Ваўкавыск
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ваўкавыск, значэнні.
Ваўкавы́ск[2] (афіц. транс.: Vaŭkavysk) — горад раённага падпарадкавання ў Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Ваўкавыскага раёна, на р. Рось. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Вялікую Бераставіцу, Свіслач і аўтамабільных дарог на Масты, Слонім, Ружаны, Вялікую Бераставіцу. Насельніцтва 44 004 чал. (2018)[3].
Назва
Тапонім «Ваўкавыск» утварыўся ад назвы рэчкі Ваўкавыі[4]. Таксама існуе меркаванне, што назва горада мае славянскае паходжанне і ўтварылася ад дзвюх асноваў. Значэнне першай «воўк» не выклікае сумневаў, другая з’яўляецца не зусім зразумелай: «выя» (старадаўнерускае «шыя»), «выць» або «высь» (вышыня). На думку географа В. Жучкевіча, «высь» — пераробка з «выйску». Паводле Ю. Сташэўскага, назву паселішчу надалі паводле наймення служылых людей вялікага князя, якія ў часе палявання мусілі выць па-воўчаму і такім чынам прыцягваць ваўкоў[5].
Варыянты напісання назвы горада ў гістарычных крыніцах: Волковысекъ, Вълковысек, Волковыйск[6].
Гісторыя
Высокае Сярэднявечча
Гарадзішча старажытнага Ваўкавыска складаецца з дзвюх пляцовак — Шведскай гары і Замчышча. На падставе звестак раскопак устаноўлена, што паселішча на Шведскай гары было заснавана ў сярэдзіне або другой палове X ст. Пачатак жыцця на Замчышчы адносіцца да рубяжа X—XI ст. Прыкладна ў гэты час было заселена гарадзішча Муравельнік, якое размешчана за 0,5 км на ўсход ад Шведскай гары. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра яго змяшчаецца ў рукапісным патэрыку «Туровской епископи заветъ блаженного Владимира» і датуецца 1005 годам. Пастанова мясцовых уладаў ад 1994 афіцыйна замацавала гэту дату як афіцыйны час заснавання горада[7].
Паселішча на Шведскай гары першапачаткова не было ўмацавана валам. Ён быў насыпаны ў канцы X ст. Шведская гара стала дзядзінцам. У пачатку XII ст. валам было ўмацавана Замчышча (гарадскі пасад) і яно ператварылася ў вакольны горад. На Замчышчы пачалося будаўніцтва цаглянага храма, якое па нейкіх прычынах было спынена на стадыі закладкі фундамента. Умацаванае паселішча на Шведскай гары першапачаткова з’яўлялася крэпасцю, якой кіраваў пастаўлены князем пасаднік. Пазней крэпасць стала замкам, дзе жылі сам князь, знаць, дружына.
Да сярэдзіны XII ст. канчаткова склалася тапаграфія старажытнага Ваўкавыска. На захад ад дзядзінца знаходзіцца ўмацаваны вакольны горад, заселены ў асноўным рамеснікамі, а вакол абедзвюх пляцовак размяшчаюцца неўмацаваныя паселішчы чорнага люду — бяднейшых рамеснікаў і прышлых людзей. Што датычыць Муравельніка, то жыццё на гэтым гарадзішчы спынілася.
Пад 1252 Ваўкавыск упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як памежная крэпасць, сталіца удзельнага княства. Гэтую дату падаюць як першы пісьмовы ўпамін пра горада сучасныя энцыклапедычныя даведнікі[4][8]. У 1258 паселішча захапіў князь галіцкі Даніла Раманавіч.
Вялікае Княства Літоўскае
У другой пал. XIII ст. Ваўкавыск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе знаходзіўся ў валоданні вялікіх князёў Кейстута (2-я палова ХІV ст.), потым яго сына Вітаўта[8]. У ХІV—ХVII стст. тут, імаверна, існаваў замак. У канцы ХІV ст. Ваўкавыск стаў сталіцай павета[8]. 16 сакавіка 1410 года тэўтонскія рыцары на чале з вялікім магістрам Ульрыха фон Юнгінгена авалодалі Ваўкавыскам, магчыма, яны імкнуліся захапіць Вітаўта, які ў гэты час знаходзіўся ў Слоніме. 15 ліпеня 1410 года Ваўкавыская харугва брала ўдзел у Грунвальдскай бітве. У 1430 вялікі князь Вітаўт заснаваў у горадзе касцёл Святога Мікалая.
У 1503 вялікі князь Аляксандр надаў Ваўкавыску магдэбургскае права, з гэтага часу гараджане карысталіся гербам: «у блакітным полі выява галавы ваўка»[9]. У 1507 годзе горад увайшоў у склад Новагародскага ваяводства. У 1513 г. у Ваўкавыску 9 вуліц, горад плаціў у дзяржаўную скарбніцу 20 коп грошаў, аднолькава з Новагародкам і Слонімам[8]. З 1536 г. вядома Прачысценская царква.
Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. Ваўкавыск двойчы, у 1655 і 1662, захоплівалі і бурылі расійскія войскі. Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гг. у сакавіку 1706 г. горад захапілі і разрабавалі шведы. У 1736 г. на сродкі Е. Ліноўскага ў Ваўкавыску размясцілася езуіцкая місія, у 1747 пры ёй адкрылася школа, у 1753 г. пачалося будаўніцтва касцёла. У другой палове XVIII ст. ў горадзе дзейнічалі піяры і марыявіткі. У 1792 г. каля 1000 дамоў, дзейнічалі касцёл і уніяцкая царква. Падчас паўстання 1794 года быў заняты паўстанцамі, моцна пацярпеў у ходзе баёў з расійскім войскам.
Расійская імперыя
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ваўкавыск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе застаўся цэнтрам павета. У 1795—1861 у горадзе працавалі 4 суконныя мануфактуры.
У пачатку вайны 1812 года ў Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-ім Заходнім расійскім войскам генерала Пятра Баграціёна. З чэрвеня да 3 (15) лістапада горад заняты французскім войскам, разбураны.
У 1844 годзе ў Ваўкавыску існавалі драўляныя касцёл і царква, прыходскае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка. У 1845 горад атрымаў новы расійскі герб. Станам на 1860 год у Ваўкавыску было 492 дамы, 2 школы, касцёл Святога Вацлава, царква, 7 іўдзейскіх малітоўных дамоў, сінагога, цагельня, гарбатня, 2 млыны, бальніца, 58 крамаў. У 1885 праз горад прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток; адкрылася чыгуначная станцыя. На 1891 у Ваўкавыску працавалі 19 прамысловых прадпрыемстваў.
Найноўшы час
У 1907 горад ператварыўся ў буйны чыгуначны вузел. У Першую сусветню вайну з 1915 да 1918 года Ваўкавыск займалі нямецкія войскі. У 1919—1920 горад займалі польскія войскі і бальшавікі.
Пасля савецка-польскай вайны, згодна з Рыжскім мірным дагаворам у 1921 годзе Ваўкавыск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павета Беластоцкага ваяводства. На 1939 у месце працавалі чыгуналіцейны завод, 2 лесапільні, 2 цагельні, іншыя дробныя прадпрыемствы.
У 1939 годзе Ваўкавыск увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 стаў цэнтрам раёна Беластоцкай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 14 ліпеня 1944 горада знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Акупанты знішчылі ў горадзе і раёне больш за 29 тыс. чалавек, у т.л. 20 тыс. у створаным тут лагеры ваеннапалонных.
20 верасня 1944 Ваўкавыск далучылі да Гродзенскай вобласці. На 1954 год у Ваўкавыску працаваў ліцейна-механічны завод (дырэктар — В. Ярош) і цагельны завод. 3 сакавіка 1963 Ваўкавыск атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання. 12 красавіка 2001 адбылося афіцыйнае зацверджанне герба і сцяга горада. У 2004 годзе ў Ваўкавыску праводзіўся рэспубліканскі фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі».
- Места на старых здымках
- Станцыя Ваўкавыск Цэнтр, 1926
- Станцыя Ваўкавыск Места, 1926
- Палац Петрашэўцы, 1920-я
- Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла, 1920-я
- Касцёл Святога Станіслава Косткі, 1930-я
- Сінагога, 1930
- Рог Шырокай і Рыначнай вуліц, 1939
- Рынак, 1939
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1792 — 2 127 чал.
- XIX стагоддзе 1815 — 818 чал.; 1844 — 2,5 тыс. чал.; 1849 — 2267 чал.; 1860 — 3472 чал., з іх 1503 каталікі, 451 праваслаўны, 1518 іўдзеяў[10]; 1889 — 7071 чал. (3894 муж. і 3177 жан.), у тым ліку 1628 праваслаўных, 2425 каталікоў, 16 пратэстантаў, 2982 іўдзеі, 20 магаметанаў; паводле саслоўя: 263 шляхцічы, 3 праваслаўнага духавенства, 1 каталіцкага духавенства, 48 грамадзян нашчадкавых і асабістых, 138 купцоў, 5396 мяшчан, 216 цэхавых, 102 сяляніны, 20 асаднікаў, 868 ваеннага стану, 15 замежных падданых[11]; 1891 — 8057 чал., з іх 2752 каталікоў, 1934 праваслаўныя, 16 пратэстантаў, 3332 іўдзеі, 23 магаметаніны[10]; 1897 — 10 323 чал.
