзельскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. З 1875 у вёсцы працавала школа граматы, у якой у 1896/97 навучальным годзе вучыліся 23 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі. У 1908 г. у вёсцы 26 двароў, 480 жыхароў. У Першую сусветную сусветную вайну 1914—1918 гг. у ваколіцах вёскі праходзіла лінія фронту паміж Германскай і Расійскай імперыяй; тут размясціліся салдаты расійскай арміі, склады з боепрыпасамі і прадуктамі харчавання. 18—28 сакавіка 1916 года адбываліся баі Нарачанскай аперацыі войскаў расійскіх армій, у час якіх ворагамі былі ўжыты атрутныя газы. 2-я расійская армія панесла значныя страты, толькі каля вёскі пахавана 700 салдат войска Расійскай імперыі.

У 1921 г. вёска Мядзельскай гміны Дунілавіцкага (з 1925 г. Пастаўскага) павета Віленскага ваяводства Польшчы, 90 двароў, 486 жыхароў. Побач знаходзілася вартоўня Брусы, 7 жыхароў. У 1931 г. 98 двароў, 552 жыхароў[2]. У 1940 г. 109 двароў, 328 жыхароў. З 12.10.1940 г. да 23.12.1965 г. вёска — цэнтр Брусоўскага сельсавета Мядзельскага раёна Вілейскай, з 20.09.1944 г. Маладзечанскай, з 20.01.1960 г. Мінскай абласцей БССР, з 01.10.1973 г. у Узленскім сельсавеце, з 23.03.1987 у Сваткаўскім сельсавеце.

У верасні 1943 г. войскі нацысцкай Германіі поўнасцю спалілі вёску, загубілі 22 жыхары. У цэнтры вёскі пахаваны 41 жыхар вёскі Брусы, Лужы, Заазер’е і хутара Гаць, якіх 27.09.1943 г. забілі нацысцкія вайскоўцы (у 1981 г. на магіле пастаўлены помнік). За 2,5 км на паўночны захад ад вёскі каля аўтамабільнай дарогі Мядзел—Вілейка пахаваныя 10 жыхароў з хутара Бароўка, якіх 13.07.1943 г. расстралялі, а потым спалілі вайскоўцы карных атрадаў (у 1975 г. на магіле пастаўлены абеліск). Пасля вайны Брусы адбудаваны. У 1948 г. вёска тэлефанізавана, у 1949 г. створаны калгас «Сцяг Перамогі».

З 1954 у складзе калгаса імя Леніна (да 09.11.1961 г. калгас імя Сталіна, з 1988 г. цэнтр — вёска Сваткі), з 1994 г. у аграфірме «Зара», з сакавіка 1997 года ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве імя М. Танка (цэнтр — вёска Сваткі).

Насельніцтва

  • 400 жыхароў (1960)
  • 114 двароў, 257 жыхароў (1997)

Цікавыя факты

Дуда канца XIX — пачатку XX cт. з вёскі Брусы

З вёскі Брусы гміны Мядзел Пастаўскага павета паходзіць дуда канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Так як і многія беларускія дуды, інструмент захоўваецца ў Літоўскім нацыянальным музеі ў Вільнюсе. На выстаўках дуда пазначаецца музеем як дуда з «Усходняй Літвы»[3]. Аднак у музейным пашпарце (LNM EM 94) сапраўднае паходжанне ўжо пазначанае.

Інфраструктура

Магазін, клуб, бібліятэка, свінагадоўчы комплекс, жывёлагадоўчая ферма.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, t. 1, Warszawa 1938, s. 41.
  3. http://alkas.lt/2019/07/06/i-ignalina-atkeliavo-lietuvos-nacionalinio-muziejaus-paroda/

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мядзельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be