wd wp Пошук:

Жабінка

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Жабінка (значэнні).

Жа́бінка[2] (трансліт.: Žabinka) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Жабінкаўскага раёна, пры ўпадзенні р. Жабінка[3] ў р. Мухавец. За 30 км на паўночны ўсход ад Брэста. Чыгуначны вузел (напрамкі на Брэст, Бярозу і Кобрын). Аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Каменец. Насельніцтва 13 299 чал. (2017)[1].

Назва

Назву горад узяў ад ракі Жабінкі.

Герб

На гербе горада стылізаваныя выява двух рэчак — Жабінкі і Мухаўца ў месцы іх зліцця, а таксама жабнік звычайны — тыповая для наваколля водная расліна.

Гісторыя

«Абразанне Гасподняе» з Пакроўскай царквы. 1-ая палова 17 ст. МСБК НАН

На працягу 16—20 ст. на тэрыторыі сучаснага горада існавалі паселішчы Абрамавічы, Галінова, Купіна, Малая Жабінка, Мышчыцы Пакроўскія. Жабінка заснаваная ў кан. 18 ст. і з’яўлялася мызай (хутарам) фальварка Плошча. У 1816 г. належала Галецкім, складалася з 3 двароў, дзе жылі 10 сялян. У 1830-я — 1939 Жабінкай валодалі Трэмбіцкія.

З 1871 Жабінка — станцыя Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Першыя жыхары — сяляне навакольных вёсак. Пасля будаўніцтва Жабінка-Пінскай веткі Палескіх чыгунак Жабінка чыгуначны вузел. У 1892 — 30 двароў, 282 жыхары, 6 крамаў, гасцініца, пошта, 3 карчмы, 2 саматужныя майстэрні, царква ў суседніх Мышчыцах (з 1885). У 1902 уключана ў межы яўрэйскай аселасці, паколькі звыш 40 % жыхароў Жабінкі паводле веравызнання з’яўляліся іудзеямі. У 1897 — 45 дамоў, насельніцтва ўзрасло да 332 чалавек. У 1901 пабудаваны нафтавы склад для продажу газы, у 1902 — паравы млын, а ў хуткасці — сукнавальня і лесапільня. У 1888—1905 была пракладзена шаша Федзькавічы—Жабінка—Камянец. З 1907 пачало дзейнічаць Жабінкаўскае пазыкова-ашчаднае таварыства, якое ўтварылі 47 найбольш заможных жыхароў Жабінкаўшчыны. Кожнае 15 чысло месяца (згодна дазволу гродзенскага губернатара ад 9.10.1908 г.) у пасёлку адбываліся кірмашы. Існавала народнае вучылішча.

У часы Першай сусветнай вайны Жабінка была акупавана нямецкімі войскамі (1915—1918), паселішча згарэла, многія жыхары перасяліліся ў іншыя месцы. З 1919 ў складзе Польшчы ў Брэсцкай акрузе. Паводле Рыжскага мірнага дагавора Жабінка адышла да Польшчы, з 4.2.1921 далучана да Збірожскай гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. 23.3.1928 утварылася асобная Жабінкаўская гміна. Быў адкрыты касцёл. У 1933 пад кіраўніцтвам групы КПЗБ адбылася забастоўка рабочых лесапільнага завода. Жабінка стала мястэчкам, у якім жылі 368 чалавек (у сучасных межах горада, гэтая лічба склала 801 чал.), існавала 7-гадовая школа, пошта 5-й катэгорыі (1935).

