Воранаўскі раён
Воранаўскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці, з 20 верасня 1944 года раён у складзе Гродзенскай вобласці, у 1962 годзе да яго далучаны Радунскі раён. Цэнтр раёна — гарадскі пасёлак Воранава.
Гісторыя
Першыя згадкі пра некаторыя паселішчы Воранаўскага раёна датуюцца 1217 годам. У летапісе «Манумента Германіка» згадваюцца Радунь і Жырмуны.
У 1557 годзе Радунская воласць была прыпісаная да каралеўскіх уладанняў караля Польшчы Жыгімонта Аўгуста.
У 15 ст. Воранаўшчына ўваходзіла ў склад Віленскага і Троцкага ваяводстваў ВКЛ. Акрамя дзяржаўных земляў тут былі маёнткі Гаштольдаў, Глінскіх, Тышкевічаў, Сапегаў.
Падчас Расійскай імперыі воранаўская зямля знаходзілася ў складзе Лідскага павета.
У 1915—1918 тэрыторыя была акупавана войскамі кайзераўскай Германіяй, у 1919—1939 занята польскімі войскамі, а ў 1939 савецкімі і ўвайшла ў склад БССР.
Воранаўскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 10 сельсаветаў: Беняконскі, Вяканцаўскі, Вянцукскі, Даўгялаўскі, Канвалішкаўскі, Кодзеўскі, Піраганцаўскі, Рамашканцаўскі, Ромуцеўскі, Свільскі. Цэнтр раёна размяшчаўся на чыг. ст. Воранава, з 12 кастрычніка 1940 года ў г.п. Воранава. Тэрыторыя раёна складала 944,4 км². У сакавіку 1940 г. мелася 400 населеных пунктаў, 38050 жыхароў, 6717 гаспадарак (2065 хутарскіх). Ворнай зямлі налічвалася 33260 га. Адбывалася ліквідацыя маёнткаў польскіх памешчыкаў (7 тыс. га ўгоддзяў), асаднікаў (700 га) і інш. На пач. 1941 г. працавалі 3 калгасы. На тэрыторыі раёна ўзніклі і дзейнічалі (агітацыя, тэрор) польскія падпольныя арганізацыі. 24—27 чэрвеня 1941 г. адбываліся баі з матарызаванымі калонамі германскага 57-га танкавага корпуса вялі дывізіі 21-га стралковага корпуса 13-й арміі Заходняга фронта. Раён вызвалены 11—14 ліпеня 1944 г. войскамі 31-й арміі 3-га Беларускага фронта пры падтрымцы партызан. 3 20 верасня 1944 года раён у складзе Гродзенскай вобласці.
Вялася барацьба з падполлем польскай Арміі Краёвай. Толькі ў жніўні—лістападзе 1944 г. загінулі 35 савецкіх работнікаў, актывістаў калгасаў, ваеннаслужачых, а ўсяго да пач. 1950-х г. — больш за 100 чалавек.
У 2-й пал. 1945 г. у раёне 18501 жыхар.
16 ліпеня 1954 года скасаваны Вянцукскі, Ромуцеўскі і Свільскі сельсаветы, Вяканцаўскі сельсавет перайменаваны ў Пажыжмаўскі, Рамашканцаўскі — у Воранаўскі. 3 красаківа 1959 года да раёна далучаны Асаўскі і Жырмунскі сельсаветы Радунскага раёна, Тракельскі сельсавет Лідскага раёна. 20 мая 1960 года скасаваны Даўгялаўскі і Кодзеўскі сельсаветы, утвораны Паляцкішскі сельсавет. 25 снежня 1962 года ў сувязі са скасаваннем Радунскага раёна да Воранаўскага раёна далучаны г.п. Радунь, Забалацкі, Нацкі, Пашкавіцкі, Слабодкаўскі, Смільгінскі, Чыжунскі і Якубаўскі сельсаветы. 19 лістапада 1963 года Асаўскі сельсавет перайменаваны ў Пагародзенскі. 17 красавіка 1964 года скасаваны Воранаўскі сельсавет, яго населеныя пункты перададзены ў падпарадкаванне Воранаўскаму пассавету. 11 студзеня 1966 года скасаваны Пажыжмаўскі сельсавет.
У 1969 г. 49,8 тыс. жыхароў; цагельня, агароднінасушыльны завод, хлебакамбінат, маслазавод; 22 калгасы, 7 саўгасаў, у 1970 г. эксперыментальная база «Кастрычнік».
11 лютага 1972 года Слабодкаўскі сельсавет перайменаваны ў Старасмільгінскі, Чыжунскі — у Доцішскі, Якубаўскі — у Місявіцкі, скасаваны Смільгінскі сельсавет. 19 красавіка 1973 года Тракельскі сельсавет перайменаваны ў Бастунскі, 15 мая 1978 года Пашкавіцкі сельсавет — у Больцішскі, Старасмільгінскі сельсавет — у Гіркаўскі. 19 студзеня 1996 года з населеных пунктаў, падпарадкаваных Воранаўскаму пассавету, утвораны Воранаўскі сельсавет.
