Ваўкавыскі раён
Ваўкавыскі раён — раён у складзе Гродзенскай вобласці. Мяжуе з Бераставіцкім, Свіслацкім, Мастоўскім, Зэльвенскім раёнамі Гродзенскай вобласці і Пружанскім раёнам Брэсцкай вобласці.
Геаграфія
Ваўкавыскі раён размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Гродзенскай вобласці ў басейне ракі Рось на Ваўкавыскім ўзвышшы. Самы халодны месяц у годзе — студзень (сярэдняя тэмпература −5,0 градусаў па шкале Цэльсія) самы цёплы — ліпень (+17,9). Максімальная тэмпература ў горадзе Ваўкавыску зафіксавана ў 1959 годзе і склала 36 градусаў Цэльсія, мінімальная — мінус 38 градусаў у 1950 годзе. Сярэднегадавая норма выпадзення ападкаў — 632 мм. У годзе налічваецца 95 дзён са снежным покрывам. Максімальны снежны полаг ў поле (55 см) быў зімой 1969-70 гадоў, у лесе (той жа зімой) — 71 см. Пераважная напрамак ветру ў Ваўкавыскім раёне — заходні і паўднёва-ўсходні.
Максімальная зафіксаваная сіла ветру склала 34 м/с. Максімальны атмасферны ціск назіраўся ў 1979 годзе і склаў 777 мм ртутнага слупка, мінімальны — 713 (у 1962 годзе). Вегетацыйны перыяд доўжыцца з 10 красавіка па 29 кастрычніка і складае 194 сутак.
Гісторыя
Ваўкавыскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Беластоцкай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 20 сельсаветаў: Бачанцаўскі, Біскупецкі, Боблаўскі, Бурнеўскі, Воўпаўскі, Вярэйкаўскі, Гудзевіцкі, Дзявяткаўскі, Дыхнавіцкі, Ізабелінскі, Краснасельскі, Лічыцкі, Маісеевіцкі, Мсцібаўскі, Роскі, Рэплеўскі, Талькаўскі, Тупічанскі, Шылавіцкі, Янышскі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Бурнеўскі, Дзявяткаўскі, Дыхнавіцкі, Талькаўскі, Тупічанскі сельсаветы, Бачанцаўскі сельсавет перайменаваны ў Леснякоўскі, Боблаўскі — у Дзятлавіцкі, Янышскі — у Гнездаўскі. 30 красавіка 1958 года пераўтвораны: вёска Краснае Сяло — у рабочы пасёлак Краснасельскі, вёска Рось — у гарадскі пасёлак. 7 чэрвеня 1958 года Лічыцкі сельсавет перайменаваны ў Мачулінскі, скасаваны Роскі і Краснасельскі сельсаветы. 2 кастрычніка 1959 года скасаваны Мачулінскі сельсавет, Гнездаўскі сельсавет перайменаваны ў Субацкі. 2 снежня 1961 года скасаваны Біскупецкі, Дзятлавіцкі, Леснякоўскі сельсаветы, утвораны Ваўкавыскі сельсавет. 17 красавіка 1962 года да раёна далучаны Зэльвенскі, Каралінскі, Крамяніцкі, Самаравіцкі, Тулаўскі, Ялуцавіцкі сельсаветы скасаванага Зэльвенскага раёна. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Дабраселецкі і Славаціцкі сельсаветы скасаванага Ружанскага раёна Брэсцкай вобласці, Азёркаўскі, Дзярэчынскі, Зарудаўеўскі, Курылавіцкі, Малькевіцкі, Марачынскі, Мілявіцкі, Пацавіцкі, Пескаўскі сельсаветы скасаванага Мастоўскага раёна. З 7 сакавіка 1963 года Ваўкавыск — горад абласнога падпарадкавання. 17 красавіка 1964 года скасаваны Самаравіцкі сельсавет. 6 студзеня 1965 года Каралінскі сельсавет перададзены Слонімскаму раёну, горад Масты, гарадскі пасёлак Зэльва, Азяркоўскі, Воўпаўскі, Гудзевіцкі, Дзярэчынскі, Зарудаўеўскі, Зэльвенскі, Курылавіцкі, Марачынскі, Мілявіцкі, Пацавіцкі і Пескаўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Мастоўскаму раёну. 27 студзеня 1965 года да раёна далучаны рабочы пасёлак Краснасельскі. 30 ліпеня 1966 года Дабраселецкі, Крамяніцкі, Славаціцкі, Тулаўскі, Ялуцавіцкі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Зэльвенскаму раёну. 28 ліпеня 1967 года Мсцібаўскі сельсавет перайменаваны ў Гнезнаўскі, да раёна далучаны Воўпаўскі сельсавет Мастоўскага раёна. 24 чэрвеня 1968 года рабочы пасёлак Краснасельскі пераўтвораны ў гарадскі пасёлак. 19 снежня 1974 года скасаваны Маісеевіцкі сельсавет. 18 кастрычніка 2013 года скасаваны Рэплеўскі сельсавет, Краснасельскі і Роскі пассаветы рэарганізаваны ў Краснасельскі і Роскі сельсаветы.
