Віцебск
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Віцебск (значэнні). Ві́цебск[4] (трансліт.: Viciebsk, руск.: Витебск) — горад абласнога падпарадкавання ў Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Віцебскага раёна і Віцебскай вобласці, на рацэ Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, Санкт-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтамабільных дарог, самая буйная М8E95 (у тым ліку рэспубліканская магістраль М3 М8). Порт на рацэ Заходняя Дзвіна. Аэрапорт (пункт пропуску праз дзяржаўную мяжу). Непадалёк ад мяжы з Расіяй. Насельніцтва 369 933 чалавек (2017)[5].
Назва
У летапісах называецца Видбеск, Видебск, Витепеск, Витьбеск, у ням. летапісах — Вітэнбеке (лац.: Vitenbeke)[6].
Тапонім «Віцебск» утварыўся ад ракі Віцьба па самай старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + -ск[7]. Існуе некалькі версій паходжання гідроніма «Віцьба».
Найбольш аўтарытэтная версія належыць лінгвісту акадэміку Уладзіміру Тапарову: назва Віцьбы (і Віцебска) - балцкая, а найбольш аўтэнтычнымі формамі трэба лічыць найбольш рана засведчаныя «Відба» і «Відбеск». Балцкую першакрыніцу ён рэканструяваў у выглядзе Vid-up- «Сярэдняя рака» і параўноўваў з балцкімі назвамі тыпу Vidupe (у Латвіі) і Выцебець (на Павоччы, каля Выцебеці шмат назваў-«дубляў» тыпу рэчка Сярэдняя)[8].
Географ Вадзім Жучкевіч выказаў не падтрыманую нікім з акадэмічных лінгвістаў думку, што ў аснове назвы рэчкі паняцце «віць» — вільготнае месца, багна — у спалучэнні з фармантам -ба, што надае прыналежнасць да месца[9]. У часы, калі лінгвістыка яшчэ не звярнула ўвагу на гідронімы, гісторык Аляксей Сапуноў прапаноўваў “народна-этымалагічную” думку, што рэчка Віцьба атрымала назву ад лукавін, паміж якімі яна мусіла «віцца»[10].
У айканіміі беларускіх зямель суфікс -ск (-цк) з’яўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай з’явай, якая падкрэслівае самабытнасць беларускага народа і старажытнасць тэрыторыі яго рассялення. У форме -šk- такі суфікс уласцівы таксама балтам, якія ў далетапісныя часы жылі на Падзвінні, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі ён адзначаецца з IX—X стагоддзяў, у тым ліку ў назвах двух старажытных гарадоў Полацк і Смаленск, засведчаных летапісамі пад 862 і 863 гадоў Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, згаданых у летапісах XI стагоддзя, прыпадае менавіта на зону фармавання беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасць і ў наступныя стагоддзі. Кожны трэці беларускі горад з ліку тых, што занесены ў «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV стагоддзя, заканчваецца на -ск (-цк)[7].
У гаворках Віцебшчыны мае наступныя варыянты: Віцемск, Вітэбск, Вытэбск, Віцімськ[11].
Гісторыя
Асноўны артыкул: Гісторыя Віцебска
Археалагічныя звесткі
Асноўныя артыкулы: Віцебская берасцяная грамата і Віцебскі манетны скарб Першае пасяленне чалавека на тэрыторыі сучаснага Віцебска можна аднесці да эпохі каменнага веку. Яно размяшчалася ўздоўж левага берага Віцьбы, недалёка ад вусця, на тэрыторыі колішняга Верхняга замка. Падчас археалагічных раскопак тут знойдзены каменная сякера тыпу «пальштаб» з закраінамі і каменная сякера са свідраванай адтулінай, а таксама ножападобныя крамянёвыя пласціны — рэшткі крэмнеапрацоўчай вытворчасці. Гэтыя матэрыялы адносяцца да неаліту, або ранняга перыяду бронзавага веку[12].
У раннім жалезным веку рэльеф Віцебска быў зусім іншы, чым цяпер. Ён уяўляў сабой некалькі ўзвышшаў, якія знаходзіліся ў забалочанай даліне Віцьбы. На адным з такіх узвышшаў на левым беразе Віцьбы, за 100—150 м ад яе вусця, узнікла гарадзішча ранняга жалезнага веку т. зв. днепрадзвінскай археалагічнай культуры. У пісьмовых крыніцах XVI стагоддзя гэтая гара з-за стромкасці схілаў вядома пад назвай Ламіха (пазней Замкавая гара). Гарадзішча ўяўляла сабой гару ў выглядзе ўсечанай піраміды з роўнай пляцоўкай зверху. Памеры пляцоўкі 60 х 130 м (0,7 га). У 1928 годзе вядомы беларускі археолаг Аляксандр Ляўданскі даследаваў культурны пласт паселішча. У культурным слоі, таўшчыня якога дасягала 1 м, знойдзены рэшткі ляпнога посуду культуры штрыхаванай керамікі і тыпу сярэдняга пласта Тушамлі, ткацкі грузік.
У Дзяржаўным археалагічным музеі ў Варшаве захоўваецца бронзавая ручка скіфскага мяча, якая была знойдзена ў Віцебску на гарадзішчы. Гэта яшчэ адзін доказ, што на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Віцебска існавала паселішча ранняга жалезнага веку (не пазней III стагоддзя н. э.).
У VI—VIII стагоддзях на Замкавай гары і на Дзвінскім узвышшы, якое размешчана на левым беразе Заходняй Дзвіны, паміж вусцем Віцьбы і Пілатавым ручаём існуюць паселішчы носьбітаў культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны. Ад гэтай пары знойдзены фрагменты посуду, гліняныя грузікі, праселкі.
На паўночнай ускраіне Віцебска за 3 км ад Ніжняга замка (за 1 км ад левага берага Заходняй Дзвіны) у мясцовасці Пескавацік, каля сучасных Мазурынскіх могілак, ёсць невялікае гарадзішча. 3 паўднёвага і ўсходняга бакоў яно акружана балотам. Некалі тут былі возера і рака. Пляцоўка гарадзішча ўтварае круг дыяметрам 35 м. Уваход на гарадзішча знаходзіцца з паўночнага боку. Вышыня гары 15 м. Амаль уся пляцоўка гарадзішча пашкоджана траншэямі. У 1972 годзе на гарадзішчы праводзіліся раскопкі. Было даследавана 16 м² культурнага слоя. Яго таўшчыня складала 0,5—0,6 м. Пласт чорнага колеру, бедны на знаходкі. Знойдзена некалькі кавалкаў ляпной керамікі днепра-дзвінскай культуры, косці жывёлы і клык мядзведзя.
Для вывучэння гісторыі насельніцтва важнае значэнне маюць раскопкі курганных могільнікаў. У наваколлі Віцебска каля вёскі Лятохі ў лесе ўздоўж дарогі захаваўся могільнік, які налічвае 14 курганоў вышынёй 1,5—2,5 м, дыяметрам 12—14 м. Адзін курган валападобны, мае даўжыню 70 м, шырыню 8—9 м. Каля асновы насыпу захаваліся глыбокія вузкія раўкі. Адсюль бралі грунт для насыпання кургана. У 1924 годзе 2 курганы каля вёскі Лятохі даследаваў А. К. Супінскі. Выяўлены рэшткі напалавіну спаленага нябожчыка. У 1965 і 1972 гадах былі даследаваны яшчэ 3 курганы. Адзін з іх быў пусты, у другіх пад насыпам знойдзена трупаспаленне. У трэцім, падоўжаным кургане, пад насыпам было выяўлена вогнішча і ляпны гаршчок банцараўскай культуры. Гэты курган датуецца VI—VIII стст[13][няма ў крыніцы].
- Віцебск на акварэлях Юзафа Пешкі
- Вуліца Вялікая
- Васкрасенская плошча
- Ратуша
- Царква Св. Іасафата
- Агульны краявід з боку ручая Дунай
- Агульны краявід з боку Віцьбы
- Агульны краявід з боку Заручаўя
- Заручаўе
Пісьмовы перыяд
Асноўны артыкул: Віцебскае княства Паводле падання з Віцебскага летапісу, заснаваны вялікай княгіняй Вольгай у 974 годзе, але Вольга памерла 11 ліпеня 969 года. Калі заснаванне Віцебска звязана з дзейнасцю Вольгі, то паводле «Аповесці мінулых часоў» у 947 годзе Вольга наведвала міжрэчча Заходняй Дзвіны і Дняпра і заснавала тут пагосты для збору даніны, у т. л. на рэках Мста і Луга, магчыма тады быў заснаваны пагост і на Віцьбе — Віцебск. Гэта не выключана, бо заснаванне пагостаў Вольгай было яе агульнадзяржаўнай праграмай пасля забойства яе мужа Ігара падчас збору празмернай даніны з драўлян, а віцебскае месца знаходзілася на важнейшых гандлёвых шляхах, што было ўдалым месцам для збору як даніны з тутэйшых плямёнаў, так і мытаў. Магчыма, складальнік Віцебскага летапісу пераблытаў лічбы, перапісваючы з больш ранняй крыніцы і атрымаў 974 замест 947, магчыма блытаніну ўнеслі яшчэ да яго ранейшыя перапісчыкі, але і магчыма, што гэта проста неверагоднае паданне. Сустракаюцца варыянты падання, дзе заснаванне Віцебска адносяць да 914 года.[14]
Упершыню згадваецца ў 1021 годзе, калі разам з Усвятам быў перададзены вялікім князем кіеўскім Яраславам Уладзіміравічам полацкаму князю Брачыславу Ізяславічу пры заключэнні міру. Горад атрымаў назву ад ракі Віцьбы, на беразе якой узнік. З 1101 года — цэнтр Віцебскага княства, першы князь Святаслаў Усяславіч, пазней горадам і княствам валодалі яго нашчадкі Васількавічы. У XII—XIII стагоддзях цэнтр на гандлёвым шляху па Заходняй Дзвіне. З 1321 года ў складзе ВКЛ, адзін з сыноў вялікага князя Гедзіміна Альгерд ажаніўся (1318) з адзінай дачкой апошняга віцебскага князя Марыяй, а пасля смерці цесця (1321) сам стаў віцебскім князем. Да 1351 года у Віцебску пабудаваныя каменныя Верхні і Ніжні замкі, княжацкі палац. У XV—XVI стагоддзях — буйны гандлёвы і рамесны цэнтр; у 1441 годзе названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. У пачатку XVI стагоддзя — цэнтр Віцебскага ваяводства. У выніку войнаў XVI—XVIII стагоддзяў неаднаразова спалены і зруйнаваны. У 1597 горад атрымаў магдэбургскае права і герб. Пасля Віцебскага паўстання (1623) пазбаўлены магдэбургскага права (адноўлена ў 1644) і іншых прывілеяў. У XIV—XVIII стагоддзях у Віцебску пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах дзейнічалі школы. У 2-й палове XVIII стагоддзя стаў 2-ім па велічыні (пасля Магілёва) горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. З 1772 года у складзе Расійскай імперыі, 1772—1777 цэнтр Віцебскай правінцыі, з 1796 года цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. У 1781 годзе зацверджаны новы герб Віцебска з «Пагоняй». У XIX стагоддзі паскорылася развіццё рамяства. У 1825 годзе у ім 16,9 тыс. жыхароў. Тут працавалі 10 прадпрыемстваў, 135 крам, 8 корчмаў, 150 шынкоў, 6 навучальных устаноў. 24 царквы ўпрыгожвалі горад купаламі. У 1826 годзе створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства[15], у 1834 годзе — Віцебскае таварыства ўрачоў. Адчынена настаўніцкая семінарыя. У 1838 годзе пачала выдавацца газета «Витебские губернские ведомости». У 1845 годзе адкрыўся гарадскі тэатр, у 1845—1847 гадах тут з’явіўся балет Піёна, а з канца XIX стагоддзя пры тэатры дзейнічаў прафесійны сімфанічны аркестр. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—1854 гадах быў рускі пісьменнік Іван Лажэчнікаў.
