Забалацце (Хойнікі)
Забалацце, Забалаць — гістарычная мясцовасць Хойнікаў, размешчаная ў паўночнай частцы места.
Назва
Назву Забалацце паселішча атрымала праз сваё месцазнаходжанне адносна мястэчка Хойнікі за балотам, частка якога ператварылася ў вужар (ужар). Так на Палессі людзі называлі выгаралае тарфяное балота, залітае вадой[1][upper-alpha 1].
Гісторыя
У шляхецкай рэвізіі 1811 года хойніцкую вёску Забалаць з 61-й душой[upper-alpha 2] прыгонных сялян, прыналежную да фальварка Linterny дзедзіцтва абозных Прозараў, трымаў у арэндзе па кантракту Ваўжынец Балашэвіч, ротмістр Берасцейскага павета[2]. Гэта, падобна, — найранейшая звестка пра паселішча ў пісьмовых крыніцах.
Надалей асобна, як вёска, Забалацце згадвалася хіба ў дакументацыі мясцовага ўжытку. Скажам, як у метрычных кнігах Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла, дзе найчасцей сустракаліся прозвішчы яе жыхароў Гапоненкаў (бясспрэчныя лідары), Слесарэнкаў, Купрэйчыкаў, Худзенкаў, Самкоў, Караткевічаў, Стасенкаў, Дубінскіх, Снігіроў[upper-alpha 3]. Ды яшчэ ў «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 84 асобы мужчынскага і 81 жаночага пола з ліку жыхароў Забалацця належалі да Астраглядаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[4]. У асноўнай жа масе тэкставых дакументаў больш шырокага прызначэння ўпаміны аб паселішчы ажно да савецкіх часоў адшукаць пакуль не ўдавалася. На планах Хойнікаў 1864 і 1886 гадоў на самым іх ускрайку пазначаная вуліца Забалоцкая (Забалацкая)[5] альбо Забалотная (Забалатная), а яшчэ далей за ёй раскінуліся «усадебные земли крестьян м. Хойник» [6]. Што праўда на ўсіх збольшага падрабязных старых картах Забалацце паказанае побач з Хойнікамі, а не як частка мястэчка.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года вёска Забалацце — цэнтр сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданае і Забалацце, у якім налічвалася 130 каталіцкіх альбо «польскіх» сем’яў. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Забалоцьці[upper-alpha 4] меркавалася арганізаваць машыннае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[7]. На той час у вёсцы існавала створаная бальшавікамі ячэйка «польсекции ЦСББ» з 12 чалавек. 13 снежня 1933 года пастановай паседжання Тройкі пры ПП ОГПУ па БССР жыхары Забалацця і Хойнікаў Караль Крывенчык[upper-alpha 5], Віктар Ермалкевіч і Пётр Кунцэвіч за нібыта ўдзел у ПОВ, «ставившей своей целью свержение Соввласти, путём поднятия вооружённого восстания», асуджаныя да 5 гадоў, а Яўхім Смольскі і Уладзіслаў Гапоненка[upper-alpha 6] да 8 гадоў ИТЛ. Шпіёнская гісторыя мела працяг. У ліпені-жніўні 1938 года Палескім УНКВД БССР были арыштаваныя 12 чалавек – «участники шпионско-повстанческой организации, активные костёльники, бывш. бандиты, пособники белополяков…» – Смольскі А. Р., Жыляк В. В., Гапоненка М. Ю., Гапоненка С. М., Сенажэнскі А. К., Караткевіч Н. Л, Самок А. А., Купрэйчык Б. І. (усе з Забалацця), Кунцэвіч П. І. (ужо адбыў тэрмін на Беламорканале), Наляговіч С. С., Цішкевіч А. Л. (Настолле), Шаціла І. М. (Хойнікі). П. І. Кунцэвіч і М. Ю. Гапоненка былі расстраляныя[8], А. Р. Смольскі памёр у зняволенні, а і астатнія больш ніколі не вярнуліся[9].
З 20 лютага 1938 года Забалацце апынулася ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры, з 8 студзеня 1954 года — у Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да Забалацкага сельсавета далучана тэрыторыя скасаваных Карчоўскага і Небытаўскага сельсаветаў[10]. 16 красавіка 1959 года населеныя пункты Забалацце, Першамайск і Чырвоная Ніва перададзены ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Хойніцкага пасялковага савета, цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Небытаў, сельсавет перайменаваны ў Небытаўскі[11].
У 1972 годзе вёска Забалацце далучаная да места Хойнікі пад назвай вуліца Сялянская.
Заўвагі
- ↑ Сёння мясціна паміж вуліцамі Пралетарскай і Сялянскай у Хойніках.
- ↑ Сказана, што колькасць падданых прыведзеная паводле найноўшай рэвізіі, дык тут, відавочна, улічаныя і жанчыны.
- ↑ Прычым, гэта назіраецца і для першай, і для другой паловы XIX ст. Гл., напрыклад, запісы 1835-37, 1840-51, 1876 гадоў[3]
- ↑ Так запісана ў арыгінале дакумента.
- ↑ Старшыня касцёльнага камітэта пры капліцы ў 1929 г.
- ↑ Сакратар касцёльнага камітэта.
Зноскі
- ↑ Яшкін І. Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў. Тапаграфія. Гідралогія. – Мінск: ВД Беларуская навука, 2005. С. 664
- ↑ НГАБ у Мінску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 3
- ↑ НГАБ. Ф.937. Воп.4. Спр. 134. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 1, 2, 3. Ф. 1115. Воп. 1. Спр. 42
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382
- ↑ Мястэчка Хойнікі на плане 1864 г.
- ↑ Мястэчка Хойнікі на плане 1886 г.
- ↑ Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214
- ↑ Андрей Лебедев, Виктор Пичуков, кс. Славомир Лясковски. Костёл на Гомельщине (20 – 30-е годы XX в.). – Варшава– Люблин– Гомель: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2009. C. 58 – 59, 245, 278, 395 – 397
- ↑ Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Хойнiцкага раёна (далей: Памяць) / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн iмя Петруся Броўкi, 1993. С. 71 – 76
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 красавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 5.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.