wd wp Пошук:

Валатава (вёска)

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Валатава (значэнні). Валатава́  (трансліт.: Valatava, руск.: Волотова) — былая вёска ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці. У 1974 годзе ўвайшла ў гарадскія межы Гомеля. Размешчана ў паўночна-ўсходняй частцы горада, у Чыгуначным раёне на беразе р. Валатава і старога рэчышча ракі Сож.

Этымалогія

Назва зафіксавана ў дакументах XIX ст. Калі выказаць здагадку, што гэта форма з’яўляецца першапачатковай (што найбольш верагодна), такая назва вёскі ўзыходзіць да слова «волат» — велікан, гігант. Па звестках беларускага этнографа Е. Р. Раманава, у XIX ст. у Валатаве існавалі легенды пра волатаў, якія жылі тут і з’яўляліся некаторым з мясцовых жыхароў. Ваколіца Валатоўка з цагельняй у складзе прыгарада Гомеля згадваецца ў кнізе «Волости и важнейшие селения Европейской России» (Вып. 5. Губернии Литовской и Белорусской областей. Спб., 1886). Гэта форма назвы дазваляе меркаваць яго паходжанне ад словы «валатоўка» — старадаўні курган (у XIX—XX стст. у наваколлях вёскі неаднаразова сустракаліся каменныя прылады працы і інш. археалагічныя старажытнасці)[1].

Гісторыя

З сярэдзіны XVI ст. вёска ў складзе Гомельскага староства. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў складзе Расійскай імперыі, у Пакалюбіцкай, Гомельскай воласцях Беліцкага, Гомельскага паветаў. У 1805—1817 гадах маляўнічасць наваколляў Валатавы прыцягнула ўвагу графа М. П. Румянцава, па яго ўказанні ў вёсцы была збудавана Мікалаеўская царква. Шлях па р. Сож ад парку да Валатавы стаў першым шпацырным маршрутам горада. У самай вёсцы па ўказанні Румянцава былі паселены немцы-каланісты, якія да пачатку 20 ст. зусім асіміляваліся[1].

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У снежні 1926 года вёску вярнулі БССР. З 8 снежня 1926 па 30 снежня 1927 года цэнтр сельсавета, пасля ў складзе Прудкоўскага сельсавета. З 16 ліпеня 1954 года ў Пакалюбіцкім сельсавеце Гомельскага раёна.

У 1974 годзе ўвайшла ў склад Гомеля[1]. У 1970-я гады распрацаваны праект аднайменнага жылога раёна на поўнач ад Валатавы, пасля забудовы якога вёску сталі называць Старая Валатава[1].

Забудова

Забудавана індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. У наш час, нягледзячы на блізкае суседства горада, Валатава захоўвае сельскі выгляд і маляўнічасць.

Славутасці

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Волотова // Гомель. Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн. : БелСЭ им. П. Бровки, 1991. — 528 с. ISBN 5-85700-054-8

Літаратура

  • Волотова // Гомель. Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн. : БелСЭ им. П. Бровки, 1991. — 528 с. ISBN 5-85700-054-8

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Гомеля Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Гомельскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be