У 1866 годзе праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыгуначныя лініі злучылі горад з Масквой, Брэстам, Пецярбургам і Кіевам. У 1898 годзе ў Віцебску пушчаны першы ў Беларусі трамвай[16]. У 1913 годзе ў Віцебску 109 тыс. жыхароў. Гэта — адзін з самых значных прамысловых цэнтраў. У ім дзейнічала 45 фабрык і заводаў. Усяго ў прамысловасці ў той час было занята каля 8 тыс. чалавек, у т.л. 40 % у тэкстыльнай і каля 20 % у металаапрацоўчай галінах[17]. Працавалі першы на Беларусі настаўніцкі інстытут, які быў адкрыты ў 1910 годзе, рэальнае вучылішча. У 1911 годзе адкрылася Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.
У Першую сусветную вайну Віцебск стаў прыфрантавым горадам. Сюды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, іншыя ваенныя ўстановы, шпіталі. Гарнізон горада ў 1916 годзе налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Прадпрыемствы былі пераведзены на выпуск ваеннай прадукцыі, створаны новыя майстэрні, іншыя прадпрыемствы для абслугоўвання патрэб фронту.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Віцебская губерня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўключалася ў склад Беларускай ССР[18], аднак з 16 студзеня ўвайшла ў склад РСФСР. Ад 3 сакавіка 1924 года, у выніку ўзбуйнення БССР, Віцебск стаў цэнтрам раёна (у 1924—1930 гадах — акругі, а з 15 студзеня 1938 года — цэнтр вобласці).
У 1926 годзе ў Віцебску адкрыўся II Беларускі дзяржаўны тэатр. У 1920-я гады сфармавалася творчая мастацкая школа, якая ў сусветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву «Віцебскай школы абстракцыянізму». У гэты ж час у Віцебску пачало дзейнічаць краязнаўчае таварыства, якое выдавала зборнік «Віцебшчына». Сябры мастацкай секцыі таварыства збіралі ўзоры народнага мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і інш.
27 верасня 1938 года Віцебск атрымаў афіцыйны статус горада абласнога падпарадкавання. У гэты час тут працавалі 209 прадпрыемстваў, 3 ВНУ, 42 агульнаадукацыйныя школы, 40 бібліятэк, 11 лякарняў, 3 кінатэатры. Горад стаў буйным прамысловым і культурным цэнтрам Беларусі.
У Другую сусветную вайну з 11 ліпеня 1941 да 26 ліпеня 1944 года Віцебск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У верасні 1941 года ў горадзе заснавалі канцлагер «Пяты полк», дзе да канца нямецкай акупацыі забілі 75 тыс. ваеннапалонных і 4 тыс. віцяблянаў[19]. У Вялікую Айчынную вайну моцна разбураны, дзейнічала Віцебскае гета.
Пасля вайны эканоміка горада аднаўляецца. У структуры яго прамысловага комплексу вылучаецца машынабудаванне і лёгкая прамысловасць, станкабудаванне.
25 красавіка 1958 года ў рысу горада ўключаны населеныя пункты Журжава і Паўночны[20].
У 50—60-ыя гады ўладамі ў горадзе метадычна былі знішчаны шэраг старажытных храмаў Віцебска (Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, Касцёл Святога Антонія Падуанскага, Дабравешчанская царква, Касцёл Святога Іосіфа і калегіум езуітаў, Свята-Васкрасенская (Заручаўская) царква).
З 27 ліпеня 1990 года Віцебск у складзе незалежнай Рэспублікі Беларусь. У 1999 годзе створана свабодная эканамічная зона «Віцебск». У горадзе пабудаваны Лядовы палац спорту, з’явіўся характэрны комплекс пірамід гандлёва-забаўляльнага цэнтра Марка-сіці, рэканструяваны Цэнтральны стадыён і Летні амфітэатр знакавага для горада міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі Базар у Віцебску», рэканструяваны чыгуначны вакзал і іншыя аб’екты, аднаўляюцца гістарычныя помнікі, збудаваны шэраг новых храмаў і іншых грамадскіх аб’ектаў, будуюцца новыя жылыя раёны.
- Горад на старых паштоўках
- Агульны выгляд
- Рынак
- Троіцкая (Чорная) царква
- Царква Уваскрэшання Хрыстова (Заручаўская)
- Царква Свв. апп. Пятра і Паўла
- Касцёл Св. Антонія
- Касцёл і калегіум піяраў
- Сінагога Вялікая
Геаграфія
Геалогія і гідралогія
Асноўны артыкул: Вадаёмы Віцебска Тэрыторыя горада размешчана на ўзгорыстай мясцовасці на заходніх адгор’ях Віцебскага ўзвышша, прарэзанага ярамі, глыбіня якіх 10—12, месцамі да 40 м. Заходняя Дзвіна працякае ў межах горада ў выглядзе падковы з паўночнага захаду на паўднёвы захад па даліне, якая глыбока ўразаецца і дзеліцца на левабярэжную ўзгорыстую, з глыбокімі ярамі частку і правабярэжную — з больш роўным рэльефам. Максімальныя ваганні вышынь у межах горада каля 80 м, найбольш характэрныя да 20 м. Абсалютная вышыня ад 125 м над узроўнем мора (урэз Заходняй Дзвіны ў месцы сутокі з Лучосай), да 204 м (на ўсходняй ускраіне горада). У рэльефе горада і наваколля выдзяляюцца глыбока ўрэзаныя даліны Заходняй Дзвіны, Віцьбы, Лучосы. У заходняй частцы горада на адносна плоскім рэльефе правабярэжжа вылучаецца Юр’ева горка з абсалютнай вышынёй больш за 175 м[21].
У наваколлях Віцебска знаходзіцца самае буйное ў Беларусі месцазнаходжанне даламіту Руба (распрацоўваецца вытворчым аб’яднаннем «Даламіт»). Маюцца значныя запасы глін і суглінкаў (больш за 42 млн м³); найбольш буйных пяскоў, пяскоў і пясчана-гравійнага матэрыялу (9 млн м³); найбольш буйныя: Журжаўскае 2-е радовішча глін, Кальцовае радовішча глін (распрацоўваецца вытворчым аб’яднаннем «Кераміка»), Асецкае радовішча глін, Пушчанскае радовішча глін; Максюткаўскае радовішча пясчана-гравійнага матэрыялу, Астроўскае радовішча пяскоў[22].
У межах горада і яго наваколлі працякае Заходняя Дзвіна і яе прытокі Лужаснянка і Шэвінка (правыя), Віцьба і Лучоса (левыя, упадаюць у межах горада). Гушчыня рачной сеткі складае 0,45 км./км². Па воднаму рэжыму рэкі адносяцца да раўнінных з перавагай снегавога жыўлення, маюць невялікія схілы (каля 1,2 %) і хуткасці цячэння.
Заходняя Дзвіна, якая працякае па глыбока ўрэзанай даліне, перасякае горад шырокай дугой. У цэнтральнай частцы горада рака цячэ з поўначы на поўдзень. Шырыня Заходняй Дзвіны ў межах горада горада 110—150 м, шырыня даліны — 200—300 м, схілы крутыя, якія прарэзаны крутымі ярамі.[няма ў крыніцы]
Клімат
Віцебск — найбольш паўночны абласны цэнтр Беларусі, ён знаходзіцца ў межах 55—56 пн. ш. Клімат умерана-кантынентальны, адметны ўмерана цёплым летам (сярэдняя тэмпература ліпеня +17°, +20 °C) і ўмерана халоднай зімой (сярэдняя тэмпература студзеня −8°, −10 °C).
Клімат Віцебска | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | |
Сярэдні максімум, °C | −5 | −3 | 2 | 10 | 18 | 21 | 22 | 21 | 16 | 9 | 2 | −2 | |
Сярэдняя тэмпература, °C | −8 | −6,5 | −2 | 5,5 | 12,5 | 16 | 17 | 16 | 11,5 | 6 | 0 | −5 | |
Сярэдні мінімум, °C | −11 | −10 | −6 | 1 | 7 | 11 | 12 | 11 | 7 | 3 | −2 | −8 | |
Норма ападкаў, мм | 38 | 30 | 39 | 39 | 52 | 79 | 92 | 73 | 65 | 48 | 56 | 52 | |
Крыніца: Витебск, климат // www.hmn.ru/ |
Расліннасць і жывёльны свет
У Віцебску, яго парках, скверах, у поймах Заходняй Дзвіны, Віцьбы, Лучосы сустракаецца 27 відаў млекакормячых, каля 100 відаў птушак і 10 відаў земнаводных, 4 віды паўзуноў, насякомых, ракападобных.
Найбольш разнастайны састаў птушак: верабей, шызы голуб, грак, Каўка, чорны свіргуль, шпак, вялікая сініца, гарадская ластаўка. У парках і скверах жывуць берасцянка, рабіннік, зелянушка, мухалоўка-пярэстаўка, садовая валасянка, салавей, пеначка-веснічка, вялікі дзяцел і інш. У зімні час у горадзе з’яўляюцца амялушка, чыж, чачотка, снягір. На ўчастках Заходняй Дзвіны, якія не замярзаюць, іншы раз зімуюць крыжанка, лебедзь-шыпун, коўра вялікая. На пустках сустракаюцца паўзуны — яшчарка жвавая, вуж звычайны, у поймах рэк, ручаёў, старых кар’ерах земнаводныя — жабы, рапухі, жарлянка чырванабрухая і інш[23].
З жывёл, якія ахоўваюцца і занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, у зялёнай зоне горада сустракаюцца беркут, дзербнік, пугач, звычайны зімародак, грычун вялікі; матылькі — мёртвая галава, блакітная ордэнская стужка, чорны апалон, махаон, жаўтушка тарфянікавая, пераліўніца вялікая, адмірал; асобныя віды чмялёў; у Заходняй Дзвіне — сом і рыбец; у Лучосе, Віцьбе і інш. прытоках Заходняй Дзвіны — рак шыракапальцы[24].
Азеляненне
Першыя паркі ў гарадах Віцебшчыны з’явіліся ў пачатку XVII стагоддзя. У канцы XIX стагоддзя ў Віцебску існавалі губернатарскі і батанічныя сады, паркі «Цівалі», «Елагі», парк духоўна-епархіяльнага вучылішча. У 1924 годзе закладзены Парк чыгуначнікаў. Пасля вайны актыўна закладваліся паркі і скверы, якія адлюстроўвалі рэаліі жыцця грамадства: у гонар Рэвалюцыі, Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, мемарыяльныя, у памяць пра загінулых землякоў, юбілеяў камсамола і інш[25].
У горадзе маецца (2010) 7 паркаў (103,8 га), 35 сквераў (40,7 га), 2 бульвары (2,9 га), 15 азелянёных тэрыторый грамадскіх цэнтраў (11,8 га)[26], добраўпарадкаваныя азелянёныя тэрыторыі ўздоўж р. Заходняя Дзвіна[27], а таксама гарадскія лясы, лесапаркі і іншыя азелянёныя тэрыторыі (332,0 га)[26].
Найбуйнейшы парк імя Савецкай Арміі (122 га) закладзены ў 1946 як парк Мазурына ў паўночнай частцы горада на беразе Заходняй Дзвіны[28]. Акрамя яго маюцца паркі імя 30-годдзя УЛКСМ, імя 40-годдзя УЛКСМ, Партызанскай славы імя Міная Шмырова (былы парк імя Леніна), чыгуначнікаў, імя Фрунзэ[29], Тысячагоддзя Віцебска, у 2010 годзе сквер імя Калініна перайменаваны ў парк Пераможцаў[30].
Батанічны сад Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, закладзены ў 1919 годзе на тэрасах старога парка каля р. Віцьба, мае другую па велічыні калекцыю жывых раслін у Беларусі, у якой налічваецца больш за 2,5 тыс. найменняў[31].
