Гнезна (Ваўкавыскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Гнезна.
Гне́зна[1] (трансліт.: Hniezna, руск.: Гнезно) — аграгарадок у Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Гнезнаўскага сельсавета. Размешчана на рацэ Рось за 7 км ад г. Ваўкавыска. Насельніцтва 523 чал. (2007).
Гісторыя
Упершыню Гнезна (пад назвай Гняздо) згадваецца ў XV стагоддзя як дзяржаўны маёнтак, які перайшоў у карыстанне Манівідаў. У 1449 вялікі князь Казімір перадаў «дворац Гняздо» Мікалаю Вашчылавічу. Пазней маёнтак зрабіўся прыватнай уласнасцю Шамятовічаў (Шэметаў). У 1524 яны пачалі будаўніцтва будову мураванага касцёла Святога Міхаіла Архангела — помніка готыкі.
У 1555 Гнезна набыў Геранім Хадкевіч, які ажаніўся з Ганнай Шамятовіч. Па смерці Г. Хадкевіча, у 1561 яго дачка Альжбета і яе муж Шчасны Галоўчынскі ў 1574 перадалі частку маёнтку — фальварак Гнезна — Я. Алендскаму. Астатнюю частку ў 1597 атрымаў Марцін Акунь, у нашчадкаў якога ў 1629 маёнтак набыў гарадзенскі падсудак Яўстах Кірдзей, нашчадкі якога валодалі ім да 1712. Па смерці М. Кірдзея (відаць, бяздзетнага) маёнтак адыйшоў да яго пляменнікаў Ромераў, якія ў 1730 выкупілі ў Алендскіх фальварак і такім чынам аб’ядналі гнезнаўскія ўладанні.
У XVII—XVIII стст. Гнезна мела статус мястэчка, ядром якога стала тэрыторыя вакол касцёла. У 1787 да бакавага ўвахода касцёла прыбудавалі рызніцу. У XVII—XIX стст., часам у пач. XX было вядома пад назвай Гнезная.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Гнезна апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні. У 1-й пал. XIX ст. мястэчка перайшло ў валоданне Тарасовічаў.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Гнезна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства.
У 1939 Гнезна ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі.
Насельніцтва
- XXI стагоддзе: 1 студзеня 2007 — 523 чал.
Славутасці
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
Літаратура
- У. Пярвышын. Рэдкая знаходка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — № 2. — Мн.: Полымя, 1987. — ISSN 0131-2669. С.31—32.
- Gniezno // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 629.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гнезна (Ваўкавыскі раён)
- в. Гнезна на «Радзіме майго духу»
Катэгорыя·Населеныя пункты Ваўкавыскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.