- XX стагоддзе: 1914 — 16 754 чал.; 1939 — 16,7 тыс. чал.; 1969 — 21,5 тыс. чал.[4][12]; 1992 — 42 тыс.[4]; 1995 — 43,6 тыс. чал.[12]
- XXI стагоддзе: 2005 — 42,8 тыс. чал.; 2006 — 46,3 тыс. чал.; 2008 — 46,4 тыс. чал.; 2015 — 44 084 чал.[13]; 2016 — 44 110 чал.[14]; 2017 — 44 188 чал.[3]; 2018 — 44 004 чал.
Эканоміка
Працуюць машынабудаўнічай, харчовы, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, у т.л. ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат», ААТ «Беллакт», ААТ «Ваўкавыскі машынабудаўнічы завод». Гасцініца «Бярозка». Ваўкавыск — цэнтр турызму нацыянальнага значэння[15].
Транспарт
Транспартная сістэма Ваўкавыску ўключае 2 чыгуначныя станцыі Ваўкавыск-Горад і Ваўкавыск-Цэнтральны, лакаматыўнае дэпо, вагоннае дэпо і дыстанцыю шляху «Баранавіцкага аддзялення БЧ», аўтавакзал, «Грузавы аўтапарк № 6», «Аўтобусны парк № 4», Ваўкавыскую філію ПУП «Аўтатранс № 9» Гродзенскага аблспажыўсаюза, ААТ «Ваўкавыскспецаўтатранс».
Культура
Дзейнічаюць 5 бібліятэк, дом культуры, метадычны цэнтр, ваенна-гістарычны музей імя П. І. Баграціёна, цэнтр рамёстваў, кінатэатр.
Народныя калектывы «Натхненне», «Вяселле», «Ютшэнка», «Медуніца», «Пяшчота», заслужаны тэатр драмы і камедыі «Славуціч».
Адукацыя
У Ваўкавыску працуюць аграрны і педагагічны каледжы, 2 гімназіі, 6 сярэдніх і музычная школы.
Спорт
У Ваўкавыску працуюць 2 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы алімпійскага рэзерву, 2 дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы прафсаюзаў, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы.
У горадзе знаходзіцца адна з найлепшых у Беларусі мотакросавая траса, дзе праводзіліся два этапы чэмпіянату Еўропы ў класе матацыклаў да 250 см³. і этап чэмпіянату свету на матацыклах з калыскамі. Рэгулярна праходзяць адкрытыя чэмпіянаты Беларусі ў розных класах матацыклаў.
Забудова
Вуліцы і плошчы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
129-й Арлоўскай дывізіі вуліца | Шашэйная вуліца | |
Баграціёна вуліца | Шляхецкая вуліца | |
Дзяржынскага вуліца | Замкавая вуліца | |
Жолудзева вуліца | Вакзальная вуліца | |
Зенітчыкаў вуліца | Замасцянская вуліца | |
Карла Маркса вуліца | Слонімская вуліца Касцельная вуліца | 3 мая вуліца |
Леніна вуліца | Петрашэўская вуліца (частка) Шырокая вуліца | Свярдлова вуліца |
Леніна плошча | Рынак пляц (частка) Рыначная вуліца (частка) | Свабоды плошча |
Панковай вуліца | Гродзенская вуліца | |
Перамогі вуліца | Пякарская вуліца Віленская вуліца | |
Савецкая вуліца | Крамяніцкая вуліца Біскупская вуліца [16] | Аляксандраўская вуліца Тадэвуша Касцюшкі вуліца Леніна вуліца |
Сацыялістычная вуліца | Лазарэтная вуліца | |
Чырвонаармейская вуліца | Кашарная вуліца[17] | |
Школьная вуліца | Гімназічная вуліца |
Славутасці
- Помнік Грунвальду
- Касцёл Святога Станіславa Косткі
- Забудова гістарычная (XIX — пач. XX стагоддзяў; фрагменты)
- Касцёл Святога Вацлава з агароджай і брамай (1846—1848), вул. К.Маркса, 25 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000085шыфр 413Г000085
- Царква Святога Мікалая (1875)
- Свята-Петра-Паўлаўскі кафедральны сабор
- Свята-Дабравешчанская царква
- Свята-Пакроўская царква
- Царква Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы
- Гарадзішча перыяду ранняга сярэднявечча «Шведская гара» (X—XIII стагоддзі), на паўднёва- ўсходняй ускраіне горада — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413В000086шыфр 413В000086
- Гарадзішча перыяду ранняга сярэднявечча (XI—XIII стагоддзі), на замчышчы — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413В000087шыфр 413В000087
- Гарадзішча перыяду ранняга сярэднявечча «Муравельнік» (X—XI стагоддзі), за 0,5 км на ўсход ад гарадзішча Шведская гара — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413В000088шыфр 413В000088
- Дом былой сядзібы («дом Баграціёна») (1805), вул. Баграціёна, 10 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000089шыфр 412Г000089
- Могілкі: старыя каталіцкія, капліца; польскія ваенныя; іўдзейскія
- Мемарыяльны крыж паўстанцаў 1863-64 гг.
