Дварэц (Дзятлаўскі раён)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дварэц.
Дварэ́ц — аграгарадок у Беларусі, на рацэ Моўчадзь. Цэнтр сельсавета Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Насельніцтва 810 чал. (1997). Знаходзіцца за 13 км на паўднёвы ўсход ад Дзятлава, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня.
Дварэц — даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны.
Гісторыя
Упершыню Дварэч згадваецца ў XV стагоддзі як уладанне князя Фёдара Даўголдавіча, пазней Свідрыгайлы, з 1451 — канцлера літоўскага Міхала Кезгайлы. У 1516 годзе Мікалай Кезгайла збудаваў тут касцёл, паселішча атрымала статус мястэчка. Мясцовасць уваходзіла ў склад Наваградскага павета Навагрудскага ваяводства.
У 1554—1555 Дварэц знаходзіўся ва ўладанні Івана Гарнастая, з 1555 да канца XVI стагоддзя — Соф’і Кезгайлаўны. У канцы XVI ст. маёнтак перайшоў да Завішаў. У XVII стагоддзі ў тутэйшым касцёле знаходзіўся цудоўны абраз Маці Боскай.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Дварэц апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Слонімскага павета. Станам на 1804 у мястэчку было 59 двароў, у 1870-я — 77 двароў, 2 царквы, касцёл, капліца, 2 малітоўныя дамы, школа, багадзельня, 9 крамаў, 3 шынкі, рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы.
У Першую сусветную вайну Дварэц занялі нямецкія войскі, пазней бальшавікі. 15 красавіка 1919 згуртаванне польскага войска пад камандаю маёра Лявона Завістоўскага(польск.) бел. адбіла мястэчка з рук бальшавікоў[1]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Дварэц апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Слонімскім павеце.
У 1939 Дварэц увайшоў у склад БССР, дзе стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. 3 25 снежня 1962 да 6 студзеня 1965 Дварэц уваходзіў у склад Навагрудскага раёна. Станам на 1971 у вёсцы было 222 двары, на 1993 — 311 двароў, на 1997 — 302 двары.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1830 — 296 муж., з іх шляхты 4, духоўнага саслоўя 2, мяшчан-іўдзеяў 143, мяшчан-хрысціян і сялян 145, жабракоў 2[2]; 1878 — 625 чал, з іх 170 іўдзеяў[3]
- XX стагоддзе: 1901 — 1373 чал.; 1971 — 609 чал.; 1993 — 850 чал.[4]; 1997 — 810 чал.
Інфраструктура
У Дварцы працуюць сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, пошта.
Эканоміка
Ільнозавод, дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Палац», сельская гаспадарка.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Вадзяны млын (канец 19 — пачатак 20 стст.)
- Касцёл Святога Антонія Падуанскага (1904)
- Магіла ахвяр фашызму
- Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы (пачатак 20 ст.)
Страчаная спадчына
- Касцёл
Вядомыя асобы
У вёсцы жыў і пахаваны беларускі грамадскі дзеяч і паэт Віталь Губарэвіч.
Галерэя
Зноскі
- ↑ Lech Wyszczelski(польск.) бел.. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. T. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 52—53.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
- ↑ Dworzec // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 236.
- ↑ Валерый Шаблюк. Дварэц // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 218.
Літаратура
- Шаблюк, В. Дварэц / Валерый Шаблюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — 523 с. — С. 218. — ISBN 985-11-0041-2.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Dworzec // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 236—237.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), С. 77.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дварэц (Дзятлаўскі раён)
- г. п. Дварэц на Radzima.org
- Дварэц (Дзятлаўскі раён) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Дзятлаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.