Віцебскі заалагічны парк заснаваны ў 1992 годзе. Старая частка заапарка (1,3 га) размешчана ў самым цэнтры горада. З 2010 года вядзецца будаўніцтва новага заапарка (87 га) ў лесапарку на ўсходняй ускраіне горада ў мікрараёне Білева[32][33]. У заапарку ўтрымліваецца 71 від жывёл, 6 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Агульная колькасць жывёл — 231 асобіна[32].
Узровень азелянення горада складае 15,8 %, што значна ніжэй за норму (40 %), забяспечанасць насаджэннямі агульнага карыстання — 13,6 м²/чал. пры норме для буйных гарадоў 10—11 м2/чал.[34]. Агульная тэндэнцыя ў другой палове 2000-х мела негатыўны характар. Напрыклад, быў знішчаны сквер на плошчы Перамогі[35], дрэвы з якога перасадзілі ў батанічны сад і парк Мазурына[36].
У дастатковай меры забяспечана ландшафтна-рэкрэацыйнымі тэрыторыямі агульнага карыстання насельніцтва ў цэнтры і паўночна-заходнім сектары горада, што абумоўлена пераважным размяшчэннем паркаў, сквераў, бульвараў, садоў, водна-зялёных сістэм у цэнтральнай частцы горада, невысокай шчыльнасцю насельніцтва, а таксама развітым транспартным паведамленнем паміж жылымі кварталамі і лесапаркавым масівам на паўночным захадзе горада[27].
Найбольшы дэфіцыт добраўпарадкаваных ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый адзначаецца каля жылой шматпавярховай забудовы мікрараёнаў Поўдзень I—VII, Усход, а таксама сядзібнай забудовы Маркаўшчына, Тарны, каля кварталаў паміж вуліцамі Горкага і К. Маркса, на паўночным захадзе правабярэжнай часткі горада (Васькавічы, Давыдаўка, Мішкава). Дэфіцыт адзначаецца таксама каля жылых кварталаў паміж вуліцамі Маркса і Ленінградскай. Прычына нізкай забяспечанасці — адсутнасць дастатковай колькасці добраўпарадкаваных ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый раённага і гарадскога значэння ў радыусе даступнасці для насельніцтва шчыльна заселеных жылых раёнаў, наяўныя тэрыторыі прыроднага комплексу не добраўпарадкаваны, а лясы, якія прылягаюць да сядзібнай забудовы, не ўваходзяць у межы горада[27].
Дэфіцыт у мікрараёнах высакашчыльнай шматкватэрнай забудовы Усход і Поўдзень абумоўлены недастатковасцю для насельніцтва, якое пражывае ў гэтых мікрараёнах (больш 114 тыс. чалавек), толькі аднаго парку 1000-годдзя Віцебска і некалькіх невялікіх сквераў[27].
Насельніцтва
У 1650 годзе ў горадзе налічвалася 10 тыс. чалавек.[37] У 1784 годзе — 10 289 чалавек: 4 955 мужчын і 5 334 жанчын, у тым ліку купцоў 473 хрысціян і 1386 іудэяў, мяшчан — 6 218 хрысціян і 1386 іудэяў, 652 іудэяў сталых жыхароў павету, 552 працоўнага люду, 635 шляхты[38]. Па дадзеных на 1785 год — 10,5 тыс. чалавек.
У пачатку 19 стагоддзя ў горадзе налічвалася не больш за 11 тысяч жыхароў, у тым ліку 110 духоўнага саслоўя, 222 членаў урада, 71 шляхты, 1 180 купцоў-хрысціян, 128 купцоў-іудэяў, 6 242 мяшчан-хрысціян, 2 850 мяшчан-іудэяў[39]. У 1817 годзе — 3 340 чалавек[40]. У 1825 годзе — 16,9 тыс. чалавек.[41] У 1860 годзе — 29 496 чалавек (у тым ліку 14 315 мужчын), з іх паводле саслоўя: 3 207 шляхты, 325 купцоў, 23 745 мяшчан, 561 членаў цэхаў; паводле веры: 10 383 праваслаўных, 3 769 каталікоў, 156 адзінаверцаў, 124 раскольнікаў, 70 пратэстантаў, 15 004 іудэяў[39]. На 31 снежня 1863 года налічвалася 27 868 чалавек (13 301 мужчын і 14 567 жанчын), паводле веры 9 416 праваслаўных, 2 741 каталікоў, 405 раскольнікаў, 375 адзінаверцаў, 195 пратэстантаў, 14 736 іудэяў[39]. У 1881 годзе — 48 206 чалавек (26 462 мужчын і 21 744 жанчын), у тым ліку 16 954 праваслаўных, 5 567 каталікоў, 633 адзінаверцаў, 497 пратэстантаў, 384 раскольнікаў, 24 171 іудэяў[39]. 1885 год — 54 916 чалавек (29 317 мужчын і 25 599 жанчын), у тым ліку праваслаўных 10 205 мужчын і 7697 жанчын, каталікоў — адпаведна 3 344 і 3 432, адзінаверцаў — 378 і 386, пратэстантаў 227 і 219, раскольнікаў — 252 і 231, іудэяў — 14 911 і 13 394[39]. 1888 год — 58 179 (31 417 мужчын і 26 762 жанчын)[39]. 1891 год — 59 403, у тым ліку 24 597 праваслаўных, 6 749 каталікоў, 832 адзінаверцаў, 813 раскольнікаў, 24 945 іудэяў, 288 мусульманаў, 12 інш. веры[39]. 1897 год — 65 871 чалавек, у тым ліку 34 429 габрэяў[42].
З развіццём прамысловасці і чыгункі насельніцтва расло і ў канцы 19 стагоддзя ў Віцебску жыло 66 тыс.чалавек. На 17 студзеня 1939 года — 167,3 тыс. жыхароў. У часы Вялікай Айчыннай вайны загінула 62 тыс. Са 180 тыс. чалавек, якія пражывалі ў Віцебску на пачатак 1941 года засталося 118 тыс. На 1 мая 1942 г. насельніцтва складала 39 107 чал, з якіх 15 763 (мужчын), 23 344 (жанчын). Даваеннага ўзроўню насельніцтва горада дасягнула толькі ў 1964 годзе. Найбольшы прырост насельніцтва адзначаўся ў 1965—1975 гадах, пазней прырост знізіўся і ўсталяваўся на мяжы 6—8,5 тыс. чалавек у год.
Змяненне колькасці насельніцтва Віцебска (XVIII—XXI стагоддзях) |
---|
Эканоміка
У прамысловым комплексе развіты машынабудаванне і металаапрацоўка. У гэтых галінах працуюць акцыянернае прадпрыемства «Візас», «Вістан» і інш.
Электронная прамысловасць прадстаўлена ААТ «Віцязь», якое выпускае тэлевізары, ААТ «ВЗРД „Маналіт“», якое выпускае радыёдэталі, ААТ «Віцебскі прыборабудаўнічы завод», РУВП «Завод „Эвістар“» і інш.
На лёгкую прамысловасць працуюць Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства імя «КІМ», РУП «Вітэкс», РУП «Фабрыка мастацкіх вырабаў „Купава“», ААТ «Сцяг індустрыялізацыі», «Чырвоны Кастрычнік», «Віцебскія дываны», СТАА «Белвест» па вытворчасці абутку, сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Марка» і інш.
Працуюць таксама прадпрыемствы хімічнай (Віцебскае абласное ўнітарнае прадпрыемства «Вітпласт»), харчовай (ААТ «Малако», «Віцебскі мясакамбінат», «Маслаэкстракцыйны завод», унітарнае вытворчае прадпрыемства «Віцебскі кандытарскі камбінат „Віцьба“» і інш.), дрэваапрацоўчай і будматэрыялаў («Віцебскдрэў», «Віцебскмэбля», «Завод зборнага жалезабетону № 3» і інш.) галін прамысловасці.
Працэнтныя суадносіны галін прамысловасці горада наступныя: лёгкая прамысловасць 42,2 %, харчовая прамысловасць 23,6 %, машынабудаўнічая і металаапрацоўчая прамысловасць 21,0 %, вытворчасць будматэрыялаў 6,8 %, дрэваапрацоўчая прамысловасць 4,8 %, іншыя галіны прамысловасці 1,6 %[44].
У Віцебску зарэгістравана каля 2 тыс. прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу і каля 6 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. 427 прадпрыемстваў недзяржаўнага сектара эканомікі горада займаюцца вытворчай дзейнасцю, выкананнем работ і аказаннем паслуг: 60 % камерцыйных прадпрыемстваў працуюць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, 16 % — прамысловай вытворчасці, 11,4 % — будаўніцтва. Паслугі па розных відах дзейнасці аказваюць 25 % прадпрымальнікаў.
3 малых і сярэдніх прадпрыемстваў горада найбольш паспяхова працуюць: «Марка» і «Ірвіт» (вытворчасць абутку), АТ «Рагнеда» (вытворчасць трыкатажу), АТ «Дзвіна» (пашыў вопраткі), ЗАТ «Факел» (вытворчасць вогнетушыцеляў), БелСофт, БелФорт (продаж і абслугоўванне камп’ютарнай і аргтэхнікі) і іншыя прадпрыемствы. У малым і сярэднім бізнесе занята каля 35 тыс. чалавек ці звыш 9 % агульнай колькасці жыхароў горада.
У Віцебску каля 650 магазінаў розных форм уласнасці, у тым ліку 30 — фірменнай сеткі і 116 — ведамасных, 407 прадпрыемстваў грамадскага харчавання, 11 рынкаў і 5 гандлёвых цэнтраў («Кантынент», «Пасаж», «Еўропа», «Эвіком», «Прывакзальны»). Буйнейшыя гандлёвыя прадпрыемствы — ААТ «Веста», КУТП «Віцебскія прадукты», ААТ «Віцебскі ўнівермаг», ААТ «Ніка», ЗАТ «Амега».
Віцебск звязаны з другімі гарадамі і рэгіёнамі з дапамогай чыгуначнага, паветранага і аўтамабільнага транспарту.
Паслугі паштовай сувязі ў Віцебску аказваюць 29 паштовых аддзяленняў і 6 паштовых кіёскаў, якія ўваходзяць у структуру Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі «Віцебскаблпошта». Усе паштовыя аддзяленні забяспечаны камп’ютарнай тэхнікай, прапаноўваюць шырокі спектр прадуктаў і паслуг насельніцтву не толькі ў аддзяленнях сувязі, але і на даму. Увесь час укараняюць новыя паслугі (абслугоўванне банкаўскіх пластыкавых картак, аплата паслуг мабільнай сувязі, электронныя паслугі сувязі).
Гарадская тэлефонная сетка налічвае 8 буйных АТС і 14 падстанцый ёмістасцю 125 тыс. нумароў. Абаненты маюць выхад на аўтаматычную міжгароднюю сетку, могуць падключыцца да сеткі Інтэрнэт, карыстацца паслугамі даведачна-інфармацыйнай службы па телефоне. У горадзе працуе 15 пунктаў калектыўнага карыстання УП «Віцебскаблтэлекам», дзе кліентам прадастаўляецца ўвесь спектр паслуг, у тым ліку Інтэрнэта. Паслугі сотавай сувязі ў Віцебску прапануюць усе беларускія аператары — А1, МТС, Life:)_(Беларусь) “Life:) (Беларусь)”).
У межах горада размешчана свабодная эканамічная зона «Віцебск». Яе вытворчая тэрыторыя забяспечана ўсімі інжынернымі камунікацыямі, уключаючы пад’язныя аўтамабільныя і чыгуначныя шляхі. Будынкі, збудаванні і зямельныя ўчасткі здаюцца рэзідэнтам на ўмовах доўгатэрміновай арэнды. Сумесна з адміністрацыяй СЭЗ «Віцебск» праводзіцца работа па прыцягненні новых рэзідэнтаў.
