Дзісна
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дзісна (значэнні).
Дзісна́[2] (афіц. транс.: Dzisna) — горад раённага падпарадкавання ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Заходнюю Дзвіну. За 45 км на ўсход ад г. Мёры, 12 км ад чыгуначнай станцыі Боркавічы на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія), аўтамабільнай дарогай Р14 звязаны з Мёрамі і Полацкам. Насельніцтва налічвае 1 500 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Перыяд Полацкага княства
Старажытнае паселішча, папярэднік сучаснага горада, існавала на мысе правага берага рэчкі Дзісна яшчэ ў X—XI стст. як горад Полацкай зямлі. З XIII ст. пачалося паступовае засяленне левага берага. У 1301 г. мясцовасць далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[4].
Першы пісьмовы ўспамін пра Дзісну як умацаваны замак Капец-гарадок (ад слова «капа́ць») датуецца 1374 г. Замак выконваў ролю фарпоста Полацка на Дзвіне, кантраляваў увесь рачны рух і подступы да сталіцы Полацкай зямлі. У 1461 г. паселішча ўпершыню згадваецца пад цяперашняй назвай (двор Дзісна).
Перыяд Вялікага Княства Літоўскага
У 1566 г. вялікі князь Жыгімонт Аўгуст загадаў пры Дзісенскім замку і пад яго аховай заснаваць горад, жыхарам якога даў розныя палёгкі тэрмінам на 8 гадоў. У 1567 г. Жыгімонт Аўгуст надаў Дзісне першы герб («тры вежы з муру»), а 20 студзеня 1569 г. — Магдэбургскае права і новы герб: «у блакітным полі ладдзя з разгорнутым парусам»[5]. У часы Інфлянцкай вайны ў 1579 г. тутэйшы замак стаў цэнтрам збору войскаў караля і вялікага князя Стэфана Баторыя перад вызваленчым паходам на Полацк.
У 1581 г. у Дзісне заснавалі фарны касцёл (пры ім з 1775 г. дзейнічала школа), у 1630 г. — кляштар францысканцаў, а ў 1633 г. — манастыр пры Уваскрасенскай царкве. Пасля атрымання статусу горада, з XVII ст. Дзісна стала цэнтрам староства Полацкага ваяводства, значным гандлёва-рамесніцкім асяродкам.
У пачатку Трынаццацігадовай вайны ў 1654 г. бурмістар Дзісны здаў горад войску Маскоўскай дзяржавы. 10 красавіка 1661 г. шляхта, казакі, мяшчане і павятовыя мужыкі, што знаходзіліся ў замку, звязалі акупантаў і адчынілі браму войску Вялікага Княства Літоўскага (здрадніка-бурмістра павесілі ў замкавай браме)[6]. У 1773 г. завяршылася будова мураванага касцёла пры кляштары францысканцаў.
У складзе Расійскай імперыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дзісна апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабілася цэнтрам павета Мінскай, з 1842 г. — Віленскай губерні. 23 красавіка—24 красавіка 1831 г. паўстанцы ў колькасці да 3000 чалавек вызвалілі Дзісну з-пад расійскай улады.
Значную шкоду Дзісне і яе гаспадарцы прычынілі пажары і паводкі (у 1865, 1870, 1872, 1878 і 1882 гг.), у часе якіх пацярпелі Уваскрасенская (мураваная, збудаваная ў 1870 г.) і Мікалаеўская (да 1842 г. касцёл) цэрквы. Напярэдадні пажару 1882 г. вядомы расійскі падарожнік П. Сямёнаў-Цян-Шанскі назваў Дзісну найлепшым горадам Віленскай губерні.
У складзе Польскай Рэспублікі
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Дзісна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам павета Віленскага ваяводства.
Перыяд Беларускай ССР
У 1939 г. Дзісна ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 г. зрабілася цэнтрам раёна Вілейскай, з 20 верасня 1944 г. Полацкай, з 8 студзеня 1954 г. Маладзечанскай вобласці.
Другая сусветная вайна
У Другую сусветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 гг. Дзісна пад нямецкай акупацыяй; гітлераўцы стварылі тут лагер смерці. У чэрвені 1942 г. у горадзе было знішчана 2181 чал.[7]
Пасляваенны перыяд
З 3 кастрычніка 1959 г. Дзісна ўваходзіць у склад Мёрскага раёна.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1811 — 1 405 чал.; 1825 — 2 801 чал.; 1897 — 6 756 чал.