У 2002—03 гг. калгасы пераўтвораны ў сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, саўгасы і эксперыментальныя базы — ва ўнітарныя прадпрыемствы. На сярэдзіну 2004 г. у раёне 13 СВК, 4 РУСП, 12 фермерскіх гаспадарак; прадпрыемствы па пераапрацоўцы сельгассыравіны, будматэрыялаў. Працавалі 13 сярэдніх, 16 базавых, 8 пачатковых школ, 2 школы-інтэрнаты, недзяржаўная сярэдняя школа з літоўскай мовай навучання, ПТВ № 190, 22 дашкольныя ўстановы, 6 дзіцячых музычных школ, 39 бібліятэк, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 22 фельчарска-акушэрскія пункты; раённы і гарадскі Дамы культуры, 17 сельскіх дамоў культуры, 15 сельскіх клубаў, дзейнічалі 175 мастацкіх калектываў, 2 цэнтры пазашкольнай работы і інш. 3 1991 г. выдаецца раённая «Воранаўская газета».
5 кастрычніка 2007 года скасаваны Нацкі сельсавет[4]. 18 кастрычніка 2013 года скасаваны Воранаўскі і Паляцкішскі сельсаветы[5].
Прырода
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да поўначы Беларускай антэклізы, усходнюю палову займае Воранаўская брахіантыкліналь Цэнтральнабеларускага масіву, ад якой крышталічныя пароды паніжаюцца ва ўсе бакі. Зверху залягаюць антрапагенавыя адклады магутнасцю 100—140 м (у лагчынах ледавіковага выворвання да 240 м) пааэерскага (на крайнім захадзе і паўночным захадзе), сожскага, дняпроўскага, радзей бярэзінскага і беларускага зледзяненняў. Пад антрапагенавымі ляжаць мелавыя магутнасцю да 100 м, верхнепратэразойскія (вендскія да 50 м) адклады. Пароды крышталічнага фундамента залягаюць на глыбіні 200—350 м (50—150 м ніжэй узроўню мора).
Тэрыторыя размешчана ў межах Лідскай раўніны (як асобны геамарфалагічны раён выдзяляецца Воранаўская раўніна). Пераважае вышыня 160—180 метраў над узроўнем мора, на асобных участках поўдня і паўночнага ўсходу вышыні павялічавюцца, і там адзначаны буйнаўзгорыстыя і градава-ўзгорыстыя формы. Найвышэйшы пункт рэльефу над узроўнем мора 215 м (каля в. Тракелі), найніжэйшы — 134 м (в. Смільгіні). Сваеасаблівай рысай геамарфалогіі раёна служыць паўднёвая мяжа паазерскага зледзянення, якая праходзіць па паўночным усходзе Воранаўскай раўніны і выражана краявымі марэннымі комплексамі. Паўночная частка тэрыторыі з вышынямі 150–170 м занята водна-ледавіковымі раўнінамі паазерскага і сожскага ўзросту, якія рассечаны лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод. У вярхоўях Жыжмы выдзяляецца забалочаная азёрна-алювіяльная раўніна.
Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял.
Сярэдняя тэмпература студзеня −5,8 °C, ліпеня 17,7 °C. Ападкаў выпадае 615 мм у год. Вегетацыйны перыяд — 193 сутак.
На тэрыторыі раёна 66 малых рэк і ручаёў, якія належаць да воднага басейну Нёмана. Асноўныя рэкі: Дзітва з прытокамі Каменка, Начка, Радунька; Жыжма (прыток р. Гаўя), Ула і Шальча (прытокі р. Мяркіс). Налічваецца 28 штучных вадаёмаў, 23 нізінныя балоты (16,8 тыс. га). У забалочанай пойме Дзітвы на мяжы Воранаўскага і Лідскага раёнаў — гідралагічны заказнік «Мешкалы».
Лясы пераважна хваёвыя і яловыя, у далінах рэк участкі з насаджэннямі бярозы і вольхі. Лясы займаюць 26 % тэрыторыі раёна. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-карбанатныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя.
Насельніцтва
Раён налічвае 336 сельскіх населеных пунктаў (2010), а таксама 2 гарадскіх пасёлка — Воранава і Радунь.
На тэрыторыі раёна жыве 32,8 тыс. чалавек (на 1 студзеня 2007 года). З іх:
гарадское насельніцтва — 9,2 тыс. чалавек;
сельскае насельніцтва — 23,6 тыс. чалавек.
Нацыянальны склад:
палякі — 83 %;
беларусы — 10,5 %;
літоўцы — 1,9 % і інш.
У 2006 г. у раёне нарадзілася 302 чалавека, памёр — 601 чалавек.
