Мядзельскі раён
Мя́дзельскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Мінскай вобласці. Размешчаны на паўночным захадзе Мінскай вобласці. Мяжуе з Пастаўскім і Докшыцкім раёнамі Віцебскай вобласці, Астравецкім і Смаргонскім раёнамі Гродзенскай вобласці, Вілейскім раёнам Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Мядзел.
Гісторыя
Мядзельскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года раён падзелены на 12 сельсаветаў: Баярскі, Брусоўскі, Дзягільскі, Занарацкі, Кабыльніцкі, Лук’янавіцкі, Ляшчынскі, Мядзельскі, Някасецкі, Сваткаўскі, Слабадскі і Старагабскі. 25 лістапада 1940 года да раёна далучаны Лотвінскі і Нагаўкаскі сельсаветы Пастаўскага раёна. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Баярскі, Лук’янавіцкі, Нагаўкаўскі, Някасецкі сельсаветы. 31 жніўня 1959 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Свір, Канстанцінаўскі, Сырмежскі і Шэметаўскі сельсаветы скасаванага Свірскага раёна. 17 лістапада 1959 года Мядзел атрымаў статус гарадскога пасёлка, Мядзельскі сельсавет скасаваны. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Мінскай вобласці. 10 мая 1960 года скасаваны Канстанцінаўскі і Шэметаўскі сельсаветы. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Крывічы, Будслаўскі, Княгінінскі, Пузырскі, Сіўцаўскі сельсаветы скасаванага Крывіцкага раёна. 8 чэрвеня 1963 года скасаваны Сіўцаўскі сельсавет. 28 жніўня 1964 года Кабыльніцкі сельсавет перайменаваны ў Нарацкі. 26 верасня 1964 года ўтвораны курортны пасёлак Нарач. 1 кастрычніка 1973 года Брусоўскі сельсавет перайменаваны ва Узлянскі. 9 жніўня 1979 года скасаваны Ляшчынскі сельсавет. 23 сакавіка 1987 года скасаваны Узлянскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года гарадскі пасёлак Мядзел і Мядзельскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 18 лістапада 1998 года Мядзел атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 20 верасня 1999 года скасаваны Нарацкі пассавет, населеныя пункты перададзены ў склад Нарацкага сельсавета. 18 студзеня 2002 года Лотвінскі сельсавет перайменаваны ў Лацвянскі, Пузырскі сельсавет — у Пузыроўскі. 29 верасня 2006 года скасаваны Дзягільскі і Лацвянскі сельсаветы[4]. 30 кастрычніка 2009 года Крывіцкі пассавет рэарганізаваны ў Крывіцкі сельсавет, скасаваны Пузыроўскі сельсавет[5]. 28 мая 2013 года скасаваны Старагабскі і Сырмежскі сельсаветы[6].
Геаграфія
Плошча − 196,7 тыс. га., з іх 53,8 % (105,7 тыс. га.) належыць да нацыянальнага парку «Нарачанскі». 8,4 % (16,6 тыс.га.) тэрыторыі раёна займаюць азёры (у раёне 52 азёры), 41,6 % (82,0 тыс.га.) — лясы.
Працягласць з захаду на ўсход — 75 км, з поўначы на поўдзень — 43 км. Паверхня раўнінна-ўзнёслая з агульным ухілам з поўначы-усходу на паўднёва-захад. Раён размешчаны ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, паўночная частка раёна размешчана на Свянцянскай градзе.
Асаблівасць раёна — курортная зона вакол возера Нарач. Плошча курортнай зоны 58,5 тыс. га, што складае 29 % ад тэрыторыі раёна.
У раёне ёсць шмат азёр і рэк. Асноўныя рэкі — Страча, Вялікі Перакоп, Нарач, Вузлянка (басейн Віліі), Мядзелка (басейн Дзясны). На тэрыторыі раёна працякае самая кароткая рака Беларусі — Скема, даўжыня якой складае ўсяго 200 м.
Азёры займаюць 7,48 % тэрыторыі раёна. Найбольш буйныя з іх — Нарач, Мястра, Баторына, Свір і Белае — ўтвараюць Нарачанскі азёрную групу. На тэрыторыі знаходзяцца і іншыя групы азёр — Мядзельская і Балдуцкая. Балота Габы.
Каля 30 % тэрыторыі раёна прыпадае на лес. Найбольш значныя лясныя масівы размешчаны на паўднёвым захадзе і паўночным захадзе.
Насельніцтва
Насельніцтва Мядзельскага раёна складае 25 755 чалавек (1 студзеня 2021). У 1995 годзе насельніцтва складала 40,1 тыс. жыхароў[7].
