wd wp Пошук:

Вялікі Берлін

Горад Берлін да (чырвоны) і пасля (ружовы) 1920 года

Вялікі Берлін (ням.: Groß-Berlin) — абазначэнне тэрыторыі Берліна ў яго сучасных межах, якія ўзніклі ў 1920 годзе. Пазней былі зроблены некаторыя тэрытарыяльныя карэктуры, але ў цэлым межы Берліна засталіся з 1920 года нязменнымі.

Перадгісторыя

1 сакавіка 1816 года ў правінцыі Брандэнбург каралеўства Прусія былі вылучаны тры адміністрацыйныя акругі: Берлінская, Патсдамская і Франкфурцкая. Берлінская адміністрацыйная акруга (ням.: Regierungsbezirk Berlin) складалася з горада Берліна і яго наваколляў — гарадоў Шарлотэнбург і Ліхтэнберг, і паселішчаў Штралау і Гезундбрунен. Праз шэсць гадоў, 1 студзеня 1822 года з фінансавых меркаванняў Берлінская адміністрацыйная акруга была ліквідавана і яе тэрыторыя была ўключана ў Патсдамскую адміністрацыйную акругу правінцыі Брандэнбург. Пры гэтым сам горад Берлін утварыў гарадскую акругу (ням.: Stadtkreis). Тэрыторыі, размешчаныя на поўнач ад Шпрэе, засталіся ў акрузе Нідэрбарнім, а тэрыторыі на поўдзень ад Шпрэе — у акрузе Тэльтаў-Шторкаў.

З развіццём індустрыялізацыі Германіі горад Берлін пачаў імкліва расці. Ужо з 1820 года вяліся дыскусіі пра ўваходжанне ў склад Берліна прылеглых сельскіх паселішчаў Моабіт і Ведынг, якія ўваходзілі ў акругу Нідэрбарнім, горада Шонеберг і сельскага паселішча Тэмпельгоф, якія ўваходзілі ў акругу Тэльтаў. Пасля шматлікіх дыскусій 28 студзеня 1860 года было прынята рашэнне аб уваходжанні гэтых чатырох тэрыторый у склад Берліна з 1 студзеня наступнага года.

У 1875 годзе выказваліся прапановы вылучыць са складу правінцыі Брандэнбург, куды ўваходзіў тады Берлін, новую правінцыю Берлін, якую прапанавалася ўтварыць з гарадоў Берлін, Шарлотэнбург, Шпандау і Кёпенік, а таксама акруг Тэльтаў і Нідэрбарнім. Аднак гэтыя прапановы не былі зацверджаны. У 1881 годзе Берлін ўсё ж быў вылучаны з правінцыі Брандэнбург і атрымаў правы самастойнай правінцыі, хоць афіцыйна новай правінцыі ўтворана не было.

Закон аб утварэнні Вялікага Берліна

Пашырэнне Берліна паводле Закона аб Вялікім Берліне (1920)

Закон аб пашырэнні межаў Берліна (так званы «закон аб Вялікім Берліне», ням.: Groß-Berlin-Gesetz быў прыняты 27 красавіка прускім ландтагам (164 — «за», 148 — «супраць») і набыў моц 1 кастрычніка 1920 года. Паводле гэтага закона, у склад горада Берліна ўключаліся шэсць былых самакіравальных гарадоў: Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Шонеберг, Берлін-Вільмерсдорф (у 1912 годзе тры прыгарада Берліна, якія ўшчыльную прылягалі да яго, — Ліхтэнберг, Шонеберг і Вільмерсдорф ужо атрымалі прыстаўку «Берлін»), Шарлотэнбург, Нойкёльн і Шпандау. Акрамя таго, да тэрыторыі Берліна далучаліся Нідэрбарнім, Остгафельланд і Тэльтаў, гарадская абшчына Кёпенік, 59 сельскіх абшчын і 27 маёнткаў, якія адышлі ад прылеглых раёнаў. Акрамя таго, у Берлін увайшоў зямельны ўчастак з Берлінскім Гарадскім палацам, які дагэтуль з’яўляўся прыватным маёнткам і адміністрацыйна не належаў Берліну.

Да насельніцтва старога Берліна ў 1,9 млн чалавек на момант выхаду закона дадалося яшчэ каля 1,9 млн жыхароў, у тым ліку 1,2 млн чалавек з 7 былых самастойных гарадоў. Такім чынам, вобласць Берліна павялічылася з 66 км² да 878 км², і горад ператварыўся ў трэці па колькасці насельніцтва горад у свеце пасля Лондана і Нью-Ёрка.

Ва ўзніклым Вялікім Берліне было ўтворана 20 гарадскіх раёнаў. Са старога Берліна ўтварыліся раёны: Мітэ, Тыргартэн, Ведынг, Прэнцлаўэр-Тор, Галешэс-Тор і Фрыдрыхсгайн (з вёскай Штралау). З ізноў далучаных гарадоў і сельскіх абшчын былі ўтвораны раёны Шарлотэнбург, Шпандау, Вільмерсдорф, Шонеберг, Нойкёльн, Кёпенік, Ліхтэнберг, Панкаў, Райнікендорф, Штэгліц, Цэлендорф, Тэмпельгоф, Трэптаў і Вайсензэе, якія атрымалі назвы па найбольш буйных адміністрацыйных адзінках, якія ўваходзілі ў іх.

Змены пасля 1920 года

Гл. таксама

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Раёны Берліна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be