Канстантынаў
Канстанты́наў[1] (польск.: Konstantynów) — вёска ў Польшчы, на рацэ Чыжоўцы. Цэнтр вясковай гміны Канстантынаў Бяльскага павета Люблінскага ваяводства. Насельніцтва на 2011 год — 1519 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на поўнач ад Бялы Падляскай, на скрыжаванні аўтамабільных дарог W698 і W811.
Гісторыя
Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім
Першы пісьмовы ўспамін пра Канстантынаў (пад назвай Казярады) датуецца 1452 годам. У XV ст. тут існавала драўляная царква. У розны час вёска знаходзілася ў валоданні Багавіцінавічаў, Шуйскіх, Сержпутоўскіх.
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Казярады перайшлі да Каралеўства Польскага. У 1616 годзе вёска стала ўладаннем Варшыцкіх. У 1729 годзе новы ўладальнік Караль Юзаф Сядльніцкі змяніў назву Казярадаў на Канстантынаў (у гонар жонкі Канстанцыі з Браніцкіх) і надаў паселішчу статус мястэчка. На 1775 год тут было 189 будынкаў.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Канстантынаў апынуўся ў складзе Аўстрыі, з 1809 года — у складзе Расійскай імперыі. На 1827 год у месце было 84 будынкі, на 1860 год — 69. У 1867 годзе ўтварыўся Канстантынаўскі павет Сядлецкай губерні з цэнтрам у Янаве.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Канстантынаў занялі войскі Германскай імперыі.
Найноўшы час
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Канстантынаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Канстантынаўскім павеце Люблінскага ваяводства.
У Другую сусветную вайну з верасня 1939 да жніўня 1944 года Канстантынаў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Рэйха.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1827 год — 818 чал.; 1860 год — 830 чал.[2]
- XXI стагоддзе: 2011 год — 1519 чал.
Славутасці
- Касцёл Святой Альжбеты (1907—1909)
- Могілкі: каталіцкія, праваслаўныя
- Царква Покрыва Багародзіцы (1833)
- Сядзіба Сядльніцкіх (XVIII—XIX стагоддзі)
Страчаная спадчына
- Могілкі іўдзейскія
Галерэя
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 236-2010 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Рэспублікі Польшча на беларускую мову». Гл. польска-беларускую практычную транскрыпцыю.
- ↑ Rzążewski A. Konstantynów // Słownik geograficzny… T. IV. — Warszawa, 1893. S. 361.
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Канстантынаў
Катэгорыя·Населеныя пункты Бяльскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты Люблінскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты Паб’яніцкага павета Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, заснаваныя ў 1821 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.