- XX стагоддзе: 1904 — 9 113 чал.; 1909 — 7 138 чал.; 1921 — 4 413 чал.; 1939 — 6 073 чал.; 1944 — 1,2 тыс. чал.; 1959 — 2,5 тыс. чал.; 1993 — 2,5 тыс. чал.[8]; 1995 — 2,7 тыс. чал.[9]
- XXI стагоддзе: 2006 — 2,8 тыс. чал.; 2007 — 2 747 чал.; 2016 — 1 537 чал.[10]; 2017 — 1 500 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы лёгкай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Дзісны |
---|
|
Інфраструктура
Адукацыя
У Дзісне працуюць сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат.
Медыцына
Медыцынскія паслугі аказвае бальніца.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, дом рамёстваў.
Турызм
Спыніцца можна ў гарадской гасцініцы[11].
Славутасці
- Гістарычная забудова (кан. XIX — пач. XX стст.)
- Замчышча (XVI ст.), каля ўпадзення р. Дзісны ў Заходнюю Дзвіну
- Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1773)
- Царква ў гонар Смаленскай іконы Маці Божай «Адзігітрыя» (1904)
- Царква Уваскрэшання Хрыстова (канец XIX ст.) Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000555шыфр 213Г000555
- Руіны бальніцы (пач. XX ст.)
- Гасцініца «Рыга»
- Будынак Павятовага аддзялення апякунства цвярозасці (пач XX ст.)
- Сінагога (XIX ст.)
- Сядзіба Кастравіцкіх
- Каталіцкая царква на могілках
- Мост цераз раку Дзісну
- Могілкі яўрэйскія
- Брацкая магіла (1941—1944), вул. Леніна. Пахаваны 276 воінаў і партызан, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1959 годзе на магіле пастаўлены помнік — скульптуры 2 воінаў Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000556шыфр 213Д000556
Аднаўлены касцёл | Сінагога | Руіны бальніцы |
Страчаная спадчына
- Званіца
- Кляштар францысканцаў (1816)
- Фарны касцёл
Вядомыя асобы
- Святлана Уладзіміраўна Андрыеўская (нар. 1977) — беларускі гісторык, этнограф, педагог, кандыдат гістарычных навук
- Валянцін Вікенцьевіч Арлоўскі (1900—1961) — савецкі военачальнік, генерал-лейтэнант.
- Антон Грыневіч (1877—1937) — беларускі грамадска-культурны дзеяч, збіральнік музычнага фальклору
- Антон Ігнатавіч Зянкевіч (1888—1949) — беларускі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч.
- Якаў Сямёнавіч Іцхокі (1906—1984) — савецкі інжынер, спецыяліст у галіне радыёлакацыі і імпульснай тэхнікі.
- Навум Сямёнавіч Леках (1908—1996) — беларускі ўрач.
- Майсей Мендзелевіч Смірын (1895—1975) — навуковец-гісторык
- Фёкла Фёдараўна Струй (1916 — ?) — беларускі дзяржаўны дзеяч.
- Ісаак Майсеевіч Разет (1927—1992) — псіхолаг і педагог.
Гл. таксама
Заўвагі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Бунто Я. Дзісна // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 586. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Дзісна // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Ткачоў М. Дзісенскі замак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 586. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.
- ↑ Язэп Бунто. Дзісна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 231.
- ↑ Беларусь, 1995
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Дисна // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9 С. 174.
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Міёрскага р-на. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — 630 c.: іл. — ISBN 985-08-0260-Х.
- Дзісна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 267. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Русецкі А. У. Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я: ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя. — Мн., 2005.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дзісна
- Геаграфічныя звесткі па тэме Дзісна на OpenStreetMap
- Дзісна на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- м. Дзісна на Radzima.org
- Дзісна(недаступная спасылка) на Прыдзвінскі край: Гісторыя і сучаснасць Архівавана 6 ліпеня 2011.
- Mіёрскі раённы выканаўчы камітэт пра Дзісну (руск.)
- Dzisna Архівавана 23 лістапада 2011. на Rzeczpospolita wirtualna(недаступная спасылка) (польск.)
- Дзісна — самы маленькі горад Беларусі (англ.) (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Ігналінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мёрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.