Сярэдняя колькасць удзельнікаў знешнегандлёвых аперацый у горадзе больш за 500, з іх каля 45 — буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Суб’екты гаспадарання ажыццяўляюць знешнеэканамічныя сувязі з 40 дзяржавамі свету. Экспартныя пастаўкі ідуць на рынкі больш 30 краін бліжняга і далёкага замежжа. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі з’яўляюцца Расійская Федэрацыя, Германія, Польшча, Латвія, Літва, Украіна і Малдова[45].
У 1892—1941 працавала Віцебская купецкая фабрыка аптычных вырабаў.
Транспарт
Асноўны артыкул: Транспарт Віцебска За 5 км на ўсход праходзіць магістраль М8E95. У самім горадзе знаходзіцца скрыжаванне наступных аўтамабільных дарог: магістраль М3 (Мінск — Віцебск), дарогі: Р20 (Віцебск — Полацк — пункт пропуску Бігосава (мяжа Латвіі)), Р21 (Віцебск — Лёзна — Завольша), Р25 (Віцебск — Сянно — Талачын), Р87 (Віцебск — Орша), Р112 (Віцебск — Сураж — Стайкі), Р115 (Віцебск — Гарадок). У наш час вядзецца будова заходняга ўчастка аб’язной кальцавой аўтамабільнай дарогі.
Віцебск з’яўляецца чыгуначным вузлом на Смаленск, Санкт-Пецярбург, Гомель, Полацк. Чыгуначны вакзал абслугоўвае пасажыраў як далёкага, так і прыгараднага напрамкаў. У 2010 годзе завяршылася рэканструкцыя будынка чыгуначнага вакзала і Прывакзальнай плошчы.
У Віцебску знаходзіцца аўтавакзал. Аўтобусныя маршруты злучаюць горад з Берлінам, Масквой, Рыгай, Санкт-Пецярбургам, а таксама абласнымі гарадамі Беларусі.
Грамадскі транспарт (на 2017 год):
- Аўтобусны (44 маршруты), аўтобусны парк № 1 (вул. Церашковай, 7)
- Тралейбусны (10 маршрутаў)
- Трамвайны (9 маршрутаў)
- Маршрутныя таксі.
За 10 км на ўсход ад горада знаходзіцца аэрапорт Віцебск.
Культура
Мастацкае жыццё
У 1898 годзе пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Іегуды Пэна.
3 Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Напалеона Орды, Івана Трутнева, Дз. Струкава, К. Стаброўскага, Ісаака Аскназія, М. Дабужынскага, Яфіма Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў старажытнай архітэктуры, пейзажаў Віцебска і края.
У 1892—1898 гадах у маёнтку Здраўнёва пад Віцебскам жыў і працаваў Ілья Рэпін.
У 1919 годзе адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда.
У 1919—1923 гадах працавала створаная па ініцыятыве Марка Шагала народная мастацкая школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Мсціслаў Дабужынскі, Юдэль Пэн, Казімір Малевіч, Роберт Фальк, Абрам Бразер, Саламон Юдовін і інш. У 1919—1921 гадах пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Марка Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 годзе частка работ перададзена ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя мастацка-практычныя майстэрні, пазней — у мастацка-практычны інстытут (існаваў да 1922), з 1923 года — Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 годзе створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік Павел Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—1930 гадах наладжвала ў горадзе мастацкія выстаўкі.
У 1920—1923 гадах дзейнічала арганізацыя «Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўленчае мастацтва абстрактнымі формамі вытворча-мастацкага канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Мастацтва» (1921—1922) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—1922) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра мастацкае жыццё горада.
У 1920-я пачало дзейнічаць Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства (кіраўнік Мікола Каспяровіч), куды ўваходзілі Аляксандр Шлюбскі, Іван Фурман, Зіновій Гарбавец, Іван Гаўрыс, Яфім Мінін, Міхаіл Эндэ.
Члены мастацкай секцыі таварыства пры мастацкім вучылішчы збіралі ўзоры народнага мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г. д. Таварыствам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах Саламона Юдовіна» (1926) Івана Фурмана, «Беларуская архітэктура» Міколы Каспяровіча (1925) Артыкулы Міколы Каспяровіча, Міколы Шчакаціхіна, Івана Гаўрыса, Яфім Мініна, Я. Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—1928)[46].
У цэлым 1920-я вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэалістычнага мастацтва.
12 ліпеня 1939 года у Віцебску адкрыта мастацкая галерэя Ю. Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асноўная частка перададзена ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абласны краязнаўчы музей).
У 1941 годзе адбыліся першая выстаўка выяўленчага мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абласная выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949 годзе.
Віцебск часта называюць горадам мастакоў. Гэта даніна мастацкім традыцыям, закладзеным стваральнікам першай прыватнай школы жывапісу і малюнка Юдалем Пэнам, першымі вольнымі дзяржаўнымі майстэрнямі — роданачальнікамі Віцебскай мастацкай школы.
Пасля стварэння ў 1952 годзе Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі мастацкае жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957 гадах; з 1960 года штогод наладжваюцца справаздачныя абласныя выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш.
У пачатку 1950-х пачала складвацца Віцебская школа акварэлі.
Сёння віцебская арганізацыя Беларускага саюза мастакоў налічвае больш за 100 чалавек, якія працуюць у розных жанрах і відах мастацтва. У асноўным — гэта выпускнікі мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. Машэрава, тэхналагічнага ўніверсітэта і Беларускай акадэміі мастацтваў.
У ліку старэйшых мастакоў горада — Рыгор Клікушын, Аляксандр Салаўёў, Іван Сталяроў і інш. На самы высокі ўзровень паднялі віцебскую школу акварэлі такія мастакі, як Фелікс Гумен, Уладзімір Іваноў, Міхась Ляўковіч, Вікенцій Ральцэвіч, Генадзь Шутаў. Сярод жывапісцаў выдзяляюцца Аляксандр Дасужаў, Мікалай Дундзін, Анатоль Ізаітка, Алег Скавародка і інш[47].
Горад Віцебск упрыгожваюць работы скульптараў Аляксандра Гвоздзікава, Івана Казака, Валерыя Магучага, Азата Тарасяна[48].
У пачатку 1990-х у горадзе працавала галерэя Алеся Пушкіна. У Віцебску праведзены 1-ы Міжнародны пленэр памяці М. Шагала (1994), 1-ы і 2-і Міжнародныя пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Традыцыйным стаў дзіцячы Рэпінскі пленэр.
Віцебск — адзіны горад у рэспубліцы, які праводзіць выстаўкі-конкурсы студэнцкіх работ. На Арт-сесію прыязджаюць навучэнцы мастацкіх ВНУ Беларусі, Расіі і Латвіі.
Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў народнага мастацтва. Створаны творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995).
Музеі
Першы музей у Віцебску быў адкрыты ў 1868 годзе пры губернскім статыстычным камітэце. У 1893 годзе па ініцыятыве гісторыкаў Еўдакіма Раманава і Аляксея Сапунова ў архірэйскім доме заснаваны царкоўна-археалагічны музей. Неўзабаве пасля стварэння Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (1909) яе члены пачалі камплектаваць уласны музей, у аснову якога была пакладзена калекцыя статыстычнага камітэта.
Першы прыватны музей Віцебска належаў вядомаму адвакату і калекцыянеру Вацлаву Федаровічу (1848—1911). Ён узнік хутка пасля пераезду апошняга ў Віцебск (1880-я) і налічваў некалькі тысяч прадметаў — адзенне і абутак народаў, якія жылі на Віцебшчыне, зброя і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, знаходкі з археалагічных раскопак, манеты і медалі, вырабы з фарфору, шкла і г. д.
У 1915 годзе у Віцебск прыехаў чарцёжнік інжынернага кіраўніцтва Віленскай ваеннай акругі, калекцыянер Антон Брадоўскі (1859—1928). Асабліва каштоўнай часткай яго збору з’яўлялася нумізматычная калекцыя (у 1918 падаравана губернскаму аддзелу асветы). У 1918 годзе у Віцебску створаны губернскі музей (сучасны абласны краязнаўчы музей).
У 1920-я пачало дзейнічаць Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства.
У першыя гады Савецкай улады акрамя губернскага гістарычнага музея ў Віцебску створаны музеі: сучаснага мастацтва (пры Мастацка-практычным інстытуце), сельскагаспадарчы (пры Доме селяніна), ветэрынарна-заалагічны, эканоміка-прамысловы (пры эканамічным тэхнікуме), рэвалюцыі (пры СШ № 29), санітарнай адукацыі і гігіены (пры сельскагаспадарчым тэхнікуме), педагагічны і іншыя. 3 2-й палавіны 1920-х гадоў і, асабліва, у 1930-я гады ўсе названыя музеі закрыліся. Толькі пры ветэрынарным інстытуце існаваў энтамалагічны кабінет, створаны выдатным віцебскім вучоным Плюшчэўскім-Плюшчыкам (1849—1926) і перададзены ў дар гораду. У 1939 годзе адкрылася карцінная галерэя Ю. Пэна, якая ў 1941 годзе была эвакуіравана ў Саратаў[49].
- Віцебскі абласны краязнаўчы музей
- Віцебскі мастацкі музей
- Віцебскі музей Марка Шагала
- Віцебскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў
- Віцебскі літаратурны музей (зачынены)
- Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова
- Віцебскі музей прыватных калекцый (зачынены)
- Музей-сядзіба І. Я. Рэпіна «Здраўнёва»
- Віцебская аматарская астранамічная абсерваторыя
- Батанічны сад.
- Віцебская абласная філармонія.
Літаратурнае жыццё
У XVII стагоддзі віцебскі ваявода Я. Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр.
У 1768 годзе С. Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада.
У Віцебску нарадзіліся беларускія і польскія паэты Францішак Князьнін, Аляксандр Рыпінскі, рускі гісторык і філолаг-славіст А. Л. Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Тадэвуш Лада-Заблоцкі, (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А. Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—1854 гадах быў рускі пісьменнік І. Лажэчнікаў.
У сярэдзіне XIX стагоддзя літаратары Віцебска групаваліся вакол Арцёма Вярыгі-Дарэўскага.
У канцы XIX—пачатку XX стагоддзя у Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі беларускія этнографы і фалькларысты Е. Раманаў, Мікалай Нікіфароўскі, В. Астаповіч, краязнаўцы А. Сапуноў, У. Стукаліч, пісьменнік Аляксандр Пшчолка.
Горад наведалі Аляксандр Пушкін (1820 і 1824), Мікалай Гогаль (1828), Тарас Шаўчэнка (1843 і 1847), Іван Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г. Успенскі (1890).
У 1924—1928 гадах у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага тэатра.
У 1958 годзе выйшаў літаратурна-мастацкі альманах «Дзвіна». У 1992 годзе у выдавецтве «Мастацкая літаратура» зноў выйшаў альманах «Дзвіна» (Віцебшчына літаратурная).
Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Беларускага саюза журналістаў (з 1970), Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1980), Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 2005).
З 1988 года працуе Віцебскі літаратурны музей.
Пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце створаны літаратурны музей, экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў[46].
У 21 стагоддзі ў горадзе працавалі і працуюць пісьменнікі Пётр Ламан, Уладзімір Папковіч, Алег Салтук, Давід Сімановіч, Вольга Русілка, Сяргей Рублеўскі, Франц Сіўко і інш[50].
Тэатральнае жыццё
3 канца XVII стагоддзя і да 1870-х адбываліся народныя лялечныя паказы жлоба, паказы народнай драмы «Цар Максімілян», дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805 і 1806 гадах горад наведвалі польскія трупы М. Кажынскага, паміж 1808 і 1812 гадах — А. Руткоўскага. У 1840-я у Віцебску існаваў хатні тэатр віцебскага генерал-губернатара Андрэя Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М. Піёна.
23 снежня 1845 года адкрыўся гарадскі тэатр. Будынак тэатра быў 3-ярусны: ніжні (бенуар) меў 12 ложаў (кожная на 5 асоб), сярэдні (бельэтаж) — 13 ложаў, верхні — галерэя; партэр меў больш за 100 месцаў, сцэна была прыстасавана для паказу драматычных спектакляў і балетаў. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драматычная трупа Я. Чаховіча (1847—1849), гастраліравалі польскія, рускія, украінскія трупы, акцёры: М. Іваноў-Казельскі, У. Давыдаў, М. Дальскі, К. Гарын, В. Далматаў, П. Арленеў і інш[51].