У верасні 1939 увайшла ў склад БССР. З 15.1.1940 вёска Жабінка — цэнтр Жабінкаўскага раёна і сельсавета (с/с праіснаваў да 1952 і адноўлены ў 1998). У час Вялікай Айчыннай вайны, з 23.6.1941 па 21.7.1944 г. акупавана нямецкімі захопнікамі. Дзейнічалі падпольныя міжрайком КП(б)Б Брэсцкага і Жабінкаўскага раёнаў, райком камсамола. У ліпені—жніўні 1943-га актывізавалася партызанская дзейнасць на чыгунцы, участак, блізкі да станцыі Жабінка ўзрываўся 10 разоў. У 1941—1945 загінула 249 жыхароў Жабінкі. З 16.4.1952 — пасёлак гарадскога тыпу. У жніўні 1959 г. Жабінкаўскі раён скасаваны. З 1959 Жабінка ў Камянецкім, у 1962—1966 у Кобрынскім раёнах. У 1962 у склад Жабінкі ўключаны пасёлак цукровага завода[4]. З 30.7.1966 Жабінкаўскі раён адноўлены, ён налічваў (у 1969) 24,2 тыс. жыхароў (у т.л. 6,7 тыс. жылі ў пасёлку). Пасля пабудовы Жабінкаўскага цукровага завода (1963) Жабінка пачала хутка разрастацца, у яе межы сталі далучацца суседнія вёскі (19 верасня 1967 года ў склад Жабінкі ўключаны вёскі Абрамавічы, Малая Жабінка, Мышчыцы і пасёлак цукровага завода, якія знаходзіліся ў адміністрацыйным падпарадкаванні Жабінкаўскага пассавета[5]), што дазволіла рэзка павялічыць колькасць насельніцтва і атрымаць 23.12.1970 статус горада.

У 2017 годзе до горада былі далучаны суседнія вёскі Здзітава, Курпічы, Сцяброва, Шчэглікі[6].

Насельніцтва

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай прамысловасці (Жабінкаўскі цукровы завод), камбікормавы завод, асфальта-бітумны завод і завод будаўнічых матэрыялаў. Гасцініца.

Культура

Школа

Раённы Дом культуры, кінатэатр, 3 сярэднія агульнаадукацыйныя і музычная школы, школа-інтэрнат для дзяцей з пашкоджаным зрокам, цэнтр выхаваўчай работы, 5 дашкольных устаноў, 3 бібліятэкі, аддзяленне сувязі, бальніца, паліклініка.

Планіроўка

Горад развіваецца ўздоўж чыгункі, якая падзяляе яго на дзве часткі: паўднёвую (жылую) і паўночную (прамысловую). Архітэктурна-планіровачную структуру, вызначаюць вуліцы Кірава (з захаду да яе прымыкае мікрараён), Свабоды, Шашэйная, Піянерская, Камсамольская.

У цэнтральнай частцы вуліцы Кірава размешчаны будынкі райвыканкома, Дома культуры, кінатэатра, камбіната бытавога абслугоўвання, рэстарана і іншыя.

Самая старая вуліца Жабінкі — Леніна Касцюшкі (да 1939 — Т. Касцюшкі) забудавана ў асноўным прыватнымі драўлянымі дамамі і магазінамі. У паўночна-заходняй частцы горада за чыгункай размешчаны пасёлак цукровага завода. У цэнтральнай частцы Жабінкі — парк.

Славутасці

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  3. Рака Жабінка ўпершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 18 ст.
  4. Рашэнні выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 2 кастрычніка, 27 лістапада, 27 снежня 1962 г. і Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога (сельскага) Савета дэпутатаў працоўных ад 22 студзеня 1963 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1963, № 9 (1009).
  5. Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 19 верасня 1967 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1967, № 33 (1191).
  6. Решение Брестского областного Совета депутатов от 22 сентября 2017 г. № 278 Об изменениях в административно-территориальном устройстве Жабинковского района Брестской области
  7. Беларусь, 1995
  8. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Брэсцкай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Глыбоцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Жабінкаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Брэсцкай вобласці Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Жабінкаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Жабінкаўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Кобрынскага раёна Катэгорыя·Раёны Брэсцкай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1966 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1952 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1998 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Брэсцкай вобласці Катэгорыя·Сельсаветы Жабінкаўскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be