Гайнаўка
Га́йнаўка (польск.: Hajnówka) — горад у Польшчы, адміністрацыйны цэнтр Гайнаўскага павета Падляскага ваяводства. Утварае гарадскую гміну, таксама з’яўляецца сядзібай вясковай гміны Гайнаўка.
Знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад Беластока, каля заходняй ускраiны Белавежскай пушчы, на тэрыторыі Усходняй Беласточчыны.
Колькасць насельніцтва — 22,2 тыс. чал. (2005)
Гісторыя
Рэч Паспалітая
- 1589 — тэрыторыя ўвайшла ў склад сталовых уладанняў караля Рэчы Паспалітай.
- 1639 — Соймавая ардынацыя пастанавіла заснаваць каралеўскія вартоўні дзеля аховы пушчы.
- 1670 — ва ўрочышчы Скарбаслаўка паўстала варта (цяпер раён Гайнаўкі Пляцоўка).
- 1679 — у варце неслі службу 7 егераў і 2 асочнікі, якія таксама пільнавалі Каралеўскі тракт да каралеўскага двара ў Белавежы
- XVIII стагоддзе — ва ўрочышчы Скарбаслаўка служыў каралеўскі вартаўнік іменем Гейна або Гайна — імаверна, немец з паходжання.
Расійская імперыя
- 1795 — пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай да падпісання Тыльзіцкага дагавора 1807 года па тэрыторыі сучаснага горада праходзіла граніца паміж прускім і расійскім падзеламі.
- XIX стагоддзе — каля сядзібы вартаўніка паўстае вёска.
- 23 мая 1831 — каля Гайнаўшчыны паўстанцкі аддзел генерала Дэзідэрыя Хлапоўскага атрымаў перамогу ў бітве з расійскімі войскамі.
- 1846 — утворанае Гайнаўскае лясніцтва.
- 1863 — у ваколіцах адбываюцца бітвы Студзеньскага паўстання.
- 1888 — Белавежская пушча ўвайшла ў склад царскіх уладанняў.
- 1894 — да Гайнаўкі пракладзеная чыгунка з Бельску Падляскага.
- 1897 — чыгунка працягнутая да палаца ў Белавежы.
- 1900 — будаўніцтва шашы Бельск Падляскі — Белавежа.
- 1909 — будаўніцтва чыгуначнай лініі на адцінку Седльцы — Ваўкавыск. Гайнаўка налічвае 600 жыхароў.
- 1915 — адступленне расійскага войска і эвакуацыя часткі насельніцтва, гайнаўская варта спаленая.
- 1915—1918 — немцы займаюцца вывазам драўніны; збудаваныя два тартакі, пякарня, пральня, лазня, казіно, кінатэатр, фабрыка сухой дыстыляцыі драўніны, дэпо і сеткі вузкакалейных чыгунак.
Міжваенная Польшча
- люты 1919 — Гайнаўка ўвайшла ў склад Польшчы. Насельніцтва — 118 жыхароў.
- 1920 — польска-савецкая вайна, 27 жніўня ля дарогі да Белавежы адбылася сутычка разведаддзела 1-й беларуска-літоўскай дывізіі генерала Яна Жандкоўскага з савецкім бронецягніком 48-й стралковай дывізіі.
- 3 мая 1923 — заснаванне каталіцкай парафіі і прыстасаванне нямецкага кінатэатра пад капліцу.
- 1924 — англійская фірма «The Century European Timber Corporation» набывае тартакі і лясныя чыгункі. У Гайнаўку адбываецца вялікі наплыў рабочых.
- 24 сакавіка 1924 — першы страйк на тэрыторыі хімічнай фабрыкі распачаў хвалю выступаў рабочых, якая трывала з перапынкамі да верасня 1939 года.
- 1925 — першая праваслаўная капліца. У Гайнаўцы налічваецца каля 4000 жыхароў, 70 % з якіх складаюць палякі, астатнія — беларусы, яўрэі, рускія, немцы.
- 1929 — польскія ўлады касуюць дагавор з англійскай «Цэнтурай» па прычыне рабаўніцкай эксплуатацыі пушчы.
- 1930 — чатыры гайнаўскія фабрыкі забяспечваюць працай амаль 2000 супрацоўнікаў.