Сёння ў горадзе працуюць два прафесійныя тэатры:
Фестывалі
Акрамя «Славянскага базару» Віцебск з’яўляецца радзімай многіх міжнародных культурных праектаў. Гэта і міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, міжнародны фестываль «Пурымшпіль у Віцебску», міжнародны фестываль аўтарскай песні «Віцебскі лістапад», міжнародны конкурс мадэльераў і манекеншчыц агенцтваў мадэляў Рэспублікі Беларусь «Белая амфара». «Адраджэнне вялікіх традыцый», — пад такім дэвізам праходзіць традыцыйны міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага.
Дзякуючы фестывалю польскай песні, фестывалю спартыўных і бальных танцаў «Віцебская сняжынка», «Арт-сесіі», горад набыў шырокую вядомасць.
У горадзе праводзяцца розныя фестывалі дзіцячай творчасці, агляды-конкурсы выканаўчага майстэрства маладых талентаў. Традыцыйна праходзяць фестывалі мастацкай самадзейнасці. Найбольш значныя сярод іх: фестываль дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі фестываль харавых калектываў «Спяваючы свет», гарадскі фестываль школьных драматычных тэатраў «Школьны тэатр», фестываль патрыятычнай песні «Афганістан баліць у маёй душы», фестываль маладых выканаўцаў «Песні юнацтва нашых бацькоў», фестываль гітарнай музыкі «Менестрэль», віцебскі конкурс юных кампазітараў імя А. В. Багатырова, Велікодны фестываль[52].
Выдаваўся да 2012 года часопіс «Ідыёт».
Адукацыя
У XIV—XVIII стагоддзях пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі праваслаўныя брацтвы, базыльянскія школы і інш. У 2-й палове XVI стагоддзя кальвіністамі было заснавана вучылішча. З 1641 да 1820 гадоў дзейнічаў Віцебскі езуіцкі калегіум[53]. Пры ім быў Віцебскі школьны тэатр.
У канцы XVIII—пачатку XIX стагоддзяў рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ў канцы XVIII стагоддзя у Віцебску былі адкрыты рускія школы, вучылішчы, гімназіі. Першая руская школа адкрыта ў канцы 1770-х (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія адкрыта ў 1808 годзе[54], у 1834 годзе — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 годзе — Віцебская Марыінская жаночая гімназія[55]. Медыцынскіх работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 года Віцебская фельчарская школа. У 1890 годзе адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 годзе — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 годзе у Віцебску 22 навучальныя ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэннаў); 5 бібліятэк, чытальня. У 1905 годзе адкрыта таксама жаночая аляксееўская, у 1906 годзе — прыватная мужчынская гімназія Неруша.
У 1906—1913 гадах існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1910 годзе адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі інстытут, пераўтвораны ў 1918 годзе у педагагічны інстытут, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 годзе створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1913 годзе дзейнічала таварыства «Адукацыя». У 1920 годзе заснаваны механіка-будаўнічы тэхнікум, у 1921 годзе — вышэйшы сельскагаспадарчы тэхнікум (з 1924 ветэрынарны інстытут), мастацкае вучылішча. З 1921 па 1924 год працавала Беларуская секцыя пры Віцебскім губернскім аддзеле народнай асветы.
У 1940 годзе у Віцебску 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадукацыйныя школы, 15 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 4 ВНУ, 2 навукова-даследчыя ўстановы.
Сёння навуковы комплекс горада прадстаўлены галіновымі навукова-даследчымі інстытутамі, канструктарскімі арганізацыямі, ВНУ і іншымі навучальнымі ўстановамі. Віцебск мае добра распрацаваную сістэму адукацыі, што дазваляе забяспечыць шырокую і высокую кваліфікацыю насельніцтва горада.
Сістэма дашкольнага выхавання і агульнай сярэдняй адукацыі горада складаецца з 98 дашкольных устаноў (у тым ліку 3-х цэнтраў развіцця дзіцяці), 42 агульнаадукацыйных школ, ліцэя, 9 гімназій, 3 школ-інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дзейнічае абласное аб’яднанне пазашкольнай работы.
Акрамя таго працуюць музычнае вучылішча, 4 музычныя школы, 3 школы мастацтваў, мастацкая школа.
У горадзе 12 каледжаў, 11 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у т. л. Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі дзяржаўны політэхнічны каледж, Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі каледж імя акадэміка І. П. Антонава, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі.
У Віцебску 4 дзяржаўныя ВНУ[56]:
- Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны
- Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт
- Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава
- Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт
Спорт
У Віцебску жыў першы ў Беларусі майстар спорту СССР па шахматах Уладзіслаў Іванавіч Сіліч. Горад даў свету чэмпіёнаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў, Еўропы такіх як: Рамуальд Клім (молат), Ларыса Петрык і Тамара Лазаковіч (выхаванцы заслужанага трэнера СССР Вікенція Дзмітрыевіча Дзмітрыева), Аляксандр Туміловіч, Юрый Балабанаў, Таццяна Аржанікава, Аляксей Сінкевіч (спартыўная гімнастыка), Вячаслаў Яноўскі і Сяргей Ляховіч (бокс), Ігар Каныгін (барацьба), Таццяна Івінская (баскетбол), Іван Лапшын і Аляксандр Каваленка (патройны скачок), Аляксандр Паташоў (спартыўная хадзьба), Віктар Куранцоў і Мікалай Кастылёў (цяжкая атлетыка), Ігар Сумнікаў і Зінаіда Стагурская (веласпорт), Таццяна Палюх, Лілія Іванова, Галіна Лебедзева, Дзмітрый Паляруш, Яўген Бяляеў, Мікалай Казак (батут), Вадзім Сашурын, Аляксей Айдараў, Пётр Івашка (біятлон). Паспяхова выступалі на алімпійскіх арэнах А. Паташоў (хадзьба), У. Котаў (марафон), Т. Шляхто (скачкі ў вышыню), Т. Мцута (бег на 400 м з бар’ерамі), Л. Караткевіч (кіданне дыска). Дванаццаці віцяблянам прысвоена званне «Заслужаны майстар спорту СССР».
На XVI Алімпійскіх гульнях, якія адбыліся ў 1956 годзе у г. Мельбурн, упершыню ў складзе зборнай СССР па лёгкай атлетыцы выступіў віцяблянін Яўген Сакалоў.
У 1964 годзе віцяблянін Рамуальд Клім на XVIII Алімпійскіх гульнях у Токіа заваяваў залаты медаль у кіданні молата[57].
Сёння ў горадзе існуе 21 спецыялізаваная спартыўная школа, дзе займаецца больш за 8 тысяч дзяцей і падлеткаў. Найбольш папулярныя віды спорту ў горадзе — гімнастыка, батут, лёгкая атлетыка, плаванне, біятлон, лыжныя гонкі, футбол, хакей, барацьба, бокс, цяжкая атлетыка. Вядзецца падрыхтоўка больш чым па 30 алімпійскіх відах спорту. Працуе Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву.
Спартыўныя збудаванні горада складаюцца з Цэнтральнага спартыўнага комплексу, Лядовага Палаца спорту, больш за 140 спартыўных залаў, басейнаў, больш за 300 адкрытых пляцовак і іншых спартыўных збудаванняў.
Кожны год у Віцебску праводзіцца больш за 200 спартыўных спаборніцтваў гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню і 50 відах спорту: міжнародныя турніры на прызы алімпійскіх чэмпіёнаў Т. Івінскай-Белашапка (баскетбол), В. Яноўскага (бокс), І. Каныгіна (грэка-рымская барацьба), Т. Лазаковіч (спартыўная гімнастыка); на прызы Герояў Савецкага Саюза Л. Даватара (барацьба), З. Партновай (скачкі ў вышыню), І. Чарняхоўскага (атлетычная гімнастыка), М. Шмырова (плаванне), М. Сільніцкага (скачкі на батуце) і П. Машэрава (легкая атлетыка)[58].
Футбольны клуб ФК Віцебск удзельнічае ў Вышэйшай лізе Беларусі. У другой лізе горад прадстаўляў ФК Мясакамбінат Віцебск.
Хакейны клуб — ХК Віцебск.
Ахова здароўя
Асноўны артыкул: Ахова здароўя Віцебска Функцыянуе 16 асобных лячэбна-прафілактычных устаноў, 5 абласных медыцынскіх дыспансераў, 4 гарадскія бальніцы і бальніца хуткай медыцынскай дапамогі, два цэнтры санітарна-гігіенічнага і прафілактычнага напрамку, абласны дыягнастычны цэнтр, разгалінаваная сетка дзяржаўных і прыватных аптэк.
Дзейнічае Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў і Віцебскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.[59] Медыцынскія ўстановы горада, акрамя спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, ажыццяўляюць санітарную асвету і прапаганду здаровага ладу жыцця, нарыхтоўку донарскай крыві, медэкспертызу, санітарны нагляд за эпідэміялагічнай сітуацыяй і захаваннем санітарных нормаў на вытворчасці.
Рэлігія
Асноўныя артыкулы: Віцебская і Аршанская епархія, Віцебская дыяцэзія і Спіс храмаў Віцебска
Сёння ў Віцебскай епархіі налічваецца 106 прыходаў, 4 манастыры, дыяканічны цэнтр, 5 брацтваў, 15 сястрыцтваў. У 1996 годзе было адкрыта Віцебскае праваслаўнае вучылішча. Працуюць нядзельныя школы пры кожным храме горада[60].
У горадзе існуе чатыры парафіі: пры касцёле Св. Варвары, пры касцёле Св. Антонія Падуанскага (вул. Гагарына), пры касцёле Іісуса Міласэрнага (вул. Воінаў-інтэрнацыяналістаў), пры касцёле Маці Божай Саліцынскай (пр. Чарняхоўскага). Большая колькасць каталіцкіх храмаў (акрамя касцёла Св. Варвары) знаходзіцца ў стадыі перабудовы і рэканструявання.
У Віцебску дзейнічае евангелічна-лютэранскі храм (вул. 1-ая Лінія, д. 15), грэка-каталіцкая царква (вул.2-я Войкава) і сінагога (вул. Калгасная, 4).
У 2009 г. Віцебск наведаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл[61].
СМІ
1838 год стаў годам нараджэння першай віцебскай газеты — «Віцебскія губернскія ведамасці», якая выдавалася да 1918 года. У ёй былі афіцыйны і неафіцыйны аддзелы. Прычым апошні набыў статус самастойнай газеты і ў далейшым, пачынаючы з 1901 года, выдаваўся асобна. У ім асвятляліся мясцовае жыццё, падзеі за мяжой, друкаваліся матэрыялы па пытаннях эканомікі, культуры, народнай асветы.
Прыкметнай з’явай у другой палове XIX стагоддзя стала выданне «Полацкіх епархіяльных ведамасцей» (Віцебск, 1874—1916). Буржуазны грамадска-палітычны друк прадстаўлялі газеты «Віцебскі лісток» (1898—1899) і «Віцебскае жыццё» (1906).
У 1916—1917 гадах выдаваўся штотыднёвы грамадска-палітычны часопіс «Віцебскі край». На яго старонках з добразычлівых пазіцый адлюстроўваўся лёс беларускага народа і яго культуры, станаўленне і развіццё роднай мовы і літаратуры.
3 лютага 1916 па ліпень 1919 года ў Віцебску выходзіла прыватная газета «Віцебскі лісток» (у 1917 годзе выдаваўся дадатак да яе — «Вячэрні бюлетэнь»).
У 1917 годзе бальшавікі Віцебска пачалі выдаваць газету «Весткі ваенна-рэвалюцыйнага камітэта горада Віцебска». Яе назва неаднойчы мянялася 1924—1929 гадах — «Заря Запада», 1929—1938 гадах — «Віцебскі пралетарый», з 1938 года — «Віцебскі рабочы».
