Высокае
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Высокае (значэнні). Высо́кае[2] (трансліт.: Vysokaje; да 1939 года — Высо́ка-Літо́ўск) — горад раённага падпарадкавання ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Пульва. За 40 км ад Камянца, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск на лініі Брэст — Беласток. Аўтадарогі на Брэст, Пружаны. Самае заходняе гарадское паселішча Беларусі. Насельніцтва 5 113 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Першыя пісьмовыя згадкі пра паселішча пад назвай Высокі Горад з’яўляюцца ў XIV ст., у сувязі з тым, што яго наведваў вялікі князь Гедзімін.
У 1494 вялікі князь Аляксандр надаў Высокаму Магдэбургскае права і герб «у блакітным полі срэбная двухпавярховая, крытая дахоўкай вежа, з двума акенцамі і трыма брамамі»[4]. У XV ст. вялікі князь Вітаўт фундаваў тут касцёл[5]. У 1511 вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Высокае ў пажыццёвае валоданне Івану Храптовічу. Цягам XVІ ст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Пяткевічаў, Ёдкавічаў, Хлявіцкіх. У гэты час яна зрабілася цэнтрам дывановага і палатнянага ткацтва. У 1603 новы ўладальнік Высокага Андрэй Война-Грычынавіч заснаваў тут касцёл Найсв. Тройцы, які меў 44 аршыны даўжыні і 12 — шырыні. Найбольшы касцёльны звон насіў імя святых Пятра і Паўла.
З 1647 Высокім валодалі Сапегі, якія збудавалі тут замак. Фартэцыя значна пацярпела ў Трынаццацігадовую (1654—1667) і Вялікую Паўночную вайну (1700—1721). 16 снежня 1671 горада атрымала прывілей на правядзенне рэгулярных кірмашоў, якія цягнуліся 4 тыдні.
У 1748 замак і палац згарэлі, па чым Сапегі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў Слонім. У 1772 у Высокім на месцы касцёла XV ст. збудавалі капліцу Св. Барбары. У 1773—1785 на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада, у мясцовасці Марыямпаль, Аляксандр Міхал Сапега фундаваў кляштар баніфратаў (добрых братоў). Пры кляштары дзейнічаў шпіталь на 40 ложкаў[6]. Станам на 1788 цагельня, што працавала ў Высокім, давала 22 тыс. цэглы і 8 тыс. дахоўкі ў адзін абпал. Цягам 1794—1797 з ініцыятывы Францішка Сапегі дзейнічаў водны шлях у Гданьск.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Высокае апынулася ў складзе Расійскай імперыі[6], у Берасцейскім павеце Гродзенскай губерні (паводле іншых звестак да 1807 уваходзіла ў склад Прусіі[7]). Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1816 поруч з руінамі замка ўладальнікі Высокага Патоцкія ўзвялі палац і пашырылі парк за межы былога замкавага вала (яго плошча вырасла з 30 да больш за 50 га).
- Даўнія графічныя выявы Высокага
- Кляштар баніфратаў, XVIII ст.
- Палац і касцёл. Н. Орда, 1876
- Замак Сапегаў. Н. Орда, 2-я пал. XIX ст.
- Замак Сапегаў. Літаграфія з акварэлі Н. Орды
24 студзеня 1863 у часы нацыянальна-вызваленчага паўстання аддзел Рамана Рагінскага на пэўны час вызваліў Высокае з-пад расійскай улады. У 1869 царскія ўлады збудавалі ў мястэчку мураваную царкву-мураўёўку Узвышэння Св. Крыжа коштам сродкаў, канфіскаваных у паўстанцаў. Станам на 1886 у Высокім меліся аптэка, бальніца, паштовая станцыя, 2 гарбарныя заводы, 3 вадзяныя млыны, 102 крамы і 4 тракціры; рэгулярна праводзілася 15 кірмашоў і 2 базары. На 1889 у мястэчку дзейнічалі праваслаўная царква і касцёл, працавалі суконная фабрыка і 4 гарбарні. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 256 двароў, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, сінагога, 4 малітоўныя дамы, мужчынская і жаночая народныя вучэльні, яўрэйская школа, паштовае аддзяленне, лазня, канатны і знічкавы заводы, 4 ветракі, 8 кузняў, 14 абутковых, 13 кравецкіх, 8 сталярных, 4 шорныя майстэрні, 2 маслабойні, 108 дробных крамаў у гандлёвых радах і 13 пры дамах, 2 заезныя двары, 14 піцейных устаноў; кожны чацвер праводзіліся базары, 9 разоў на год кірмашы.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Высокае апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Статус паселішча павысілі да горада. 20 красавіка 1934 да яго далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — 3 прадмесці і двор маёнтку Высокае Літоўскае[8].
У 1939 Высокае ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам раёна. У Другую сусветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 28 ліпеня 1944 горада знаходзіла пад нямецкай акупацыяй. 17 красавіка 1962 паселішча ўвайшло ў склад Камянецкага раёна. 17 верасня 1973 года ў склад горада увайшоў хутар Пеначка Агародніцкага сельсавета[9].
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1830 год — 929 муж., з іх шляхты 3, духоўнага саслоўя 5, мяшчан-іўдзеяў 767, мяшчан-хрысціян і сялян 148, жабракоў 6[10]; 1886 год — 2 729 мяшчан і 284 іншыя жыхары[7]; 1889 год — 3 422 чал.[11]; 1897 год — 3 434 чал.
