Камарова (Свірскі сельсавет)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Камарова. Камаро́ва[1] (трансліт.: Kamarova, руск.: Комарово) — вёска ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Свірскага сельсавета.
Гісторыя
У 1846 г. маёнтак Свянцянскага павета Віленскай губерні, валоданне памешчыка Барткевіча, 24 душы мужчынскага полу, 60 дзесяцін прыдатнай для земляробства зямлі. У 1868 г. у маёнтку 17 двароў, 212 жыхароў; працавалі вінакурны завод і вадзяны млын. У 1904 г. маёнтак Камароўшчызна Свірскай воласці Свянцянскага павета, валоданне Старжынскіх, 15 жыхароў. У ліпені 1920 г. арганізаваны камітэт беднаты, старшыня М. І. Позныш. У 1921 г. тут існавала ячэйка Партыі незалежнай (3 чал.). У маі 1922 г. арыштаваны У. Позныш, адзін з членаў партыі. Вяскоўцы выступілі ў абарону таварыша, паліцыя адкрыла агонь. 4 жыхара вёскі за арганізацыю «бунту» былі адпраўлены ў Свянцянскую дэфензіву.
З 12.10.1940 г. у Куцькаўскім сельсавеце Свірскага раёна Вілейскай, з 20.09.1944 г. Маладзечанскай абласцей, з 16.07.1954 г. у Свірскім сельсавеце (з 25.04.1958 г. гарпасялковы Савет), з 31.08.1959 г. Мядзельскага раёна, з 20.01.1960 г. Мінскай вобласці. У 1940 г. на месцы маёнтка арганізаваны калгас «17 верасня», Свірская МТС, адкрыта хата-чытальня. У 1944 г. гітлераўцы спалілі 44 гаспадаркі вёскі Куцькі (у 1940 г. былі 74 гаспадаркі). У 1945 г. у вёсцы Камарова адноўлены калгас і МТС. У 1949 г. арганізаваны калгас імя Вышынскага ў вёсцы Куцькі. У Камарова ў гэты час працавалі клуб, крама, сямігадовая школа, МТС, школа механізацыі сельскай гаспадаркі.
З 1964 Камарова — цэнтр саўгаса «Канстанцінава», з 04.09.1991 г. — калгаса «Канстанцінава».
Да 12.11.1966 г. вёскі Камарова і Куцькі.
У 2013 годзе Свірскі пасялковы савет быў скасаваны, і Камарова ўвайшло ў склад Свірскага сельсавета[2].
Насельніцтва
- 238 двароў, 1024 жыхара (1997)
Інфраструктура
Адміністрацыйны будынак калгасу, рамонтныя майстэрні, жывёлагадоўчая ферма, аддзяленні сувязі і банка, бібліятэка, няпоўная сярэдняя школа (зачыненая ў 2014 годзе)[3], дзіцячы сад, клуб, 2 крамы, сталовая, фельчарска-акушэрскі пункт, прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, ПТВ-207 (размешчана на тэрыторыі былой сядзібы). З 2009 года працуе Камароўская ГЭС.
Памятныя мясціны
У цэнтры вёскі помнік 29 землякам, якія загінулі ў Айчыннай вайне (пастаўлены ў 1965 г.)
Культурныя ініцыятывы
Ад 2005 года ў Камарове праводзіцца фестываль народных промыслаў і рамёстваў «Камарова — Кола дзён». У чэрвені 2015 года ён прайшоў дзесяты раз[4]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Рашэнне Мінскага абласнога Савета дэпутатаў № 234 ад 28 мая 2013 г. «Аб змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзела Мінскай вобласці» Архівавана 11 снежня 2013. (руск.)
- ↑ Зачыняюць беларускамоўную школу ў Камарове на Мядзельшчыне (+Відэа) Архівавана 5 сакавіка 2016.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Выстава-кірмаш “Камарова — Кола дзён 2015”. Добрым людзям — добрае надвор’е і выдатнае свята (Фота і відэа) Архівавана 9 ліпеня 2015.//«Рэгіянальная газета»
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Камарова (Свірскі сельсавет)
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7), ISBN 985-11-0035-8. — С. 503.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мядзельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.