У 1919—1923 гадах выходзіў часопіс «Камуністычная праца», які з’яўляўся органам губернскага камітэта РКБ(б) і губпрафсаюза, а ў 1920—1921 гадах выдаваўся часопіс «Голас працы», заснавальнікам якога стаў губсавет прафсаюзаў.
У 1924—1927 гадах з’явілася першае выданне для вясковых жыхароў — «Віцебская сялянская газета».
3 1919 па 1921 год у Віцебску дзейнічала аддзяленне РасТА, якое рыхтавала агітплакаты, лістоўкі, брашуры, вусную і светлавую газеты. У 1921 годзе ім быў заснаваны «Часопіс Віцебскага аддзялення РасТА».
У наступныя гады ў розны час выдаваліся часопісы «Мастацтва», «Парус», «Штурм», «Беларуская ветэрынарыя».
У часы гітлераўскай акупацыі выходзіла газета «Беларускае слова». У снежні 1990 года з’явіўся першы нумар абласной газеты «Народнае слова», а ў сакавіку 1991 года пачала выходзіць газета Віцебскага гарвыканкама і гарадскога Савета дэтутатаў «Віцьбічы». Выходзілі таксама незалежныя газеты «Выбар» і «Віцебскі кур’ер» (зачынены).[62].
3 цягам часу ў вобласці сталі працаваць карэспандэнцкія пункты рэспубліканскіх выданняў «Звязда», «Советская Белоруссия», «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларуская ніва», інфармацыйнага агенцтва БелТА, АТН, рэспубліканскага радыё. Пасля была створана карэспандэнцкая сетка АНТ, СТБ, агенцтва «Інтэр-факс» і шэрагу іншых рэспубліканскіх СМІ.
3 1927 года пачало вяшчанне віцебскае абласное радыё. У 1998 годзе ўпершыню прагучалі пазыўныя радыёстанцыі «Радыё „Віцебск“».
1960 год стаў годам нараджэння абласнога тэлебачання.
Шэраг газет з’яўляюцца ведамаснымі. Гэта «02» (УУС), «Наша жизнь» (газета ВДУ імя П. М. Машэрава — зараз «Мы і час»), «Медвузовец» (ВДМУ) і інш.
Тэлевізійнае вяшчанне прадстаўлена эфірнымі і кабельнымі праграмамі, колькасць якіх вагаецца ў залежнасці ад рэгіёнаў.
У абласным цэнтры, акрамя 8 эфірных праграм (АНТ, БТ, РТР, НТБ-Беларусь, «Лад», СТБ, «Скіф», «Арт-Відэа»), трансліруецца да 40 праграм кабельнага тэлебачання.
Буйнейшым аператарам кабельнага тэлебачання з’яўляецца ААТ «Тэхна-гандлевы цэнтр „Гарант“» (г. Віцебск).
Недзяржаўная тэлекампанія «Скіф» мае свае рэгіянальныя студыі ў гарадах Віцебск, Орша, Полацк[63].
Адміністрацыйны падзел
Асноўны артыкул: Раёны Віцебска
Горад падзяляецца на 3 раёны:
- Чыгуначны, размешчаны ў заходняй частцы горада на правым беразе Заходняй Дзвіны.[64]
- Кастрычніцкі, тэрыторыя якога з’яўляецца гістарычным, культурным і прамысловым цэнтрам горада і ў цяперашні момант займае плошчу звыш за 3500 га.[65]
- Першамайскі, складаецца з двух вялікіх частак, размешчаных па берагах Заходняй Дзвіны і Лучосы ў паўднёвай частцы горада.[66]
Гарадская планіроўка
У Віцебску больш за 700 вуліц і завулкаў, 7 праспектаў і 7 плошчаў.
- Вуліца Кірава, вуліца Леніна, вуліца Замкавая, вуліца Камісара Крылова, вуліца Дзімітрава, вуліца Кастрычніцкая, Вуліца Камуністычная, вуліца Энгельса.
- Плошча Перамогі, Прывакзальная плошча.
У Віцебску 11 мастоў, сярод іх: Кіраўскі мост, Пушкінскі мост, Кастрычніцкі мост, мост Блахіна, Юбілейны мост, мост Тысячагоддзя, мост Баўмана, мост Шмырова.
Архітэктура
Першаасновай горада было гарадзішча (Замкавая гара) на высокім узгорку, вакол якога ў IX — пачатку X стагоддзя ўзніклі тры паселішчы. У X—XIII стагоддзях горад фармаваўся паводле прынцыпаў старажытнага горадабудаўніцтва: уяўляў сабой умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся навакольны горад (пасад). У XII стагоддзі цэнтр Віцебскага княства. Са збудаванняў таго часу вядомы гасціны двор, Дабравешчанская царква. У 2-й палове XIII — пачатку XIV стагоддзяў планіровачная структура складалася з двух умацаваных замкаў: Верхні (былы дзядзінец) і Ніжні (былы пасад), да якіх далучаліся неўмацаваныя слабоды — Узгорская (поўнач), Заручаўская (поўдзень), Задунаўская (усход), Задзвінская (захад). У пачатку XVI стагоддзя Узгорская слабада была абкружаная драўлянымі сценамі, пераўтварылася ў трэці замак — Узгорскі. Кожны замак меў замкнёную планіровачную структуру са сваім кампазіцыйным цэнтрам, усе тры замкі былі цесна звязаныя паміж сабой. Уяўленне аб планіроўцы і забудове гораду дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» 1664 года. Сярод будынкаў XVII стагоддзя вядомы гасціны двор, Святадухаўская царква, Міхайлаўская царква, Сімяонаўская царква, Спаса-Праабражэнская царква, Увядзенская царква, палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфармавалася Віцебская школа дойлідства[67].
Рэгулярныя планы для Віцебску распрацоўваліся ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя, да канца XIX стагоддзя былі часткова рэалізаваныя. Планіровачна горад падзяляўся на тры часткі: Узгорскую (паміж Заходняй Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на процілеглым правым беразе Заходняй Дзвіны). Сфармаваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з дзвюх плошчаў: Рыначнай і Саборнай. У ансамбль Саборнай плошчы ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, будынак акруговага суда. Рыначную плошчу фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Заходняй Дзвіны ў стылі класіцызму пабудаваны палац губернатара. У розных частках гораду знаходзіліся Мікалаеўская царква, Траецкая царква, Успенская царква і манастыр базыльян, Казанская царква, Варварынскі касцёл.
З пракладкай лініі чыгункі была створаная Прывакзальная плошча, дзе ўзведзены будынак чыгуначнага вакзала (1866) і пракладзеная новая вул. Вакзальная (сучасная вул. Кірава), якая падыходзіла да моста (першапачаткова драўлянага, з 1867 года — мураванага) цераз Заходнюю Дзвіну і звязала левабярэжную і правабярэжную часткі горада. У 1897 годзе пабудавана электрастанцыя, у 1898 годзе у цэнтры пракладзеныя две лініі трамвая на электрычнай цязе (першы на Беларусі). Новая жылая забудова ўзнікала за лініяй чыгункі, што значна пашырыла Задзвінскую частку. У горадзе былі ўзведзеныя будынкі чыгуналіцейных майстэрняў (1877), фабрык тытунёвай (1878), акулярнай (1892), кардоннай (1898), ільнопрадзільнай «Дзвіна» (1900, пабудаваная Бельгійскім акцыянерным таварыствам у слабадзе Маркаўшчына). У 1890 годзе пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара горада Ціхана Кібардзіна быў распрацаваны новы праектны план Віцебска. Сярод грамадскіх будынкаў вылучаліся: мужчынская гімназія (1880, разбураная ў 1975), будынак жаночага епархіяльнага вучылішча, будынак пазямельна-сялянскага банка, будынак духоўнага вучылішча. У цэнтральнай частцы горада ў 1912 годзе пастаўлены помнік героям Айчыннай вайны 1812 года[67].
Першы генплан рэканструкцыі Віцебска, распрацаваны ў 1938 годзе Дзіпраградам УССР пад кіраўніцтвам архітэктара А. Касьянава, вызначыў перспектывы далейшага развіцця горада з улікам яго гістарычных асаблівасцей. З пачатку 1930-х гадоў вядзецца комплекснае мураванае будаўніцтва — ствараюцца жылыя пасёлкі каля буйных прамысловых прадпрыемстваў (пас. Пралетарская слабада — былая Маркаўшчына, каля фабрыкі імя «КІМ», па вул. Горкага). На галоўных магістралях горада ўзведзеныя чатырохпавярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, дзе ў адным будынку аб’ядноўваліся жылыя і грамадскія памяшканні. Для вядучых спецыялістаў горада пабудаваны жылы дом спецыялістаў, дом-камуна — пошук новага тыпу жылля. Новым тыпам грамадскіх будынкаў з’явіўся клуб металістаў[67].
У 1-я пасляваенныя дзесяцігоддзі горад аднаўляўся і развіваўся па генпланах 1946 года (аблпраект, г. Харкаў), яго карэкціроўкі 1956 годзе (Віцебскі філіял інстытута «Белдзяржпраект»), новым генплане 1966 года (інстытут «Віцебскграмадзянпраект»). Былі адноўленыя і ўзведзеныя новыя прамысловыя прадпрыемствы такія як станкабудаўнічы завод імя Кірава, фабрыкі панчошна-трыкатажная імя «КІМ», абутковая «Чырвоны Кастрычнік», швейная «Сцяг індустрыялізацыі», хлебазавод, маслазавод, дывановы камбінат, дрэваапрацоўчы камбінат і інш.). Праводзілася рэканструкцыя гарадскога цэнтру — вул. Кірава з Прывакзальнай плошчай; вул. Леніна з плошчамі Леніна, Свабоды, Перамогі. У гэты перыяд узведзеныя: чыгуначны вакзал, гатэль «Дзвіна» (архітэктары В. Ладыгіна, Я. Заслаўскі), Палац культуры на пл. Леніна (архітэктар А. Ефрамянак), будынак Беларускага Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра, Усходні прамысловы вузел на праспекце Фрунзэ і інш. У 1970—80-я гады развіццё горада ажыццяўлялася па генпланам 1975 года і 1982 года (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва)[67].
Планіровачную структуру фарміруюць сем планіровачных раёнаў. Асноўным раёнам жылога будаўніцтва з’яўляецца Паўднёва-Усходні (з 1980 узводзяцца 5—9—12-павярховыя жылыя дамы і грамадскія будынкі ў мікрараёнах Поўдзень-1, Поўдзень-2, Поўдзень-3 і інш.). У 1974 годзе завершаны ансамбль плошчы Перамогі, створаная плошча Тысячагоддзя Віцебска (былая Тэатральная плошча). У 1970—80-я гады ўзведзеныя жылыя дамы: шаснаццаціпавярховы (архітэктары У. Зубкоў, З. Конаш) з кінатэатрам «Беларусь», дзевяціпавярховы з магазінам «Дзіцячы свет», дзесяціпавярховы з рэстаранам «Аўрора» (архітэктары Аляксандр Бельскі, А. Расейкін), 8—9-павярховы (архітэктары З. Озерава, Г. Махмутаў) і пяціпавярховы пяцісоткватэрны (архітэктары Махмутаў, П. Панамароў), чатырнаццаціпавярховы (архітэктары В. Данілаў, З. Даўгяла) па Маскоўскім праспекце. Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы інстытутаў — медыцынскага (архітэктар Данілаў), педагагічнага (архітэктары Зубкоў, Конаш), ветэрынарнага (архітэктар А. Грачышнікаў), дванаццаціпавярховы гатэль «Віцебск», корпус праектна-канструктарскага бюро АСУ (архітэктары Махмутаў, Л. Ільінаў), будынак філіяла інстытута «Белдзяржпраект» (архітэктары Бельскі, Данілаў), сямнаццаціпавярховы інтэрнат абутковай фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» (архітэктар Грачышнікаў), Палац культуры прафсаюзаў (архітэктары В. Кірылаў, Бельскі), комплекс вышынных будынкаў інтэрнатаў па праспекце Перамогі (архітэктары А. Асяненка, В. Лукомскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (архітэктар В. Бабашкін) і інш. У комплекс грамадскага цэнтра ўваходзіць парк імя М. В. Фрунзэ на берагах р. Віцьба (архітэктары М. Жлабо, Л. Кузняцова, Л. Нардштэйн). Цераз Віцьбу ўзведзеныя новыя пешаходныя масты (Пушкінскі, Баўманскі, Юбілейны), цераз Заходнюю Дзвіну — транспартныя (Блахіна і Новы Мост). У цэнтральнай частцы захавалася гістарычная планіроўка XVI—XVII стагоддзяў, мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і дойлідства XVIII — пачатку XX ст[67].
