Львоўская агламерацыя
Львоўская агламерацыя — монацэнтрычная гарадская агламерацыя з насельніцтвам каля 1,2 млн чалавек. Самая вялікая ў Заходняй Украіне.
Склад
У складзе Львоўскай агламерацыі некалькі населеных пунктаў: горад Львоў, тры малых гарадскіх населеных пункта (горад Віннікі, мястэчкі Бруховічы і Рудна), якія падпарадкоўваюцца Львоўскаму гарадскому савету, а таксама горад Дубляны. Ва ўсіх гэтых паселішчах пражывае разам каля 1,2 млн чалавек.
Акрамя гэтага, у склад Львоўскай агламерацыі можна уключыць частку паселішчаў з бліжэйшых да Львова адміністрацыйных раёнаў: Пустамыціўскага, Гарадоцкага, Яварыўскага, Жоўкіўскага і Каменка-Бугскага.
З жылой забудовай Львова амаль зліваюцца горад Дубляны і сельскія паселішчы Сакольнікі Пустамыціўскага раёна, Сальніца, Зубра, Давыдаў, Лысынычы, Зымна Вада (найбольшае сельскае паселішча ў Львоўскай вобласці, адно з найбольшых сельскіх паселішчаў ва Украіне), Лапаіўка, а таксама сяла Малехаў Жоўкіўскага раёна. Амаль усе гэтыя вёскі размешчаныя ўздоўж асноўных аўтамабільных трас, якія вядуць да Львова, і ўжо працяглы перыяд з’яўляюцца зонамі актыўнага гаспадарчага асваення. Большасць з іх размешчана ўнутры Львоўскай кальцавой дарогі, якая абмяжоўвае Львоў на ўсходзе, поўдні і захадзе. Насельніцтва гэтых сельскіх паселішчаў знаходзіцца ў цеснай сувязі з абласным цэнтрам. Эканамічна, арганізацыйна, культурна яны таксама імкнуцца да Львова.
Прыблізная статыстыка:
- Насельніцтва — 1229 тыс. чалавек (47,5 % насельніцтва Львоўскай вобласці).
- Плошча — 5390 км.
- Шчыльнасць насельніцтва — 228 чалавек/км².
Гісторыя развіцця агламерацыі
Львоўская гарадская агламерацыя з’яўляецца адной з найбольшых і найстарэйшых па часе фарміравання агламерацый Украіны. Цэнтр агламерацыі, Львоў, на працягу некалькіх стагоддзяў быў найбуйнейшым горадам ва Украіне. Канчатковае фарміраванне Львоўскай гарадской агламерацыі адбылося ў 1870-х гадах, калі з прычыны даволі хуткага эканамічнага развіцця колькасць жыхароў Львова і навакольных урбанізаванных паселішчаў перавысіла 100 тысяч чалавек.
Тэрытарыяльна Львоў асабліва хутка развіваўся ў савецкі перыяд, калі яго тэрыторыя пастаянна павялічваліся за кошт навакольных сельскіх паселішчаў. У 1950—1970 гадах да Львова былі далучаныя Лысынычы, Кацельнікі, Боднараўка, Багданаўка, Горы, Каменка, Новыя Збоішчы, Калонія, Галасоўка, Скнылівак, Падсігноўка, Сыхаў, Старыя Збоішчы, Криўчыцы, Белагоршча. Эканамічнае развіццё Львова выклікала фарміраванне вакол яго ўрбанізаванай зоны, якая ахоплівала многа бліжэйшых сёлаў і некалькі гарадскіх паселішчаў. У прыватнасці, пачалося развіццё гарадскіх паселішчаў-спадарожнікаў. Некаторыя з іх існавалі яшчэ да Другой сусветнай вайны, тым не менш гэта былі ў асноўным невялікія сельскія паселішчы. У прыватнасці, найбольшым горадам-спадарожнікам Львова сталі Віннікі, якія развіваліся перш за ўсё як прамысловае мястэчка. Развіццё Дублянаў было звязана перш за ўсё з размяшчэннем тут Львоўскага сельскагаспадарчага інстытута. Бруховічы ўзмацнілі свае пазіцыі як рэкрэацыйны цэнтр, тут было пабудавана некалькі буйных санаторыяў, колькасць жыхароў мястэчка істотна павялічылася. На захад ад абласнога цэнтра паўстаў пасёлак Рудна.
Размешчаныя паблізу Львова гарады, у прыватнасці Гарадок, Жоўква, Пустомыты таксама развіваліся, але як цэнтры адміністрацыйных раёнаў. За 1959—1989 гады ва ўсіх адміністрацыйных раёнах паблізу Львова колькасць насельніцтва павялічылася.
Развіццё Львоўскай гарадской агламерацыі ў 1980-х гг. прывяло да таго, што колькасць яе насельніцтва, калі ўлічваць насельніцтва навакольнай урбанізаванай зоны, перавысіла 1 млн чалавек. Колькасць жыхароў Львова напярэдадні распаду СССР набліжалася да 800 тыс. чалавек. Дэмаграфічны крызіс 1990-х гг. прывёў да істотнага скарачэння колькасці жыхароў горада, але актывізацыя дэмаграфічнага і тэрытарыяльнага развіцця Львова аднавілася ў пачатку ХХІ ст.
Населеныя пункты агламерацыі з насельніцтвам больш за 10 тысяч чалавек
Населены пункт | Насельніцтва | Плошча | Шчыльнасць насельніцтва |
---|---|---|---|
Львоў | 729038 | 182,01 | 4003 |
Наваяварыўск | 29950 | 2,03 | 14753 |
Віннікі | 16517 | 6,67 | 2476 |
Гарадок | 15825 | 30 | 527 |
Мыкалаіў | 14824 | 5 | 2964 |
Жоўква | 13629 | 7,6 | 1793 |
Каменка-Бугская | 10921 | 8,63 | 1265 |
Дубляны | 10795 | 4,95 | 2180 |
Зымна Вада | 11500 | 4,56 | 2238 |
Літаратура
- Алфьоров М. А. Урбанізаційні процеси в Україні в 1945—1991 рр: Монографія/ М. А. Алфьоров — Донецьк: Донецьке відділення НТШ ім. Шевченка, ТОВ «Східний видавничий дім» 2012. — 552 с.
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.