wd wp Пошук:

Герцагства Варшаўскае

Герцагства Варшаўскае (польск.: Księstwo Warszawskie, фр.: Duché de Varsovie) — дзяржава, утвораная ў 1807 паводле Тыльзіцкага міру з польскіх тэрыторый, якія адышлі падчас Другога і Трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітыя да Прусіі і Аўстрыйскай імперыі. Герцагства Варшаўскае з’яўлялася пратэктаратам напалеонаўскай Францыі пад эгідай саксонскага караля і праіснавала да 1813, калі яно было заваявана войскамі Шостай кааліцыі. Паводле рашэнняў Венскага кангрэса большая частка герцагства была далучана да Расійскай імперыі як аўтаномнае Царства Польскае.

Геаграфія

Тэрыторыя герцагства была (1807) 103 тыс. км², колькасць жыхароў — 2,6 млн чал. Пасля перамогі ў вайне Варшаўскага герцагства з Аўстрыяй да яго былі далучаны аўстрыйскія тэрыторыі, згубленыя падчас Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, з Кракавам, Люблінам, Радамам, Сандамірам — 52 тыс. км² и 1,7 млн чал. Сталіцай герцагства была Варшава.

Палітыка

Канстытуцыю герцагства зацвердзіў Напалеон 22 ліпеня 1807 у Дрэздэне. Герцагам быў прызначаны кароль Саксоніі Фрыдрых Аўгуст I. Канстытуцыя зацвярджала таксама ўрад, Дзяржаўны савет, двухпалатны парламент з палаты дэпутатаў і сената, і, акрамя таго, незалежныя суды. Ужыванне слоў Польшча, польскі ў палітычным сэнсе не дапушчалася.

Герцагства падзялялася на 6 дэпартаментаў і 10 паветаў у кожным дэпартаменце.

1 мая 1808 года ў краіне быў уведзены Кодэкс Напалеона, у сувязі з чым з’явілася эпіграма: «Княства Варшаўскае, кароль саксонскі, армія польская, манета пруская, кодэкс французскі».

Вайна з Аўстрыяй

Асноўны артыкул: Вайна Варшаўскага герцагства з Аўстрыяй У 1809 годзе была здабыта перамога ў вайне з Аўстрыяй. Варшаўскае герцагства павялічылася, створана 4 новых дэпартамента.

Вайна з Расіяй

Асноўны артыкул: Вайна 1812 года 26 мая 1812 года герцаг Варшаўскі перадаў свае паўнамоцтвы ўраду герцагства. 28 чэрвеня па рашэнні сойма было абвешчана пра стварэнне Генеральнай канфедэрацыі Каралеўства Польскага на чале з Генеральным саветам, якая стала самым верным з саюзнікаў Напалеона і выставіла статысячнае войска, якое праіснавала да ліквідацыі Канфедэрацыі вясной 1813 года.

3 мая 1815 года Венскі кангрэс зацвердзіў новы падзел Польшчы. Кракаў стаў Вольным горадам; Аўстрыя атрымала Вялічку (і солевыя шахты), да Прусіі адышла Вялікая Польшча, якая атрымала назву вялікае герцагства Пазнаньскае, а большая тэрыторыя былога Варшаўскага герцагства была перададзена Расіі і ўтварыла аўтаномнае Царства Польскае.

У складзе Расійскай імперыі

З-за росту польскага нацыяналізму ў 1830—1860-х гадах, які імкнуўся да аднаўлення Рэчы Паспалітая ў ранейшых межах, аўтаномія «Кангрэсаўскай Польшчы» была паступова падрэзана расійскімі імператарамі на працягу XIX стагоддзя. Пасля 1867 года яе статус быў паніжаны, і яна атрымала неафіцыйную назву Прывіслінскі край.

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be