Дубровіца
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дубровіца (значэнні). Дубровіца[1], ці Дубровыця[2] (укр.: Дубровиця), таксама сустракаецца Дубравіца[3] — горад ва Украіне, на рацэ Гарынь. Адміністрацыйны цэнтр Дубровыцкага раёна Ровенскай вобласці. Насельніцтва 9430 чал. (2011). Знаходзіцца за 126 км на поўнач ад Роўна, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Дамбровіца (лінія Сарны — Лунінец).
Дубровіца — колішняя сталіца княства і графства на гістарычнай Піншчыне (частка Берасцейшчыны), на захадзе Палесся.
Назва
Тапонім Дубровіца, напэўна, утварыўся ад асновы «дуброва» (дубовы лес)[4].
Гісторыя
Упершыню згадваецца як горад Тураўскага княства пад 1005 годам. У 2-й палове XII ст. стала сталіцай удзельнага Дубровіцкага княства.
У 1340-я года Дубровіца далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[1]. З XV ст. нададзена ва ўладанні адной з галін князёў Гальшанскіх, якая ад княства звалася Гальшанскімі-Дубровіцкімі. У XVI ст. у складзе Троцкага ваяводства, збудаваны касцёл. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) у складзе Пінскага павета Берасцейскага ваяводства[5]. У гэты ж час стала сталіцай графства.
У 1571 годзе Дубровіцу як пасаг атрымаў А. Курбскі[1]. У 1695 годзе Ян Дольскі фундаваў у Дубровіцы калегіум піяраў. З XVIII ст. ва ўладанні Плятэраў.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, дзе ў 1795 годзе з усёй воласцю (колішнім графствам) пераведзена ў склад Валынскай губерні. Па задушэнні паўстання 1830-1831 гадоў, у 1831 годзе расійскія ўлады скасавалі калегіум піяраў.
У 1918—1919 годзе ў Дубровіцы адбылося зладжанае эсэрамі і бальшавікамі Палескае паўстанне, у выніку разрабаваны палац графаў Плятэраў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
З 1939 года Дубровіца ў склад УССР, з 1940 года цэнтр раёна. У 2-ю сусветную вайну з 1 ліпеня 1941 да 10 студзеня 1944 года горад пад нямецкай акупацыяй.
30 ліпеня 1997 года гарадскі савет зацвердзіў сучасныя герб і сцяг Дубровіцы.
- Места на старых здымках
- Вуліца і касцёл
- Касцёл
- Касцёл, інтэр’ер
- Касцёл, інтэр’ер
- Царква
- Вуліца
- Сядзіба Плятэраў
- Сядзіба
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1860 — 3743 чал., з іх 1709 хрысціян і 2034 іўдзеяў[5]
- XX стагоддзе: 1990 — 10,7 тыс. чал.[6]
- XXI стагоддзе: 2001 — 9644 чал.; 1 студзеня 2011 — 9430 чал.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасці, завод перапрацоўкі ільна.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (1695—1701)
- Сядзіба Плятэраў (XVIII ст.)
- Царква Раства Багародзіцы (1862)
Вядомыя асобы
- Мікола Аляксеевец (нар. 1941) — украінскі гісторык і педагог
- Анастасія Заслаўская-Гальшанская (?—1561) — рэлігійная і культурная дзеячка часоў Вялікага Княства Літоўскага
- Мікола Ляховіч (нар. 1976 — украінскі грамадскі дзеяч, палітычны вязень
- Фёдар Пірышка (1898—1991) — беларускі партыйны дзеяч, мемуарыст
- Жорж Шарпак (нар. 1924) — французскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1992)
Зноскі
- 1 2 3 ЭнцВКЛ, 2005
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
- ↑ Беларускія этнаграфічныя граніцы // Станкевіч Я. Этнографічныя і гісторычныя тэрыторыі і граніцы Беларусі. — Нью-Ёрк, 1953.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 112.
- 1 2 Dąbrowica // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 931
- ↑ Дубровица // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
Літаратура
- Грынявецкі В. Дубровіца // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 607. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Dąbrowica // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 931.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дубровіца
- Неафіцыйны сайт горада
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Дубровыцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.