Усяго ў раёне 307 населеных пунктаў, сярод якіх горад Мядзел (7 054 чал.), курортны пасёлак Нарач (3 993 чал.) аграгарадок Нарач (2 581 чал.), гарадскія пасёлкі Крывічы (1 108 чал.) і Свір (996 чал.).
Эканоміка
На тэрыторыі раёна эксплуатуюцца радовішчы торфу, пясчана-жвіравага матэрыялу, будаўнічых пяскоў, гліны і суглінкаў, а таксама сапрапелю.
Транспартная сістэма ўключае чыгуначную лінію Маладзечна — Полацк, аўтамабільныя дарогі Вільня — Полацк, Нарач — Мінск.
У раёне дзейнічае 8 прамысловых прадпрыемстваў: Нарачанскі масласырзавод, Ілаўскі пладовакансервавы завод, даследчы рыбгас «Нарач», Нарачанскі завод напояў, Мядзельскі кааппрам, Мядзельскі аўтатэхсервіс, прадпрыемства «Гарант», Мядзельскае Аграпрамэнерга.
Мядзельскі раён спецыялізуецца на вытворчасці мяса, малака, збожжа, ільну, бульбы. Доля раслінаводства ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі складае 44 %, доля жывёлагадоўлі — 56 %.
Турызм і адпачынак
3а год на тэрыторыі раёну адпачывае каля 100 тыс. чалавек. Тут размешчаны рэспубліканскі дзіцячы лагер «Зубраня», санаторыі «Баравое», «Сосны», «Белая Русь», «Нарач», «Прыазёрны», «Будаўнік», дамы адпачынку «Рудакова», «Журавінка», «Нарачанка», «Нарачанскі бераг», «Нарач», «Спадарожнік». У Мядзельскім раёне дзейнічаюць 64 аграсядзібы і 16 турыстычных стаянак. На тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі» размешчаны турыстычны комплекс «Аптэкарскі сад» і этнакультурны комплекс «Наносы-Наваселле».
Культурныя ініцыятывы
З 2005 года ў вёсцы Камарова праводзяць фестываль народных промыслаў і рамёстваў «Камарова — Кола дзён». У чэрвені 2015 года ён прайшоў дзясяты раз[8]
Штогод у Будславе адбываецца Будслаўскі фэст у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай. 28 лістапада 2018 года фэст уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
У 2005 і 2008 гадах Мядзел быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля».
Памятныя мясціны
У спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Мядзельскага раёна знаходзяцца 53 аб’екты, з іх: 29 — помнікі археалогіі, 17 — помнікі архітэктуры, 7 — помнікі гісторыі.
У Мядзельскім раёне налічваецца 8 каталіцкіх храмаў: Мядзельскі Касцёл Маці Божай Шкаплернай (1754 г.), Будслаўскі Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1633 г.), касцёл ў Засвіры (1714 г.), касцёл і кляштар у Крывічах (1796 г.), касцёл у Свіры (1649—1653, 1903—1909), касцёл у Канстанцінава (1826 г.), касцёл у Кабыльніку (1901 г.) і касцёл у Шэметава (кан. XVIII ст. — пач. XIX ст.).
Праваслаўных храмаў у раёне 10: царква ў Княгініне (1772 г.), царква ў Крывічах (1887 г.), царква ў Кабыльніку (1860-я г.), царква ў Слабадзе (1880 г.), царква ў Старых Габах (1905 г.), стараверскі храм ў Свіры (пач. XX ст.), царква ў Свіры (2006 г.), царква ў Мядзелі (1906 г.), царква ў Занарачы (2002 г.) і царква ў Мікасецку (1926 г.).
Часткова ці цалкам захаваліся сядзібы: сядзіба Хамінскіх у Альшэва (к. ХVІІІ — пач. ХХ ст.), комплекс былой сядзібы ў в. Камарова (к. XIX — пач. XX ст.), сядзіны дом Ахраноўскіх у в. Лушчыкі (пач. XX ст.), сядзіба Сулістроўскага ў в.Шэметава, сядзіба Аскеркаў у в. Будслаў (XVIII—XX ст.), сядзіба ў в. Ілава (XIX ст.) і іншыя.
У в. Пількаўшчына знаходзіцца дом Максіма Танка.
Помнікі прыроды
На тэрыторыі Мядзельскага раёна знаходзіцца 96 % плошчы Нацыянальнага парку «Нарачанскі», ландшафтны заказнік «Блакітныя азёры» і гідралагічны заказнік «Чарэмшыцы».
Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (геалагічныя)
- Агаленне «Студзянец»
- Валун «Вялікі камень» баяраўскі
- Валун «Вялікі камень» венцавіцкі
- Валун «Вялікі камень» высочкінскі
- Валун «Вялікі камень» гулеўскі
- Валун «Вялікі камень» красніцкі
- Валун «Вялікі камень» ляшчынскі
- Валун «Вялікі камень» мацкійскі
- Валун «Вялікі камень» пронькаўскі
- Валун «Вялікі камень» юшкавіцкі
- Валун «Альшэўскі»
- Валун «Седлавы камень» занарацкі
- Валун «Чортаў камень» шкленікоўскі
- Валун «Юшкавіцкі»
- Берагавы ўступ «Сцепянёўскі»
- Града «Качаргінская»
- Града «Лукінская»
- Града «Цюкшынская»
- Паўвостраў «Дубовая гара»
- Паўвостраў «Наносы»
- Паўвостраў «Чараўкі»
Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (батанічныя)
- Брэскае насаджэнне карэльскай бярозы
- Некасецкае насаджэнне карэльскай бярозы
Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (гідралагічныя)
- Вялікая Болцікская крыніца
- Куэльская крыніца
- Крыніца Купа
- Крыніца Млын
- Нарачанская падводная крыніца[9]
Помнікі прыроды мясцовага значэння
- Востраў на возеры Нарач
- Будслаўскі парк
- Парк Камарова
- Мядзельскі парк перамогі
- Стары парк у Мядзелі
- Парк Альшэва
- Жосненскі валун
- Качэргінскі валун
- Маргінаўскі валун
- Гара Барсучыха
- Гара Пуставіны
- Брылеўскі камень
- Дзягілеўскі камень[10]
Асобы, звязаныя з раёнам
- Аляксандр Ходзька — паэт, фалькларыст, філарэт, славіст, усходазнавец.
- Ян Ходзька (1777—1851) — грамадскі дзеяч, пісьменнік, тэатразнавец.
- Іван Лявіцкі — вучоны ў галіне тэхналогіі сілікатаў, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік адукацыі.
- Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1903—1989) — грамадска-палітычны дзеяч дыяспары, старшыня Рады БНР.
- Расціслаў Лапіцкі (1928—1950) — кіраўнік Мядзельска-Смаргонскага падпольнага вучнёўскага руху.
- Паўліна Мядзёлка — беларуская акцёрка, педагог.
- Максім Танк — народны паэт Беларусі, перакладчык, класік беларускай літаратуры.
- Адам Гурыновіч — беларускі паэт, фалькларыст, рэвалюцыянер.
- Яўген Шабан (1936, в. Калодзіна — 1982) — беларускі драматург, паэт, акцёр, рэжысёр.
- Васіль Шаранговіч (1939—2021) — народны мастак Беларусі, графік, педагог.
- Марыя Захарэвіч — народная артыстка Беларусі.
- Іван Усовіч — стэндап-комік.
- Уладзімір Дубоўка — беларускі паэт.
- Аляксандр Адамовіч (1900, Васюлькі, цяпер у складзе Княгініна — 1937) — беларускі савецкі палітычны дзеяч.
- Міхась Чарняўскі (1938, Круці — 2013) — беларускі археолаг, пісьменнік.
- Яраслаў Звяруга (1928—2011) — археолаг.
- Георгій Таразевіч (1937, Слабада — 2003) — беларускі палітычны дзеяч.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ http://www.myadel.minsk-region.by/ru/predsed-ru/
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Минского областного Совета депутатов от 29 сентября 2006 г. № 245 Об упразднении Дягильского, Лотвинского сельсоветов и изменении границ Слободского, Мядельского сельсоветов Мядельского района
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области Архівавана 19 верасня 2020.
- ↑ Беларусь, 1995
- ↑ Выстава-кірмаш «Камарова — Кола дзён 2015». Добрым людзям — добрае надвор’е і выдатнае свята (Фота і відэа) Архівавана 9 ліпеня 2015.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння // Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, 2020 г.
- ↑ Помнікі прыроды мясцовага значэння // Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, 2020 г.
Літаратура
- Мядзельскі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 507. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
- Інфармацыйна-гістарычны партал Мядзельскага раёна (руск.)
- Аляксадра Парахня. Традыцыйная стравы Мядзельшчыны непаўторныя сярод беларускіх Архівавана 2 снежня 2013. // «Рэгіянальная газета»
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мядзельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Мядзельскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Мядзельскага раёна Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Мядзельскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.