Гайцюнішкі
Гайцюні́шкі[1] (трансліт.: Hajciuniški, руск.: Гайтюнишки) — вёска ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Канвелішскага сельсавета.
Геаграфія
На рацэ Жыжма каля вёскі Гайцюнішкі створана сажалка. На паўднёвым захадзе ад вёскі ў Жыжму ўпадае рака Войшалка.
Гісторыя
Вядомыя з XVI стагоддзя, паводле інвентара 1565 года маёнтак належаў Рымшам і складаўся з двара і гаспадарчых пабудоў. У двор уваходзілі тры жылых дома, стайні і гароды. Гаспадарчыя пабудовы, агароджаныя дылямі, мелі двое весніц (варот).
У XVII стагоддзі Гайцюнішкі належаць Нонхартам. Нявядома адкуль гэты род паходзіў і як па сапраўднаму гучала прозвішча. Іх лічылі курляндскай шляхтай, таму што іх прозвішча выглядала як курляндскае. Два родных брата, Пётр і Станіслаў Нонхарты, за вялікія заслугі перад краінай у часе ваенных дзеяняў з Масквой і шведамі, у 1590 годзе атрымалі пацвярджэнне сваяго дваранства, якое яны мелі раней ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Быў таксама падтверджаны іх герб: «Срэбны якар на чырвоным полі».
Пётр Нонхарт, ажаніўшыся з пратэстанткай Падбярэзскай, займеў пасады віленскага гараднічага і будаўнічага. Як высокакваліфікаваны прафесіянал, быў адпаведна ацанёны і атрымаў Гайцюнішкі. Верагодна, што адзіная дачка Пятра, Сузана, выйшла замуж за Юрыя Храптовіча (1586—1650), ваяводу навагародскага, і перадала яму ў пасаг Гайцюнішкі. Пасля Юрыя, Гайцюнішкі атрымаў у спадчыну яго старэйшы сын Адам Храптовіч, жанаты з Альжбетай Ісайкоўскай.
Невядома, якім шляхам пасля Храптовічаў гэтая маёмасць дасталася Шротэрам герба «Любіч», шляхце інфляндскага паходжання, і калі Гайцюнішкі дасталіся Путкамерам. Хутчэй за ўсё гэта быў пасаг Дароты Шротэр, другой жонкі Ваўжынца Путкамера, стольніка інфлянцкага. На пачатку XIX стагоддзя, а можа і раней Гайцюнішкі ўжо былі маёмасцю фон дэр Остэн-Сакенаў. Вераніка Остэн-Сакен, якая выйшла замуж у 1830 годзе за Адама Рымшу герба «Газдава», атрымала маёмасць як свой пасаг. Пасля Веранікі і Адама, усё гэта атрымала ў спадчыну іхняя дачка Алена, жонка Рамуальда Рымшы. Перадапошнім уладальнікам Гайцюнішак быў сын Алены і Рамуальда — Эдвард Рымша (1863—1937), жанаты з Янінай Лавенецкай. Апошнімі ўладальніцамі маёнтка былі яго дзве дачкі: Алена (нарадзілася 19.02.1911 г., была замужам за Янам Гаштаўт-Ажынскім) і Соф’я (нарадзілася 23.06.1913 г., жонка Напалеона Сянкевіча).
Славутасці
- Дом-крэпасць Нонхартаў (1613)
- Капліца-пахавальня (1633)
- Парк (XIX ст.)
Галерэя
- Гайцюнішкі на старых здымках
- Дом-крэпасць, 1911
- Дом-крэпасць, 1915
- Капліца-пахавальня, 1930-я
- Капліца-пахавальня, 1934
Літаратура
- Лаўрэш Л. Гайцюнішкі // Наша Слова, № 726 — Эл.рэсурс pawet.net
- Энцыклапэдыя Гісторыі Беларусі. Мінск. 1994 °C.452
- Zenon Skuza, Krystyna Wojda. Szlakiem Adama Mickiewicza po Białorusi. Warszawa, 1997. S.37-40.
- «Ziemia Lidzka» 1998 № 30-31. S. 21-22.
- Якимович Ю. И. Зодчество Белоруссии XVI — середина XVII в. Минск, 1991. C. 77.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Гайцю́нішкі
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Воранаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.