У 2008 г. у раёне нарадзілася 363 чалавекі, памёрла — 602 чалавека.
У 2009 г. у раёне нарадзілася 307 чалавек, памёрла — 637 чалавек.
Адміністрацыйны падзел
Раён падзяляецца на 1 пасялковы савет (Радунскі) і 13 сельскіх саветаў: Бастунскі, Беняконскі, Больцішскі, Воранаўскі, Гіркаўскі, Доцішскі, Жырмунскі, Забалацкі, Канвелішскі, Місявіцкі, Пагародзенскі, Паляцкішскі, Пераганцаўскі.
Гаспадарка
Агульная плошча сельгасугоддзяў складае 86,3 тыс. га, з іх асушаных 23,4 тыс. га. У раёне 16 калгасаў і 4 саўгасы. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, ільнаводства, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу.
Прадпрыемствы: па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.
Транспарт
Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгуначная лінія Мінск — Вільнюс, магістраль Слонім — Ліда — Мяжа Літоўскай Рэспублікі (Беняконі) M11 (Е85), 2 аўтадарогі рэспубліканскага падпарадкавання Іўе — Тракелі — Радунь Р135 і Гродна — Астрына — Радунь — граніца Літоўскай Рэспублікі (Доцішкі) Р145.
Адукацыя і культура
У раёне 13 сярэдніх, 17 базавых, 16 пачатковых, 22 дашкольныя ўстановы, ПТВ-190, 2 школы-інтэрнаты, 1 спартыўная і 6 музычных школ, 42 клубы, 48 бібліятэк, 36 бальнічных устаноў.
Сродкі масавай інфармацыі
Мясцовая прэса прадстаўлена раённым грамадска-палітычным выданнем «Воранаўская газета», тыраж 4 тыс. асобнікаў (2009). Заснавальнік — Воранаўскі райвыканкам.
Аб’ём вяшчання раённага радыё «Голас Іўеўшчыны» складае каля 1 гадзіны ў тыдзень. Трансляцыя ідзе па правадной сетцы раніцай ці позна вечарам у выглядзе кароткіх блокаў мясцовых навін.
Рэлігія
У раёне суіснуюць 3 рэлігійных канфесіі, агульная колькасць рэлігійных суполак — 16:
- Рымска-Каталіцкая Царква — 13 суполак
- Руская Праваслаўная Царква — 2 суполкі
- Пратэстанцтва — 1 суполка (Хрысціян Веры Евангельскай)
Славутасці
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Воранаўскага раёна
Архітэктурныя помнікі: касцёл Яна Хрысціцеля (1900—1906) у вёсцы Беняконі, парк (2-я палавіна 18 — пачатак 19 ст.) у вёсцы Больцінікі, Гайцюнішскі дом-крэпасць і Гайцюнішская капліца, парк (канец 18 ст.) у вёсцы Гародна, касцёл (1789) у вёсцы Жырмуны, Петрапаўлаўскі касцёл (1803—1812) у вёсцы Забалаць, касцёл Сэрца Ісуса (1916) у вёсцы Канвелішкі.
Вядомыя асобы
- Сяргей Абламейка, беларускі матэматык
- Пятро Бітэль (1912, Радунь — 1991) — беларускі паэт, перакладчык, краязнавец
- Міхаіл Буклярэвіч, беларускі рымска-каталіцкі святар
- Людвік Нарбут (1832, в. Шаўры — 1863) — вайсковец, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 гадоў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага
- Станіслаў Нарбут, беларускі ўрач
- Вандалін Шукевіч, польска-беларускі археолаг
- Віктар Шэйман, беларускі дзяржаўны дзеяч
- Станіслаў Баніфацы Юндзіл, прыродазнавец, адзін з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі
Зноскі
- ↑ http://voronovo.grodno-region.by/ru/greeting-ru/
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 5 октября 2007 г. № 48 О решении вопросов административно-территориального устройства Вороновского района Архівавана 31 жніўня 2021.
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 18 октября 2013 г. № 258 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Вороновского района Гродненской области Архівавана 21 ліпеня 2020.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: У. Андрыевіч і інш. — Мн.: БелЭн, 2015. ISBN 978-985-11-0839-4.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Воранаўскі раён
- Воранаўскі раённы выканаўчы камітэт (руск.)
- Інфармацыя на старонцы Гродзенскага аблвыканкама Архівавана 19 красавіка 2014.
- Мапы і агульныя звесткі на emaps-online (руск.)
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Воранаўскага раёна на сайце «Дорогами Беларуси» (руск.)
- Славутасці на партале globustut.by (руск.)
- Фотаздымкі на сайце Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Воранаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Воранаўскага раёна Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Літвы Катэгорыя·Былыя сельсаветы Воранаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Радунскага раёна Катэгорыя·Раёны Гродзенскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2007 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Воранаўскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.