Бяляеўка (вёска)
Бяля́еўка[1] (трансліт.: Bialiajeŭka, руск.: Беляевка) — вёска ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Залескага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
За 9 км на паўночны ўсход ад Чачэрска, 44 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Гомель — Жлобін), 75 км ад Гомеля.
На поўдні, захадзе і поўначы мяжуе з Чачэрскім біялагічным заказнікам.
Гідраграфія
На ўсходняй ускраіне пачынаецца і праз вёску цячэ рака Бяляеўка (прыток ракі Сож).
Транспартная сетка
Побач аўтадарога Палессе - Чачэрск. Планіроўка складаецца з 2 падзеленых ракой і злучаных мостам частак: паўночнай (выгнутая, амаль вуліца з шыротнай арыентацыяй з завулкамі) і паўднёвай (дугападобная, амаль паралельная да першай вуліца, уздоўж ракі). Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Выяўленыя археолагамі курганны магільнік (28 насыпаў, у 1,5 км на паўночны захад ад вёскі) і стаянка эпохі мезаліту (у 3 км на поўнач ад вёскі) сведчаць пра засяленне гэтых месцаў з даўніх часоў. Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XVIII стагоддзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1765 працаваў млын.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. Згодна рэвізскіх матэрыялаў 1859 ў валоданні графа Чарнышова-Круглікава. У 1871 годзе жыхары захапілі 500 дзесяцін памешчыцкага лесу, пра што граф І. І. Чарнышоў-Круглікаў паведамляў міністру ўнутраных спраў. З 1880 году дзейнічаў хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 года дзейнічалі школа граматы, хлебазапасны магазін, кузня, у Пакоцкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні. У 1909 годзе 787 дзесяцін зямлі, школа, млын.
У 1926 годзе працавала паштовае аддзяленне. З 8 снежня 1926 года да 1987 цэнтр Бяляеўскага сельсавета Чачэрскага, з 25 снежня 1962 Буда-Кашалёўскага, з 6 студня 1965 Чачэрскага раёнаў Гомельскай (да 26 ліпені 1930) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Ленінскі шлях», працавалі гамарня і сталярная майстэрня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны акупанты ў красавіку 1943 забілі 18 жыхароў, а 26-27 лістападзе 1943 спалілі 175 двароў і забілі 4 жыхароў. 38 жыхароў былі вывезены ў Германію на прымусовыя работы. 101 жыхар загінуў на фронце. У 1970 году цэнтр саўгаса «Бяляеўскі». Размешчаны 9-гадовая школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.
Насельніцтва
Колькасць
- 2004 год — 181 гаспадарка, 404 жыхары.
Дынаміка
- 1765 год — 24 гаспадаркі.
- 1897 год — 87 двароў, 664 жыхары (паводле перапісу).
- 1909 год — 99 двароў, 756 жыхароў.
- 1926 год — 172 двары, 951 жыхар.
- 1940 год — 180 двароў.
- 1959 год — 814 жыхароў (паводле перапісу).
- 1970 год — 205 двароў, 801 жыхар.
- 2004 год — 181 гаспадарка, 404 жыхары.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0330-6 ISBN 985-11-0302-0
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Чачэрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.