wd wp Пошук:

Занарач

За́нарач[1] (трансліт.: Zanarač, руск.: Занарочь) — аграгарадок у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Занарацкага сельсавета.

Геаграфія

Знаходзіцца каля паўднёвага берага возера Нарач, за 28 км у напрамку на паўднёвы захад ад горада Мядзел, за 150 км ад мінска, за 47 км ад чыгуначнай станцыі Княгінін[2]. Каля аграгарадка пралягае аўтамабільная дарога Р60.

Гісторыя

У 1729 годзе маёнтак Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1770 г. маёнтак у валоданні Сташкевіча, 1781 г. — Даброўскі, з 1795 г. у складзе Расійскай імперыі. У 1868 г. сяло Свянцянскага павета Віленскай губерні, 208 жыхароў. У 1885 сяло, цэнтр воласці, 22 двары, 295 жыхароў. Тут знаходзіліся валасное праўленне, царква, 2 крамы, карчма. У 1863 г. адкрыта народнае вучылішча, у якім у 1892/93 навучальным годзе вучыліся 54 хлопчыка і 9 дзяўчынак, у 1896/97 навучальным годзе 58 хлопчыкаў. З 1893 года пачала працаваць царкоўнапрыходская школа, у якой у 1896/97 навучальным годзе вучыліся 5 хлопчыкаў і 18 дзяўчынак.

Занарацкая воласць складалася з 20 населеных пунктаў, мела 204 двары, 2861 жыхара. У 1897 годзе 48 двароў, 354 жыхары, валасное праўленне, царква, яўрэйскі малітоўны дом, народнае вучылішча, 2 хлебазапасные крамы, прыёмны лячэбны пакой, 3 крамы, карчма. У 1904 г. у вёсцы 320 жыхароў, у 1908 г. — 323 жыхары.

У 1-ю сусветную вайну з верасня 1915 года сяло акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, спалена, 21.03.1916 г. салдаты 27-га і 28-га палкоў 7-й пяхотнай дывізіі 2-й рускай арміі авалодалі Занараччу. Потым сяло зноў акупавана кайзераўцамі. У 1940 г. вёска, 105 двароў, 425 жыхароў. З 12.10.1940 г. цэнтр сельсавета Мядзельскага раёна Вілейскай, з 20.09.1944 г. Маладзечанскай, з 20.01.1960 г. Мінскай абласцей. У першыя дні акупацыі гітлераўскімі захопнікамі былі расстраляныя першы старшыня сельсавета І. В. Шчамель, сакратар сельсавета А. В. Жыло. У верасні 1943 года вёска цалкам спалена немцамі, якія загубілі 41 жыхара. Пасля Вялікай Айчыннай вайны вёска адбудавана.

У 1965 г. на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі на франтах вайны і ад рук карнікаў, пастаўлены 2 абеліска. У верасні 1947 года пачаліся заняткі ў Занарацкай пачатковай школе, новы будынак якой быў пабудаваны народным метадам. У 1948 годзе тэлефанізаваны будынак сельсавета. У 1949 г. у вёсцы створаны калгас імя Пархоменка. З 1952 вёска — цэнтр калгаса «Шлях да камунізму», з 1973 г. — цэнтр сучаснага калгаса з той жа назвай (9 вёсак). У 1953 г. пабудаваны радыёвузел. У 1960 годзе 282 жыхары. 12.11.1966 г. да вёскі Занарач далучана вёска Блізнікі.

Насельніцтва

  • 1868 год — 208 жыхароў[2]
  • 1885 год — 22 двары, 295 жыхароў
  • 1897 год — 48 двароў, 354[2] жыхары
  • 1904 год — 320 жыхароў
  • 1908 год — 323 жыхары
  • 1940 год — 105 двароў, 425 жыхароў
  • 1960 год — 282 жыхары
  • 1971 год — 140 двароў, 379 жыхароў[2]
  • 1997 год — 46 двароў, 692 жыхары[2]

Інфраструктура

Царква

Размешчаны выканкам сельсавета, адміністрацыйны будынак калгасу, машынны двор, ферма буйной рагатай жывёлы, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленне ашчаднага банка, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, Дом культуры, сярэдняя школа, дзіцячы сад, бальніца, амбулаторыя, аптэка, магазін, сталовая. Каля вёскі на беразе возера Нарач размешчана турбаза «Нарачанка» (адкрыта ў 1978 г.).

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт За́нарачча, н.
  2. 1 2 3 4 5 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава.

Літаратура

  • Занарач // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8. — С. 526.
  • Республика Беларусь. Минская область: Общегеографический атлас / Ред. Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2008. — С. 4. — 48 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-054-2. (руск.)
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Минская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2009. — С. 8, 40. — 60 с. — 20 000 экз. — ISBN 978-985-508-174-7. (руск.)
  • Ліст карты N-35-42. Выданне 1986 г. Стан мясцовасці на 1980 г. (руск.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мядзельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be