Асноўнымі структурнымі восямі гістарычнага раёна служаць участкі мерыдыянальнага і шыротнага гарадскіх дыяметраў. У большай ступені гістарычная забудова лакалізуецца ўздоўж мерыдыянальнага напрамку — вуліцы Леніна. На перакрыжаванні восяў знаходзіцца тэрыторыя былых адміністрацыйнай і ратушнай плошчаў. Вежа ратушы — адзіная вертыкаль калісьці развітога шматвежавага сілуэта Віцебска. Жылыя і грамадскія будынкі XVIII — пачатку XX стагоддзя фарміруюць забудову вуліц Суворава, Л. Талстога, Крылова, Савецкай, Пушкіна і іншых, на асобных участках размешчаную суцэльным фронтам, а дзе-нідзе — больш рэдка, напрыклад у Задзвінні. Да асноўных помнікаў, якія захаваліся, адносяцца фрагменты Благавешчанскай царкпы, трынітарскі храм з манастырскай пабудовай, карпусы базыльянскага манастыра, Варварынскі касцёл, будынкі акруговага суда і жаночага духоўнага вучылішча і іншыя[68].
У параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі ў Віцебску існуе адносна многа помнікаў эпохі класіцызму[68].
Знішчэнне архітэктурнай спадчыны
Акрамя значных страт архітэктурнай спадчыны трэба адзначыць моцна скажоны сучасным будаўніцтвам культурны пласт Верхняга і Ніжняга замкаў[68].
3 28 культавых будынкаў, якія фарміравалі унікальныя панарамныя віды горада, захаваліся толькі два храмы, «заціснутыя» новай забудовай. Некаторыя разбураны ў 1930-ых, многія пацярпелі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасля не былі адноўлены, іншыя — знесены ў працэсе пасляваеннай рэканструкцыі горада. Знішчаны помнікі барока, які складалі ансамбль ратушнай і адміністрацыйнай плошчаў — езуіцкі касцёл і карпусы калегіума, бернардзінскі касцёл з кляштарнымі будынкамі, што існавалі яшчэ ў канцы 1950-ых, а таксама Васкрасенская царква. Знішчаны гасціны двор, які прымыкаў да бернардзінскага касцёла. Цалкам разбурана галоўная дамінанта горада — базыльянскі касцёл і размешчаная насупраць, на правым беразе Дзвіны Богаяўленская царква, ад якой засталася толькі магутная падпорная сцяна ў берагавым схіле. Ад своеасаблівай групы з трох храмаў на тэрыторыі Ніжняга замка — Благавешчанскай царквы, парафіяльнага і дамініканскага касцёлаў захаваліся толькі руіны царквы, прыстасаваныя для агляду і падвергнутыя кансервацыі. Да найбольш істотных у горадабудаўнічых адносінах страт адносіцца таксама знос Святадухаўскай царквы на высокім плато, якая цудоўна ўспрымалася з розных бакоў, здвоеных дамінантаў у Задзвінні — Мікалаеўскай царквы і піярскага касцёла. Не засталося і праваслаўных і каталіцкіх храмаў — калісьці шматлікіх у розных раёнах горада[68].
У 1970-х знесена вялікая група жылых і грамадскіх будынкаў XVIII — начатку XX стагоддзя паблізу ратушнай плошчы з усходняга боку вуліцы Леніна, чыя недастатковая шырыня ўскладняла рух грамадскага транспарту. Такім чынам традыцыйна замкнёная прастора вуліцы апынулася раскрытай на ландшафтную зону, што неправамерна ва ўмовах гістарычнага горада[68].
Без горадабудаўнічай неабходнасці разбурана група будынкаў XVIII — пачатку XX стагоддзя плошчы Свабоды на рагу вуліцы Леніна і праспекта Фрунзэ, сярод якіх — будынак школы пры езуіцкім калегіуме. Знесены манументальны гістарычны будынак па вуліцы Замкавай, у якім размяшчаўся педагагічны інстытут[68].
Славутасці
Помнікі архітэктуры
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Віцебска Як помнік горадабудаўніцтва XVI—XVIII стагоддзяў захоўваецца гісторыка-архітэктурная зона з фрагментамі забудовы вуліц, жылымі дамамі, будынкамі грамадзянскіх устаноў XVIII—пачатку XX стагоддзяў.
- Верхні замак, Ніжні замак, Узгорскі замак, Задунаўская слабада, Заручаўская слабада — помнікі археалогіі
- Віцебскі дом-камуна
- Віцебскае епархіяльнае жаночае вучылішча
- Віцебская ратуша
- Віцебскі клуб металістаў
- Віцебскі палац губернатара
- Дом-музей Марка Шагала
- Свята-Духаў манастыр
- Свята-Троіцкі Маркаў манастыр
- будынак Акруговага суда
- будынак корпуса манастыра базыльян
- будынак Віцебскага банка
- будынак Віцебскай настаўніцкай семінарыі
- будынак Віцебскага акруговага суда
- Дом спецыялістаў
- Касцёл Святога Антонія Падуанскага (2017)
Храмы Віцебска
Асноўны артыкул: Спіс храмаў Віцебска
- Успенскі сабор і манастыр базыльян (Віцебск)
- Пакроўскі сабор у Віцебску
- Віцебская Успенская царква
- Касцёл Святой Варвары
- Віцебская Дабравешчанская царква
- Віцебская Свята-Георгіеўская царква
- Царква ў імя роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія
- Царква ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага
- Свята-Васкрасенская царква (Рынкавая)
- Свята-Духаўскі жаночы манастыр
- Царква ў гонар прападобнай Ефрасінні Полацкай
Страчаная спадчына
- Замкі (Х, XIV стагоддзі)
- Касцёл Святога Антонія (18 стагоддзе)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Фарны) (1749)
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар дамініканцаў (1771)
- Касцёл Святога Іосіфа і калегіум езуітаў (1716—1751)
- Кляштар марыявітак (XVIII стагоддзя)
- Касцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар піяраў (XVIII стагоддзя)
- Манастыр Святой Тройцы (1576)
- Палац Агінскіх (XVII стагоддзя)
- Сінагога
- Віцебская Свята-Раства Багародзіцкая царква. Знаходзілася ў раёне сучасных вуліц Дзімітрава і Зяньковай. Пабудавана ў 1886 годзе з цэглы. Мела 2 купалкі, званіцы не было. Фасады чляніліся 14 вялікімі аконнымі праёмамі. Ацяплялася 2 кафлянымі печамі.[69]
- Віцебская Сімяонаўская царква
- Віцебская Спаса-Праабражэнская царква
- Віцебская Спаская царква. Знаходзілася ва Узгорскай частцы горада, на левым беразе Заходняй Дзвіны. Пабудавана ў XVII стагоддзі на Вострай-Спаскай гары (Вострая магіла) з дрэва. У 1810 годзе на месцы старажытнага пабудаваны мураваны храм. У 1812 годзе разбураны па загаду Напалеона, адноўлены ў 1813—1819 гадах (перабудоўваўся ў 1847 і 1855 гадах, асвячоны ў 1863).[68]
- Віцебская Троіцкая царква
- Віцебская Увядзенская царква
- Свята-Васкрасенская царква (Заручаўская)
Фотагалерэя
Вядомыя асобы
Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Віцебска і Ганаровы грамадзянін горада Віцебска
- Іегуда Пэн (1854—1937), мастак, педагог, адна з ключавых постацяў «яўрэйскага рэнесансу» ў беларускім мастацтве
- Марк Шагал (1887—1985), мастак-авангардыст
- Мікалай Каспяровіч (1900—1937), краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец
- Пётр Машэраў (1918—1980), дзяржаўны дзеяч, Герой Савецкага Саюза
- Яўген Агрэст (нар. 1966), шахматыст, шматразовы чэмпіён Швецыі
- Рыгор Міхайлавіч Баталаў, Герой Савецкага Саюза
- Афанасій Белабародаў (1903—1990), савецкі военачальнік, двойчы Герой Савецкага Саюза
- Восіп Вайніловіч (1860—1890), рэвалюцыянер-народнік, публіцыст
- Сяргей Мікалаевіч Вайцяхоўскі — расійскі і чэхаславацкі ваенны дзеяч.
- Ялегі Пранціш Вуль (1835 — 1880-я), беларускі паэт
- Іван Гарбачэўскі (1800—1869), дзекабрыст, мемуарыст
- Карл Іванавіч Гібенталь (1786—1860), вынаходнік гіпсавай імабілізацыі ў медыцыне, вядомы практык-эпідэміёлаг
- Іосіф-Еўзель Гінцбург (1812—1878), расійскі філантроп, фінансіст, барон
- Карл Грыгаровіч (1868—1921), беларускі скрыпач і педагог; інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі
- Таццяна Дзягілева, беларуская супермадэль
- Сцяпан Сямёнавіч Дудышкін, рускі журналіст, літаратурны крытык
- Сцяпан Жабінскі (1894— ?), рэдактар газеты «Звязда», грамадскі дзеяч, ахвяра рэпрэсій сталінізму
- Рыгор Піліпавіч Клікушын, беларускі кніжны графік
- Лазар Лагін (1903—1979), савецкі пісьменнік
- Міхаэль Сямёнавіч Лайтман, заснавальнік Міжнароднай Акдэміі кабалы
- Тодар Лебяда (сапр. Пётр Шырокаў; 1914—1970) — беларускі драматург, паэт, празаік, публіцыст
- Дзмітрый Лугаўской (1918—1989) — лётчык Савецкіх ВПС, Герой Савецкага Саюза (1944)
- Аляксандр Раманоўскі (1915—1955), беларускі і аўстралійскі мастак.
- Аркадзь Розенгольц (1889—1938) — савецкі дзяржаўны дзеяч; наркам знешняга гандлю СССР (1930—1937); ахвяра сталінскіх рэпрэсій
- Франц Сіўко, пісьменнік (нар. 1953)
- Зінаіда Стагурская (1971—2009), велагоншчыца
- Марк Фрадкін (1914—1990), савецкі кампазітар
- Фёдар Львовіч Шапіра, савецкі фізік-ядзершчык
- Леў Шапялевіч (1863—1909), гісторык літаратуры і археолаг
- Пётр Явіч (1918—2008) мастак, вучань І. Пэна
- Мікалай Мікалаевіч Яроменка (малодшы) (1949—2001), народны артыст Расіі, акцёр
- Мікалай Карнілавіч Васількоў, генерал-лейтэнант СССР
Гарады-пабрацімы
Гарады-пабрацімы[70]
Гарады-партнёры
- Хаскава
- Нінбург
- Франкфурт-на-Одэры
- Рышон-ле-Цыён
- Харбін
- Даўгаўпілс
- Рэзэкнэ
- Геленджык
- Пскоў
- Самара
- Смаленск
- Ступіна
- востраў Готланд
Аб’екты, названыя ў гонар Віцебска
- (264061) Віцебск, астэроід
- Віцебская вуліца, вуліца ў Маскве
- карабель «Віцебск»
- Віцебскі праспект, адна з галоўных магістраляў паўднёвай часткі Санкт-Пецярбурга,
- Віцебская вуліца ў Мінску,
- Вуліца, праспект і тупік у Магілёве.
