Домжарыцы
До́мжарыцы[1] (трансліт.: Domžarycy, руск.: Домжерицы) — вёска ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці, на правым беразе ракі Сергуч. Уваходзіць у склад Домжарыцкага сельсавета. Цэнтр сельсавета і адміністрацыйна-гаспадарчы, навуковы цэнтр Бярэзінскага біясфернага запаведніка. За 35 км на паўднёвы захад ад Лепеля, 150 км ад Віцебска.
Насельніцтва
- 445 жыхароў, 172 двары (1997)
Планіроўка
Забудоўваецца паводле генплана 1966 г. (праектны інстытут лясной гаспадаркі СССР) і яго карэкціроўкі 1973 г., 1976 г. і 1987 г. БелНДІдзіпрасельбуд). Цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца вялікая прамавугольная ў плане плошча — грамадска-адміністрацыйны і культурна-гандлёвы цэнтр (трохпавярховы адміністрацыйна-лабараторны корпус запаведніку, зблакіраваны з двухпавярховым будынкам музея прыроды, чатырохпавярховы атэль са сталоўкай і рэстаранам на першым паверсе, сярэдняя школа з інтэрнатам і сталоўкай, дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр у блоку з Домам культуры). На заходнім баку плошчы пабудаваныя двухпавярховыя васьмі- і шаснаццацікватэрныя жылыя дамы. Упрыгожваюць плошчу дэкаратыўны вадаём, кветнікі, газоны. Паблізу плошчы знаходзіцца двухпавярховы медпункт. Вёска забудаваная пераважна двухпавярховымі васьмі- і шаснаццацікватэрнымі жылымі дамамі. У паўднёвай частцы — аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Пры добраўпарадкаванні шырока выкарыстаныя малыя формы дойлідства, групы дэкаратыўных дрэваў, газоны, кветнікі і інш. Усе грамадскія і жылыя будынкі выкананыя па індывідуальных праектах. На ўсходзе вёскі спартыўная зона са стадыёнам, адкрытым плавальным басейнам, на захадзе і поўдні — вытворчая зона.
Распрацоўка праекту і забудова вёскі адзначаны дыпломам ВДНГ СССР (1981).
Цікавыя факты
- У наваколлі вёскі праходзілі здымкі мастацкага фільма «Людзі на балоце» рэжысёра Віктара Турава[2].
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Людзі на балоце (нявызн.). Форум сайта «Глобус Беларуси» (21 лютага 2015). Праверана 28 лістапада 2016.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Домжарыцы
- Домжарыцы на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лепельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.