Зарычнэ (Ровенская вобласць)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Зарычнэ.
Зарычнэ[1] (укр.: Зарічне) — пасёлак гарадскога тыпу ў Ровенскай вобласці Украіны на рацэ Стыр, цэнтр Зарычнэнскага раёна.
Геаграфія
Размешчаны на левым беразе ракі Стыр, за 190 км ад абласнога цэнтра і за 65 км ад чыгуначнай станцыі Дубровыця на лініі Сарны — Лунінец. Адлегласць да Кіева складае прыкладна 400 км.
Гісторыя
Першае пісьмовае згадванне аб паселішчы, дзе мінскаму купцу Церашковічу дазвалялася весці «гандаль вадой і сушай» без дадатковых падаткаў і збораў, змешчана ў адпаведнай грамаце вялікага князя Казіміра і датуецца 1480 г. З 1545 г. мястэчка знаходзілася ва ўласнасці каралевы Боны Сфорцы. У адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 г. паселішча увайшло ў склад Пінскага павету Берасцейскага ваяводства. У XVI ст. яно перайшло да князёў Збаражскіх, пазней — да Нелюбовічаў. У 1561—1566 гг. тут было 6 дымоў і 20 будынкаў.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай паселішча ўвайшло ў склад Расійскай імперыі і адносілася да Пінскага павета Мінскай губерні. У 1802 г. расійскі цар падараваў мястэчка генералу Мікалаю Рэпніну-Валконскаму, які неўзабаве прадаў яго. У 1819 г. уласнік мястэчка Філацьеў звярнуўся ў суд з мэтай спагнаць з тутэйшых мяшчанаў (28 двароў) грошы за карыстанне зямлёй. У адпаведнасці з судовым выракам, у 1821 г. мясцовых жыхароў прымусова перасялілі ў Пінск (19 чалавек), Нобель (17 чал.), Гарадную (25 чал.) і Лагішын (15 чал.), а ўсю рухомую маёмасць, якая ім належала, прадалі. Аднак неўзабаве яны вярнуліся ў мястэчка. На 1859 г. у мястэчку налічвалася 40 двароў, а паводле перапісу 1897 г. — ужо 108 двароў, царква, сінагога, некалькі млыноў і вінакурня.
У 1917 г. Украінская Народная Рэспубліка дэкларавала свае прэтэнзіі на Пінскі павет, у тым ліку на Зарычнэ. 25 сакавіка 1918 г. гэтая тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 г. бальшавікі Пінскі павет уключылі ў склад Беларускай ССР. Па выніках савецка-польскай вайны ў 1921 г. паселішча ўвайшло ў склад Польскай Рэспублікі і адносілася да Пінскага павета Палескага ваяводства. У 1939 г. пасля падзелу Польшчы паміж Германіяй і СССР мястэчка было перададзена ў склад УССР, дзе з 1940 г. яно стала раённым цэнтрам.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Катэгорыя·Населеныя пункты Зарычнэнскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Ровенскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.