Брухавычы
Бруховічы ці Брухавычы[1] (укр.: Брюховичі) — пасёлак гарадскога тыпу ў складзе горада Львова, з 1957 года падпарадкаваны Львоўскаму гарадскому савету як частка Шаўчэнкаўскага раёна Львова, уваходзіць у склад Львоўскай аб’яднанай тэрытарыяльнай грамады і Львоўскай агламерацыі. Курортна-рэкрэацыйная мясцовасць.
Геаграфія
Пасёлак размешчаны ў цэнтральнай частцы Львоўскай вобласці і мяжуе на поўдні з горадам Львовам, на паўночным усходзе з сёламі Жоўкаўскага раёна Львоўскай вобласці — Малымі Грыбовічамі і Воляй-Гамулецкай, на захадзе з вёскай Яварыўскага раёна Львоўскай вобласці — Біркамі.
Бруховічы ляжаць на стыку Санска-Днястроўскай водападзельнай раўніны і Расточча. Праз паўночна-заходнюю частку пасёлка праходзіць Галоўны еўрапейскі водападзел, які падзяляе басейны вод Балтыкі і Чарнамор’я.
Разточча вузкай градой праходзіць з поўначы ў паўночна-заходнім кірунку, рэзка паніжаючыся да Бруховіцкай даліны, якая з’яўляецца складовай часткай Белагорька-Мальчыцкай даліны. Розныя віды рэльефу абумовілі вялікую разнастайнасць пейзажаў. Узвышша на 318-337 метраў маюць выгляд узгор’яў, парослых лесам. З усходу да пасёлка прылягае лес, з поўначы — лясны заказнік «Града». Глыбока ў Расточча ўразаецца даліна Галаско, дно якой пакрыта пяскамі.
Паўднёвая частка пасёлка — гэта забудаваная пасялковая тэрыторыя, паўночная частка — гэта зона санаторна-рэкрэацыйных устаноў, усходняя частка — зона рэкрэацыйных тэрыторый і пасялковага цэнтра.
Гісторыя
Упершыню паселішча згадваецца ў дакументах за 1440 г. Граматай караля Уладзіслава, датаванай 21 ліпеня 1444 г. было дазволена засяляць «кметям, земляробам і корчмарям» землі на беразе ракі Брухаўчанкі. Менавіта назва ракі і дала назву новаму паселішчу.
Бруховічы засталіся ў складзе Эканоміі маёнткаў Львова да 1862 г. Горад атрымаў прыбыткі ад мясцовых лясоў, млыноў і каменяломняў. У 1886 г. праз Бруховічы пракладзена чыгунка Львоў—Белжац, што стала стымулам для стварэння ў сяле дамоў адпачынку і віл для заможных львавян. На месцы пяшчаных выдмаў высаджвалі сосны, што палепшыла рэкрэацыйныя ўмовы мясцовасці. У 1891 г. створана Таварыства ўласнікаў нерухомасці ў Бруховічах, якое спрабавала захаваць бліжэйшыя лясныя ландшафты. У 1898 г. выдзелена 24 моргі лесу паблізу чыгуначнай станцыі для стварэння лесапарку. У 1867 і 1899 г. было пабудавана дзве рымска-каталіцкія драўляныя капліцы, якія былі знішчаны пажарам у час Другой сусветнай вайны. Ад 1889 г. Бруховічы пачалі развівацца як рэкрэацыйная зона Львова, пасёлак быў уключаны ў афіцыйны спіс кліматычных курортаў.
У 1996 г. пастановай ўрада Украіны быў пацверджаны статус курортна-рэкрэацыйнай мясцовасці Бруховічаў.
У траўні 1999 г. назвк пасёлка можна было прачытаць на старонках усіх газет свету. Прэзідэнты дзевяці краін Цэнтральнай Еўропы выбралі горад Львоў месца сустрэчы, на якой абмяркоўваліся асноўныя праблемы цэнтральна-еўрапейскага рэгіёну. 15 траўня ўдзельнікі саміту ў рамках праграмы сустрэчы любаваліся краявідамі Бруховічаў з маляўнічай «Калыбы».
З 1990-х гг. пачалася масавая забудова ўсходняй частцы пасёлка індывідуальнымі катэджамі, якую мясцовыя жыхары называюць «Полем цудаў».
Транспарт
Чыгуначная станцыя Бруховічы звязаная прамой чыгункай з Равай-Рускай і Львовам. Праз пасёлак курсіруюць наступныя львоўскія гарадскія аўтобусныя маршруты: №8 Львоў (Плошча Святога Тэадора) — Брюховичи (вул. Курортная), №22 Львоў (Плошча Святога Тэадора) — Брюховичи (вул. Пад Асавою), №54 Боркі (школа-інтэрнат) — Львоў (Праспект Чырвонай Каліны), №144 Ясныска — Львоў (Царква Святой Ганны).
Галерэя
- Увядзенская царква
- вул. Львоўская
- Дом паломніка
- Чыгуначны вакзал
- Новабудоўлі
- Львоўскі філіял
Акадэміі кіравання - вул. Смалістая
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Львоўскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.