Жодзішкі
Жо́дзішкі[1] (трансліт.: Žodziški, руск.: Жодишки) — аграгарадок у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Жодзішкаўскага сельсавета. Насельніцтва 835 чал. (1993). Знаходзіцца за 19 км на поўнач ад Смаргоні, на рацэ Вілія пры ўпадзенні ў яе ракі Палавойка, на аўтамабільнай дарозе Варняны — Кабыльнік.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Жодзішкі як замак і мястэчка, заснаваныя Мордасам Мішковічам, датуецца 1511. У гэты час вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў мястэчку прывілей на таргі, корчмы і кірмашы. Цягам XVI ст. мясцовасць знаходзілася ў валоднанні Падбейпецічаў, Забярэзінскіх, Осцікавічаў, Кішкаў. Каля 1553 Осцікавічы заснавалі тут касцёл. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Жодзішкі ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У кан. XVI ст. Кішкі збудавалі ў мястэчку кальвінскі збор.
У XVII ст. новы ўладальнік Жодзішак Геранім Комар збудаваў касцёл Найсв. Тройцы, пры якім дзейнічала школа. 3 другой пал. XVII ст. мясцінай валодалі Міцкевічы. Барбара Міцкевіч з Комараў заснавала езуіцкі кляштар і калегіум, перадала езуітам свой маёнтак. У 1774 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку Магдэбургскае права.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Жодзішкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. З сяр. XIX ст. мястэчка ўваходзіла ў Дубагоўскую воласць Свянцянскага павета Віленскай губерні. У другой пал. XIX ст. маёнтак Жодзішкі падзяліўся на некалькі ўладанняў. Станам на 1859 тут дзейнічалі касцёл, малітоўны дом, цагельня, бровар. У Першую сусветную вайну мястэчка занялі нямецкія войскі, у 1918—1920 — бальшавікі і польскае войска.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Жодзішкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Вілейскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1939 Жодзішкі ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 сталі цэнтрам сельсавета Смаргонскага раёна. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
- Жодзішкі на малюнках Канстанціна Тышкевіча, XIX ст.
- Панарама
- Касцёл
- Калегіум
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1859 — 222 чал., 39 двароў[2]
- XX стагоддзе: 1971 — 794 чал., 276 двароў; 1990 — 835 чал., 321 двор[3]
Інфраструктура
У Жодзішках працуюць сярэдняя школа, 2 лякарні, дом культуры, маладзёжны культурна-спартыўны цэнтр з атэлем, дашкольная ўстанова, пошта.
Славутасці
- Вінакурня (XIX — пач. XIX стст.)
- Касцёл Найсв. Тройцы (1612)
- Вадзяны млын (XIX ст.)
- Могілкі старыя каталіцкія
- Сядзібна-паркавы комплекс Мілашэўскіх (XVIII—XIX стст.)
Вядомыя асобы
- Аляксандр Францавіч Базевіч (нар. 1962) — беларускі архітэктар.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Żodziszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895. S. 814.
- ↑ Валерый Шаблюк. Жодзішкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 371.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Żodziszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895. S. 814.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Жодзішкі
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Смаргонскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.