- XX стагоддзе: 1914 год — 3,8 тыс. чал.[12]; 1931 год — 2,8 тыс. чал.[13]; 1939 год — 6,1 тыс. чал.; 1959 год — 2,6 тыс. чал.; 1969 год — 3,8 тыс. чал.[14]; 1991 год — 5,1 тыс. чал.[7]
- XXI стагоддзе: 2006 год — 5,2 тыс. чал.[15]; 2008 год — 5,2 тыс. чал.; 2016 год — 5 164 чал.[16]; 2017 год — 5 113 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Высокага |
---|
|
Інфраструктура
Адукацыя
У Высокім працуюць каледж ПТК СП, сярэдняя і санаторная школы, навучальна-вытворчы камбінат, дашкольная ўстанова.
Медыцына
Медыцынскыя паслугі надае гарадская бальніца.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
Славутасці
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, збудаваны на сродкі Андрэя Войны. У касцёле захоўваліся труны з пахаваннямі роду Сапегаў. Будынак атрымаў пашкоджанні ў Другую Сусветную вайну, а пазней яго перабудавалі на спартыўную залю. Касцёл вярнулі каталіцкай царкве ў 1990 годзе.
- Каталіцкая капліца Святой Барбары, збудаваная ў 1772 годзе на высокім беразе ракі Пульвы. У Другую Сусветную вайну выкарыстоўвалася ў якасці крамы. Унутры капліцы роспісы расліннымі арнаментамі і мілітарнымі матывамі.
- Палацавы комплекс Патоцкіх, збудаваны ў 1816—1820 гадах. Захаваўся ўнутраны інтэр’ер і рэшткі мастацкага аздаблення. Каля палаца знаходзяцца дзве прыбудовы і комплекс гаспадарчых пабудоў. У Другую Сусветную вайну палацавы комплекс выкарыстоўваўся ў якасці сядзібы пагранічнікаў, пазней — у якасці школы і інтэрнату. Цяпер палац пусты і закінуты.
- Пейзажны парк, закладзены ў XVIIІ ст. На тэрыторыі парку захаваліся рэшткі падмуркаў і земляныя ўмацаванні старога замка Сапегаў (XVII ст.). На прылеглай тэрыторыі збудаваны спартыўны стадыён.
Іншыя выдатныя мясціны: яўрэйская школа (XVII—XVIII стст.); капліца прыдарожная (1909); кляштар баніфратаў (1785); могілкі старыя каталіцкія; сінагога; Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1869).
Галерэя
- Краявіды Высокага
- Замак Сапегаў
- Касцёл Найсв. Тройцы
- Капліца Св. Барбары
- Палац, флігель
- Царква
- Даўняя камяніца
- У цэнтры горада
Вядомыя асобы
- Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
- Трафім Назаравіч Ляшук (1902—1962) — дзеяч беларускай дыяспары ў Аргенціне.
- Павел Канстанцінавіч Лыжын (нар. 1981) — беларускі лёгкаатлет.
- Уладзіслаў Юрый Халецкі (1606—1668) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Нарадзіўся ў фальварку Ваганаў, які ўвайшоў у межы Высокага.
- Юзаф Харытон (1912—1975) — мастак.
- Яўген Станіслававіч Окалакулак (нар. 1957) — беларускі ўрач-анатом. Доктар медыцынскіх навук (2005), прафесар (2005).
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Высокае // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Грынявецкі В. Высокае // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 469. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- 1 2 Грынявецкі В. Высокае // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 470. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- 1 2 3 А. С. Барысавец, В. А. Міронаў. Высокае // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 373.
- ↑ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 18 kwietnia 1934 r. o zmianie granic miasta Wysokiego Litewskiego w powiecie brzeskim, województwie poleskiem, Dz. U. Nr 34, poz. 318 (польск.)
- ↑ Рашэнне выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 17 верасня 1973 г. // Зборнік законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 10 (1420).
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 412.
- ↑ Высоко-Литовск // Высокае // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- ↑ Высокое (Высокае, Vysokoe) на Гербы Брестской области
- ↑ Високе // Енциклопедія українознавства(укр.) бел.. У 10-х томах. / Головний редактор Володимир Кубійович(руск.) бел.. — Париж, Нью-Йорк: «Молоде життя(укр.) бел.»-«НТШ(руск.) бел.»; 1954—1989, 1993—2000.
- ↑ Высокое // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ↑ Высокое // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Высокае // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 181. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. — Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004. — 576 с. ISBN 985-11-0305-5.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
- Wysokie Litewskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895. S. 134—137.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Высокае
- Геаграфічныя звесткі па тэме Высокае на OpenStreetMap
- Мястэчка Высокае на Radzima.org
- Высокае — парафія Найсвяцейшай Тройцы на Catholic.by* Высокае на сайце «Каменец и окрестности» (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Аршанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Бярозаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Валожынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Вяземскага раёна (Смаленская вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты Гагарынскага раёна (Смаленская вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты Ельнінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Ельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Камянецкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Клімавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Крупскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Маларыцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Манастыршчынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Навадугінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Пінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Рагачоўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Сафонаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Смаленскага раёна (Смаленская вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты Смалявіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Столінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Талачынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Угранскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Холм-Жыркоўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Чавускага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Шклоўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.