Дзярэчын
Дзярэ́чын[1] (трансліт.: Dziarečyn, руск.: Деречин) — аграгарадок у Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Сіпа. Цэнтр Дзярэчынскага сельсавета. Насельніцтва 777 чал. (1993). Знаходзіцца за 13 км на паўночны ўсход ад г.п. Зэльва, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Зэльва; на шашы Гродна — Слонім і на шашы, што злучае вёску з Зэльвай.
Дзярэчын — былое мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны), адна з галоўных рэзідэнцый Сапегаў. Некалі шматлікія тутэйшыя гістарычна-культурныя каштоўнасці супольнымі намаганнямі знішчылі або разрабавалі ўлады Расійскай імперыі і бальшавікі.
Гісторыя
Вядомы з 1416 года, калі вялікі князь Вітаўт даў Дзярэчын «за верную службу» пану Копачу, адначасова 10 чалавек «там» (т.б. у Дзярэчыне) вялікі князь даў баярыну Дрэмуцю. Пазней маёнтак Дрэмуця вядомы як сяло Котчын або Кочын, з удавой яго сына Васіля Дрэмуцевіча ажаніўся пісар гаспадарскі Васіль Паўлавіч, якому вял.кн. Казімір пацвердзіў гэтае уладанне, да 1508 года ім валодаў сын Васіля Паўлавіча — таксама пісар гаспадарскі Нікольскі Васілевіч, які ўзяў удзел у мецяжы Глінскіх і Кочын быў канфіскаваны, а затым нададзены Сямёну Палазовічу. Дзярэчын пасля смерці ў 1501 годзе Яцкі Копача адыйшоў яго сястры Ганне, жонцы князя Міхаіла Сангушкі. Тым часам у Дзярэчыне вядома царква Святога Спаса. З 1510 года Дзярэчын стаў агульнай ўласнасцю дзяцей Ганны — князя Андрэя Сангушкі і дзвюх яго сёстраў, жонак князёў Сямёна Адзінцэвіча і Іван Палубінскага, а затым іх нашчадкаў.[2]
У 1537 годзе Дзярэчын атрымаў статус мястэчка. У 1540 годзе частку маёнтка ў Сангушкаў выменялі Вішнявецкія. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў, у складзе Слонімскага павета Наваградскага ваяводства. 3 1570-х да 1603 года частка маёнтка, якая раней належала Адзінцэвічам была ва ўладанні Валовічаў і Нарбутаў. У 1599 годзе Палубінскія выдкупілі ў Вішнявецкіх іх частку. У гэты час у Дзярэчыне 42 двары.
У 1603 годзе Гальшка Нарбут запісала сваю частку Дзярэчына сыну — Самуэлю Валовічу. У 1609 годзе адзінымі ўдальнікамі мястэчка (62 двары) сталі Палубінскія. У 1618 годзе пісар слонімскі земскі Канстанцін Палубінскі заснаваў у Дзярэчыне Успенскі касцел і кляштар дамініканцаў, пры якім адкрыліся школа, бібліятэка і шпіталь. Станам на 1646 год у мястэчку было 72 двары. У 1685 годзе Дзярэчын перайшоў да Сапегаў і стала адной з іх галоўных рэзідэнцый.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) Дзярэчын зведаў значныя разбурэнні. Станам на 1750 год — двароў, Рынак, 2 вуліцы (Слонімская і Зэльвенская). У 1786 годзе пабудаваны дзярэчынскі палац, дзе размяшчалася калекцыя жывапісу, захоўваліся старажытныя дакументы, зброя літоўскіх гетманаў, ваенныя трафеі, каштоўны посуд. Станам на 1790 год у мястэчку 160 двароў.