- 1934 — вёска становіцца сядзібай гміны ў складзе Бельскага павета.
- 9 сакавіка 1936 — капліца спаленая бальшавікамі; пачатак будаўніцтва новай.
- 1939 — у Гайнаўцы налічваецца 17 тысяч жыхароў. Дзейнічаюць Дзяржаўная школа драўнянай прамысловасці, 3 сярэднія школы, гімнастычнае таварыства «Сокал», атэль, два кінатэатры, аптэка, бібліятэка, тэатральная суполка.
- 17 верасня 1939 — бітвы з немцамі падчас абарончай вайны, бамбарзіроўка ваколіц пілотамі люфтвафэ чыгуначнага вакзала. Праз некалькі дзён Гайнаўка перададзеная СССР.
- 27 верасня 1939 — аддзелы 10-й арміі бальшавікоў захапілі склады ўзбраення ў раёне Гайнаўкі, узялі ў палон 125 польскіх салдат і двух афіцэраў.
- кастрычнік 1939 — чэрвень 1941 — савецкая акупацыя.
- 10 лютага 1940 — дэпартацыя ў Сібір 462 жыхароў Гайнаўкі.
- 25 чэрвеня 1941 — Гайнаўка занятая нямецкімі войскамі. Адразу была спалена сінагога, кінатэатр «LUX», рэстарацыя і атэль Гурскага.
- верасень 1941 — перасяленне яўрэяў у пружанскае гета.
- 17 верасня 1943 — расстрэл 104 жыхароў Гайнаўкі (у тым ліку жанчын з дзецьмі).
- ліпень 1944 — немцы знішчылі чыгуначны вакзал[1] і воданапорныя вежы.
- 18 ліпеня 1944 — Чырвоная армія заняла Гайнаўку.
Польская Народная Рэспубліка
- 1944 — у Гайнаўцы засталося 8 тысяч жыхароў.
- красавік — май 1945 — у ваколіцах дзейнічаў аддзел 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай пад камандаваннем маёра Зыгмунта Шэндэляжа «Лупашкі».
- 20 красавіка 1945 — салдаты Грамадзянскай Арміі Краёвай раззброілі пастарунак камуністычнай міліцыі.
- 15 мая 1945 — патруль 1 швадрону 5-й Віленскай брыгады АК раззброіў пастарунак чыгуначнай аховы ля помпы на чыгуначнай станцыі
- 28 студзеня 1946 — 3-я Віленская брыгада Нацыянальнага ваеннага задзіночання захапіла горад і раззброіла пастарунак Грамадзянскай міліцыі і Чырвонай арміі.
- 23 чэрвеня 1946 — уведзена ў эксплуатацыю знішчаная за нямецкай акупацыяй чыгунка да Белавежы.
- 1948 — пачатак будаўніцтва каталіцкага касцёла, скончанага толькі ў 1965 годзе з прычыны супраціву камуністычных улад.
- 1951 — атрыманне статусу горада.
- 1954 — Гайнаўка стала цэнтрам павета.
- 1975 — горад перастаў быць цэнтрам павета.
- 1979 — запушчаная першая аўтобусная лінія.
- 1981 — будаўніцтва праваслаўнай Троіцкай царквы.
- 3 снежня 1984 — адкрытае чыгуначнае злучэнне да Белавежы.
- верасень 1985 — адкрыты помнік абаронцу горада ў 1939 годзе Баляславу Бервячонку.
- 9 верасня 1986 — уведзены ў эксплуатацыю новы чыгуначны вакзал.
- 1989 — распушчаныя камітэты Польскай аб’яднанай рабочай партыі і Аб’яднанай народнай партыі.
Сучасная Польшча
- 1993 — ліквідацыя чыгуначнага злучэння са станцыямі Белавежа-Палац і Бельск Падляскі.
- 1995 — пачата будаўніцтва яшчэ двух праваслаўных храмаў: Нараджэння святога Яна Хрысціцеля і святога Дзмітрыя Салунскага.
- 1 студзеня 1999 — Гайнаўка зноў стала цэнтрам павета.
- 2000 — пачатак будаўніцтва касцёла пад тытулам святых Кірыла і Мяфодзія.
- 2003 — пачатак будаўніцтва касцёла і кляштара Аб’яднання сёстраў-кларысак.