Зноскі
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Татьяна Соловьева Жители Витебска называют себя по-разному: «витебчане» и «витебляне». Какой же вариант верный?(руск.) . — Придвинье, 2012.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Хроніка Вартберга.
- 1 2 Лемцюгова В. П. : Прадмова да даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь»
- ↑ B. H. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II // Балтославянские исследования 1987. - М., 1989. - С. 63-64.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 53.
- ↑ Сапунов А. П. Историко-статистический очерк города Витебска Архівавана 9 сакавіка 2009. / Комис. по работе в архивах Витебской епархии; Подг. интернет-публ. свящ. Владимира Горидовца. — Изд. отд. Витебской епархии. — Витебск, 2006.
- ↑ Мікола Касьпяровіч // Віцебскі краёвы слоўнік (матар’ялы), Віцебск. 1927, С.364
- ↑ Віцебск // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- ↑ Русецкий А. В. Художественная культура Витебска с древности до 1917 года / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий; Худ. В. Г. Загородний. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 26
- ↑ Шишанов В. 974, 947 или 914? // Витебский проспект. 2005. № 45. 10 нояб. С.3.
- ↑ Вароніч, Т. Крэдытныя ўстановы Віцебска на мяжы ХІХ — ХХ стст. / Т. Вароніч // Беларускі гістарычны часопіс. — 2004. — № 1. — С. 19-23.
- ↑ Віцебскі трамвай / аўтары тэкста У. А. Максімаў, Л. І. Пракапенкаў. — Мн., 1990 — 15 с.
- ↑ Полетаева, Н. И. Купечество Витебска : количественная динамика и социально-демографический состав : (60-я годы ХІХ — начало ХХ в.) / Н. И. Полетаева // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2002. — № 4. — С. 8-13.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Дзядзюля А. Сапраўдны твар вайны яшчэ трэба намаляваць // Звязда : газета. — 30 чэрвеня 2011. — № 121 (26985). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 25 красавіка 1958 г. Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Віцебска населеных пунктаў Журжава і Паўночны // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1958, № 4.
- ↑ Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. — Мн., 1988. — С. 8-12, 272—273.
- ↑ Месторождение доломитов Руба // Высоцкий, Э. А. Геология и полезные ископаемые Республики Беларусь / Э. А. Высоцкий [и др.]. — Мн., 1996. — С. 117—119.
- ↑ Окружающая среда и природные ресурсы Витебской области : статистический сборник / И. Н. Прудникова. — Витебск, 2006. — 26 с.
- ↑ Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2007. — 477 с.
- ↑ Парки // Рэгіёны Беларусі: энцыклапедыя. У 7 т. = Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. (руск.) / Т. В. Белова (гл. ред.). — Мн.: БелЭн, 2011. — Т. 2. Витебская область. В 2 кн. Книга 2. Кривоблоцкий — Яцкевич. — 636 с. — 2 500 экз. — ISBN 978-985-11-0562-1.
- 1 2 Экалагічны бюлетэнь за 2010 год. Глава 10. Зялёныя насаджэнні і прыродныя экасістэмы ў гарадах
- 1 2 3 4 Кравчук, Л. А. Структурно-функциональная организация ландшафтно-рекреационного комплекса в городах Беларуси / Л. А. Кравчук. — Минск: Беларус. навука, 2011. — 171 с. — ISBN 978-985-08-1264-3. стар. 90-91
- ↑ Парк центральный культуры и отдыха имени Советской Армии // Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн. : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — 408 с. ISBN 5-85700-004-1
- ↑ Парки культуры и отдыха // Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн. : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — 408 с. ISBN 5-85700-004-1
- ↑ В Витебске появится парк Победителей Архівавана 29 верасня 2020.
- ↑ Ботанический сад Витебского государственного университета // Рэгіёны Беларусі: энцыклапедыя. У 7 т. = Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. (руск.) / Т. В. Белова (гл. ред.). — Мн.: БелЭн, 2010. — Т. 2. Витебская область. В 2 кн. Книга 1. Абазовский — Кривоблоцкая. — 533 с. — 2 500 экз. — ISBN 978-985-11-0525-6.
- 1 2 Витебский зоологический парк
- ↑ Зоопарк на трассе: воскресный фоторепортаж «ННВ»
- ↑ Экалагічны бюлетэнь за 2009 год. Глава 10. Зялёныя насаджэнні і прыродныя экасістэмы ў гарадах
- ↑ Народныя навіны Віцебска(англ.) бел.
- ↑ 7,22 гектара. История площади Победы в Витебске — самой большой в Беларуси Архівавана 25 снежня 2016.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. С. 208.
- ↑ Łabuński J. Witebsk // Słownik geograficzny… T. XIII. — Warszawa, 1893. S. 633.
- 1 2 3 4 5 6 7 Łabuński J. Witebsk // Słownik geograficzny… T. XIII. — Warszawa, 1893. S. 634.
- ↑ Віцебск Архівавана 10 кастрычніка 2008. // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Калядзінскі Л., Ткачоў М., Космач В., Сяргеева В. Віцебск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 313.
- ↑ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Прамысловыя прадпрыемствы Віцебска // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2003. — Кн. 2. — С. 453—460.
- ↑ Программа социально-экономического развития города Витебска на 2006—2010 годы : утв. Решение Витеб. гор. Совета депутатов 08.12. 2006 № 199 // Национальный Реестр правовых актов Республики Беларусь. — 2007. — № 102. — С. 70-80.
- 1 2 Культурнае жыццё // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2002. — Кн. 1. — С. 260—263.
- ↑ Саюз творцаў = A Union of creators : фотоальбом / уклад. і аўтар тэксту М. Л. Цыбульскі; рэд. С. У. Пешын. — Мн., 2005. — 146 с.: іл.
- ↑ Віцебск. Мастацкае жыццё // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1997. — Т. 4. — С. 210—211.
- ↑ Краснянский, В. Краткий очерк музейного строительства в Витебске / В. Краснянский // Віцебскі сшытак. — 2000. — № 4. — С. 206—211.
- ↑ [Літаратурнае жыццё] // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1997. — Т. 4. — С. 211.
- ↑ Віцебск. Тэатральнае жыццё // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2002. — Т. 1. — С. 212—214.
- ↑ Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2003. — Кн. 2. — С. 450.
- ↑ Адукацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч [і інш.]. — Мн., 1993. — Т. 1. — С. 63.
- ↑ Віцебская мужчынская гімназія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.]. — Мн., 1994. — Т. 2. — С. 326.
- ↑ Віцебская Марыінская жаночая гімназія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.]. — Мн., 1994. — Т. 2. — С. 326.
- ↑ [Витебск. Образование и культура] // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 2. — С. 683—684.
- ↑ Якаўлеў, Р. Дарога на алімп / Р. Якаўлеў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2003. — Кн. 2. — С. 474—475.
- ↑ Спортивная энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. — Мн., 2005. — 504 с.
- ↑ Віцебскі гарвыканкам Архівавана 15 кастрычніка 2012.
- ↑ Храмы и приходы Витебской Епархии Белорусской Православной Церкви : справочник / сост. А. Матвеев, Н. Дубенецкий. — Витебск, 2002. — С. 6-13, 18-78, 198—213.
- ↑ Мядзведзева, В. Віцябчане сустрэлі Свяцейшага ўсмешкамі на тварах / В. Мядзведзева // Звязда. — 2009. — 29 верас. — С. 2.
- ↑ [Перыядычны друк] // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1997. — Т. 4. — С. 211.
- ↑ [Печать, радио, телевидение] // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 2. — С. 685.
- ↑ Віцебскі гарвыканкам. Афіцыйны сайт. — Чыгуначны раён Архівавана 19 ліпеня 2014.
- ↑ Віцебскі гарвыканкам. Афіцыйны сайт. — Кастрычніцкі раён
- ↑ Віцебскі гарвыканкам. Афіцыйны сайт. — Першамайскі раён
- 1 2 3 4 5 Віцебск // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- 1 2 3 4 5 6 7 Страчаная спадчына: Спаская царква // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска: У 2-х кн. / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 680 с.: іл. — С. 620.
- ↑ Кулагін, А. М. Страчаная спадчына: Свята-Раства Багародзіцкая царква / А. М. Кулагін // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска: У 2-х кн. / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 680 с.: іл. — С.
- ↑ http://www.vitebsk.gov.by/ru/goroda-pobratimy-ru/
Літаратура
- Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн. : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — 408 с. ISBN 5-85700-004-1
- Віцебск // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
- Алексеев Л. В. По Западной Двине и Днепру в Белоруссии: [путеводитель] / Л. В. Алексеев. — М.: Искусство, 1974. — с ил. 143 с.
- Алексеев Л. В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии) / Л. В. Алексеев; АН СССР, Институт археологии. — М.: Наука, 1966. — 3 л. карт.: ил., карт.; 295 с.
- Любезный мне город Витебск…. Мемуары и документы. Конец XVIII — начало XIX в. / Вступ. ст., науч., коммент., сост., публ. В. А. Шишанова. — Мн.: Асобны Дах, 2005. — 40 с.
- Памяць: Гіст.-дакументальная хроніка Віцебска: У 2-х кн. Кн. 1-я / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — 648 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0246-6.
- Памяць: Гіст.-дакументальная хроніка Віцебска: У 2-х кн. Кн. 2-я / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — 680 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0257-1.
- Сцяпунін І. Г. І. Успенкі ў Віцебску // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1971. — № 1.
- Шибеко З. Из истории Витебских археологических «курсов» // Неман. — 1980. — № 6.
- Шишанов В. А. Витебский музей современного искусства история создания и коллекции. 1918—1941. — Мн.: Медисонт, 2007. — 144 с.
- Шишанов В. Основание Витебска: ещё одна версия // Витебский курьер. — 1998. — № 33; 5 мая. — С. 1.
- Шишанов В. 974, 947 или 914? // Витебский проспект. — 2005. — № 45; 10 нояб. — С. 3.
- Шишанов В. Последний император на Витебщине // Витебский проспект. — 2008. — № 27; 4 июля. — С. 3.
- Изобразительное искусство Витебска 1918—1923 гг. в местной периодической печати : библиограф. указ. и тексты публ. / сост. В. А. Шишанов. — Мн.: Медисонт, 2010. — 264 с.
- Чарняўская Т. І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі і планіроўкі забудовы горада. — Мн.: Навука і тэхніка, 1980. — 112 с. — 3 100 экз.
Спасылкі
- Геаграфічныя звесткі па тэме Віцебск на OpenStreetMap
- Віцебск на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Прыдзвінскі край — горад Віцебск Архівавана 20 жніўня 2010.
- Віцебская LJ суполка
- Новы форум Віцебска
- Энциклопедия Витебска
- Витебский форум
- http://news.vitebsk.cc/ Архівавана 26 лістапада 2016.
- Витебский сайт
- Гістарычны сайт горада Віцебск
- Віцебскі інфармацыйны сэрвіс Віцебск.by Архівавана 4 мая 2021.
- Сайт о Витебске.
- Шишанов В. А. Витебский музей современного искусства: история создания и коллекции (1918—1941) Архівавана 8 лістапада 2008. Архівавана 4 мая 2009.
- Артыкул «Віцебск» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі
- Афіцыйны сайт Віцебскага абласнога краязнаўчага музея
- План Віцебска 1904 г.pdf Архівавана 28 лютага 2012.
- Карта Віцебска
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Віцебскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Віцебскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Віцебска Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад іншых населеных пунктаў Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Беларусі Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Віцебскага раёна Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Віцебскай вобласці Катэгорыя·Былыя сельсаветы Багушэўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Высачанскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Віцебскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Гарадоцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Кузняцоўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Лосвідскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Лёзненскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Суражскага раёна Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Беларусі Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны Беларусі Катэгорыя·Раёны Віцебска Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны гарадоў Беларусі Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1931 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1937 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2004 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1990 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Віцебскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Віцебскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.