- Брацкая магіла (1941—1944), вул. Жолудзева, у скверы — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Д000090шыфр 413Д000090
-
Брацкая магіла (1941—1944), вул. Мядзведзева — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Д000091шыфр 413Д000091
- Касцёл Святога Вацлава
- Гарадская сядзіба
- Капліца-пахавальня каля касцёла
- Свята-Мікалаеўская царква
- Гістарычныя забудова
- Фантан у цэнтры горада
- Каталіцкія могілкі
- Капліца на каталіцкіх могілках
- Іўдзейскія могілкі
- Польскія вайсковыя могілкі
- Мемарыяльны крыж паўстанцаў 1863-64 гг.
Страчаная спадчына
- Касцёл Святога Станіслава Косткі (XX ст.)
- Сінагога Вялікая (XIX ст.)
- Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла (XIX ст.)
Вядомыя асобы
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Ваўкавыска
- Марцін Арцюх (нар. 1996) — беларускі футбаліст.
- Мікалай Аўтуховіч (нар. 1963) — беларускі прадпрымальнік і грамадскі актывіст.
- Барыс Васільевіч Батура (нар. 1947) — беларускі дзяржаўны дзеяч.
- Максім Юр’евіч Вітус (нар. 1989) — беларускі футбаліст.
- Аляксандр Віктаравіч Дзядзюшка (1962—2007) — расійскі акцёр тэатра і кіно.
- Яніна Баляславаўна Жэйма (1909—1987) — савецкая кінаактрыса польскага паходжання.
- Усевалад Міканоравіч Іванаў (1888—1971) — паэт, журналіст, аўтар шматлікіх мемуарных кніг
- Мацвей Мартынавіч Каспяровіч (1869—?) — чыгуначны інжынер, дэпутат Сойма I Склікання (1922—1927).
- Міхаіл Уладзіміравіч Пятроў (нар. 1937) — беларускі акцёр.
- Яўген Яўгенавіч Савасцьянаў (нар. 1988) — беларускі футбаліст.
- Генадзь Мікалаевіч Семянчук (нар. 1963) — беларускі археолаг, гісторык.
- Аляксандр Віктаравіч Талканіца (нар. 1989) — беларускі футбаліст.
- Павел Сямёнавіч Хоміч (1893—1942) — каталіцкі святар, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.
- Алег Уладзіміравіч Шымбарэцкі (нар. 1966) — беларускі архітэктар-рэстаўратар.
- Давід Маркелавіч Яноўскі (1868—1927) — шахматыст, прэтэндэнт на сусветнае першынство.
- Яўген Аляксандравіч Штоп (нар. 1939) — беларускі дзеяч культуры (балетмайстар-пастаноўшчык), грамадскі дзеяч. Заслужаны работнік культуры БССР (1975).
Гл. таксама
- Ваўкавыская купецкая суконная мануфактура
- Ваўкавыскае Евангелле
- Плітка з Ваўкавыска
- Гарады Гродзенскай вобласці
- Гарады Беларусі
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- 1 2 3 4 Шаблюк В. Ваўкавыск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 232.
- ↑ Staszewski J. Słownik geograficzny. — Warszawa, 1959. S. 340.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 55.
- ↑ История на Волковысский райисполком. Официальный сайт
- 1 2 3 4 Грынявецкі В. Ваўкавыск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 394. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- 1 2 Krzywicki J. Wołkowysk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 876.
- ↑ Ваўкавыск // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- 1 2 Беларусь, 1995
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- ↑ Быховцев Н. Волковыск до 1812 г., Volkovysk.by
- ↑ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Гродненщина. — Минск, 2009.
- 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Павел Валынцэвіч // Рэгіянальная газета
Літаратура
- Грынявецкі В. Ваўкавыск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 394. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Харэўскі С. Маршруты па Беларусі: Ваўкавыская готыка // «Наша Ніва», 11 чэрвеня 2009 г.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Ваўкавыск // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 153. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893.
- Зверуго Я. Г. Древний Волковыск (X—XIV вв.) Архівавана 26 сакавіка 2022. — Мн.: «Наука и техника», 1975. — 144 с.
Спасылкі
Ваўкавыск у Вікіцытатніку | |
Ваўкавыск на Вікісховішчы |
- Геаграфічныя звесткі па тэме Ваўкавыск на OpenStreetMap
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Ваўкавыскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Гродзенскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Крупскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Чэрвеньскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Ваўкавыскага раёна Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Гродзенскай вобласці Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ваўкавыскага раёна Катэгорыя·Раёны Гродзенскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсавет Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1961 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1961 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Ваўкавыскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Гродзенскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.