- 2004 — ліквідацыя пасажырскіх цягнікоў на чыгунцы Гайнаўка — Цісаўка.
- 21 чэрвеня 2007 — гарадскі савет ухваліў увядзенне беларускай мовы ў якасці дапаможнай.
- 2008 — адкрыты касцёл Святых Кірыла і Мяфодзія.
- жнівень 2010 — адкрыты касцёл Аб’яднання сёстраў-кларысак.
- 18 жніўня 2012 — візіт патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Сабор Святой Тройцы.
Гаспадарка
Гайнаўка — значны прамысловы цэнтр, вузел чыгунак i аўтамабiльных дарог.
Шмат фірм, вялікіх і дробных, займаецца тут дрэваапрацоўкай. Сярод іх: буйнейшае прамысловае прадпрыемства Гайнаўкі — дрэваапрацоўчы камбінат «Furnel», мэблевая фабрыка «Nikom» і інш. Гэтыя прадпрыемствы вырабляюць піламатэрыялы, разнастайную мэблю, летнія домікі, будаўнічыя дэталі, дравесны вугаль, тару, а таксама драўляную галантарэю. Шмат што з гэтай прадукцыі служыць прадметам экспарту. Прадпрыемствы машынабудавання выраблюць машыны і абсталяванне для лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, абагравальнае абсталяванне, трактары. Прадпрыемства будаўнічай керамікі «Lewkowo» з’яўляецца буйнейшым вытворцам керамікі на Падляшшы. Гайнаўскі павет добра вядомы экалагічна чыстымі харчовымі прадуктамі: малочнымі, мяснымі, кандытарскімі.
Дзякуючы прыгранічнаму становішчу Гайнаўскага павета і наяўнасці чыгуначных шляхоў, што вядуць у Беларусь, у павеце працуюць гандлёвыя фірмы, якія займаюцца імпартам удабрэнняў, дрэва, прыроднага газу.
Размяшчэнне Гайнаўкі ля самай мяжы Белавежскай пушчы спрыяла таму, што ў 2001 тут адкрыўся філіял Беластоцкага палітэхнічнага інстытута, дзе рыхтуюць спецыялістаў у галіне аховы прыроды і гаспадарчай дзейнасці на ахоўваемых прыродных тэрыторях.
Помнікі
- Фабрычныя будынкі пач. ХХ ст.
- Касцёл Узнясення Святога Крыжа (ХХ ст.) са знакамітым арганам з ХІХ ст.
- Царква Святой Тройцы (1981—1983) — адзін з найцікавейшых паводле архітэктурнага вырашэння храмаў. Лічыцца самым вялікім праваслаўным храмам на тэрыторыі Польшчы (адначасова можа змясціць 5000 вернікаў).
Беларусы ў Гайнаўцы
Паводле вынікаў перапісу насельніцтва 2002 у Гайнаўцы самая вялікая ўдзельная вага беларусаў сярод усіх гарадоў Польшчы.
У шэрагу школ і гімназій Гайнаўкі сотні дзяцей як дадатковы прадмет вывучаюць беларускую мову (Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы). Акрамя таго, у Гайнаўцы дзейнічаюць гімназія і ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы, дзе гэты прадмет з’яўляецца абавязковым.
Гайнаўка — адзiн з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. У 1990 была адкрыта першая экспазіцыя Гайнаўскага музея помнiкаў беларускай культуры. Цяпер музей мае 3 будынкi, 6 экспазiцыйных залаў, кiназалу, бiблiятэку, гатэль. У музейнай экспазіцыі прадстаўлены сельскагаспадарчыя прылады працы, творы народнага мастацтва i культурныя здабыткi беларусаў у Польшчы.
Царква Святой Тройцы — месца правядзення штогадовага міжканфесійнага фестывалю царкоўнай музыкі, лаўрэатамі якога шматразова станавіліся калектывы з Беларусі.
Вядомыя асобы
- Міхал Андрасюк
- Катажына Бонда (нар. 1977) — польская пісьменніца беларускага паходжання
- Наталля Герасімюк
- Міра Лукша
Зноскі
- ↑ Hajnówka / 01 (польск.) . Wyburzone.pl. Праверана 14 лютага 2013.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гайнаўка
- Афіцыйная старонка
Катэгорыя·Населеныя пункты Гайнаўскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.