- Даўнія графічныя выявы мястэчка
- Кляштар. Н. Орда, 1877
- Палац і царква. Н. Орда, 1877
- Праект новага касцёла, 1912
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскім павеце. Пасля здушэння вызваленчага паўстання ў 1830 годзе расійскія ўлады канфіскавалі маёнтак у Сапегаў, ліквідавалі кляштар дамініканцаў і пачалі яго руйнаванне. Родавыя і кляштарныя скарбы вывезлі ў Пецярбург (у тым ліку карцін і каштоўных упрыгожанняў — 303 пуды і 25 фунтаў). Расійскі імператар асабіста пастанавіў спаліць частку нарабаваных каштоўнасцей:
Государь Император, осмотрев разложенные в Испанском зале Эрмитажа картины, портреты, медали и другие вещи (всего 37 ящиков), высочайше соизволил сделать оным различные назначения, а некоторые повелел уничтожить |
Спальваліся найперш карціны з сюжэтамі на гістарычныя тэмы, якія, на думку манарха-мастацтвазнаўцы, маглі выклікаць у гледачоў непажаданыя думкі пра былую веліч Рэчы Паспалітай[3]. У 1870-я гады ў мястэчку было 2 царквы, капліца, сінагога, 2 малітоўныя дамы, багадзельня, 2 школы, 28 крам, млын, 9 корчмаў, рэгулярна праводзіліся кірмашы.
У Першую сусветную вайну Дзярэчын занялі нямецкія войскі, у 1918—1920 гадах ён пераходзіў з рук у рукі — ад бальшавікоў да палякаў. Паводле Рыжскай мірнай дамовы (1921) у складзе Польскай Рэспублікі.
У 1939 годзе Дзярэчын увайшоў у БССР, з 1940 года — вёска, цэнтр сельсавета. У Другую сусветную вайну пад нямецкай акупацыяй.
У складзе Ваўкавыскага (з 17.4.1962), Мастоўскага (з 6.1.1962), Зэльвенскага (з 30.7.1966) раёнаў. Станам на 1971 год 334 двары, на 1993 год — 270 двароў.
- Дзярэчын на старых здымках
- Рэшткі кляштара і мемарыяльная калона
- Рынак і калона
- Былая грэка-каталіцкая царква
- Кляштар
- Кляштар, жылы корпус
- Кляштар, званіца
- Палац Сапегаў
- Сінагога
Насельніцтва
- XVII стагоддзе: 1609 — 430 чал.; 1646 — 500 чал.
- XIX стагоддзе: 1830 — 386 муж., з іх шляхты 17, духоўнага саслоўя 21, мяшчан-іўдзеяў 239, мяшчан-хрысціян і сялян 108, жабракоў 1[4]; 1878 — 2269 чал. (1049 муж. і 1220 жан.), у тым ліку 1725 іўдзеяў[5]
- XX стагоддзе: 1901 — 1671 чал.; 1971 — 991 чал.; 1993 — 777 чал.[6]
Інфраструктура
У Дзярэчыне працуюць сярэдняя школа, лякарня, дом культуры.
Славутасці
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1910—1913)
- Каплічка прыдарожная (XVІIІ ст.)
- Могілкі яўрэйскія
- Царква Праабражэння Гасподняга (1865)
- Помнік на магіле Паўла Іванавіча Булака
Страчаная спадчына
- Касцёл і кляштар дамініканцаў (XVІIІ ст.)
- Палацава-паркавы ансамбль Сапегаў (XVІIІ ст.)
- Сінагога (XVII—XVIII стст.)
Вядомыя асобы
- Іван Юр’евіч Макей (1882—1955) — беларускі народны казачнік.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Topolska M. B. Dobra Dereczyńskie od XV do połowy XVII wieku // Zeszytynaukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. 1971. № 74. Historia. Z. 11. Studia zdziejów Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVIII wieku / Pod. red. J. Ochmańskiego. — S. 47-48.
- ↑ Міхась Скобла. Мястэчка Дзярэчын // «Наша Вера» № 3 (9), 1999.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
- ↑ Dereczyn // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 960.
- ↑ Валерый Шаблюк. Дзярэчын // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 255.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Міхась Скобла. Мястэчка Дзярэчын // «Наша Вера» № 3 (9), 1999.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Dereczyn // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 960.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дзярэчын
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Зэльвенскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Капыльскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Стаўбцоўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ваўкавыскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Мастоўскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Зэльвенскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.