Гаспадарка
У сферы вытворчасці і абслугоўвання насельніцтва працуюць 17 сельскагаспадарчых і 15 будаўнічых, 16 прамысловых і 5 аўтатранспартных прадпрыемстваў. Раённы цэнтр — буйны чыгуначны вузел.
У раёне працуюць 4 спартыўныя школы і 180 спартыўных збудаванняў, траса для правядзення чэмпіянатаў па мотаспорту.
Адукацыя
У сістэме адукацыі дзейнічаюць 27 дашкольных устаноў, 30 агульнаадукацыйных школ, гімназія, прафтэхвучылішча, педагагічны каледж. Сетку культурна-асветных устаноў складаюць дзіцячая школа мастацтваў, 5 дзіцячых музычных школ з 6 філіяламі, раённы метадычны цэнтр народнай творчасці, 34 бібліятэкі, ваенна-гістарычны музей імя П. І. Баграціёна. У 2004 годзе праводзіўся рэспубліканскі фестываль «Дажынкі-2004».
Славутасці
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Ваўкавыскага раёна У межах раёна больш за 10 каменных могільнікаў яцвягаў.
Унікальным археалагічным помнікам, адзіным ва Усходняй Еўропе, з’яўляюцца шахты па здабычы крэменю, майстэрні па яго апрацоўцы і размешчаныя побач стаянкі эпохі каменнага і бронзавага вякоў каля г.п. Краснасельскі і суседніх з ім вёсак. Захавалася больш за 80 амаль непашкоджаных выпрацовак. На гэтай тэрыторыі знаходзяцца таксама могільнік 3-га тысячагоддзя да н.э., селішчы жалезнага веку і сярэдневякоўя. З 1969 г. Краснасельскі археалагічны комплекс аб’яўлены дзяржаўным запаведнікам.
Помнікамі прыроды з’яўляюцца фрагменты паркаў у вёсках Шніпава, Мачуліна, Вярэйкі (пачатак 19 ст.), Цеалін (19 ст.), Субачы (канец 19 ст.). У Ваўкавыскім лясніцтве расце цар-дуб, якому 500 гадоў.
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- М. І. Абрамчук (1912, в. Раманаўка — 1974), Герой Савецкага Саюза.
- Язэп Найдзюк, (1909 - 1984) — беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец і друкар.
- Павел Валынцэвіч (1875, Вялікая Бераставіца — 1962, Ваўкавыск), адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай фатаграфіі, святар.[5].
- Ларыса Геніюш (1910—1983), беларуская паэтэса, празаік, грамадскі дзеяч (нарадзілася ў маёнтку Жлобаўцы каля в. Воўпа)
- Станіслаў Юльянавіч Жукоўскі, жывапісец, пейзажыст.
- Яраслаў Клімуць (1940, в. Вострава — 2022) — беларускі літаратуразнавец.
- Людміла Іванаўна Пятруль, беларускі мастак.
Зноскі
- ↑ http://volkovysk.grodno-region.by/ru/biografija-ru/
- 1 2
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Павел Валынцэвіч Архівавана 13 лістапада 2013. // Рэгіянальная газета
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4), ISBN 985-11-0035-8.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ваўкавыскі раён
- Мапы і агульныя звесткі на emaps-online
- Здымкі на Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Ваўкавыскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Ваўкавыскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ваўкавыскага раёна Катэгорыя·Раёны Гродзенскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсавет Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1961 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Ваўкавыскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.