Бяла Падляска
Бя́ла Падля́ска[2] (польск.: Biała Podlaska), традыцыйная беларуская назва — Бе́лая — горад на правах павета ў Польшчы, у Люблінскім ваяводстве, паблізу мяжы з Рэспублікай Беларусь. Адлегласць па прамой паміж гарадамі Бяла Падляска — Мінск 356 км, да Варшавы — 147 км[3].
Горад ляжыць на Паўднёвым Падляшшы ў даліне ракі Кшны, левага прытока Буга, за 36 км ад мяжы з Беларуссю. Адыгрывае вялікую ролю ў сувязях з усходнімі краінамі з-за блізкага знаходжання буйных памежных пераходаў у Тэрэспалі і Карошчыне, а таксама наяўнасці консульства Беларусі.
Гісторыя
У гістарычных дакументах Белая ўпершыню згадваецца ў 1481 годзе. Яе першымі ўладальнікамі былі Ільінічы, а заснавальнікам лічыцца Пётр Мантыгірдавіч Белы, ваявода троцкі і вялікі гетман. У гэты час Белая ўваходзіла ў склад Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У другой палове XVI стагоддзя горад пераходзіць ва ўладанне роду Радзівілаў, гэта адбылося ў 1569 годзе, калі памёр апошні прадстаўнік роду Ільінічаў Юрый, які завяшчаў асноўныя свае маёнткі свайму стрыечнаму брату Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку. Пад уладай Радзівілаў Белая дасягнула вялікага росквіту. У 1622 годзе сын Сіроткі Аляксандр Людвік Радзівіл пабудаваў тут крэпасць і замак. З фундацыі Крыштафа Цыбаровіча Вільскага (Krzysztofa Ciborowicza Wilskiego) была закладзена ў 1628 годзе Бельская акадэмія, якая ад 1633 годзе існавала як філіял Кракаўскай акадэміі.
У 1655—1660 гадах горад быў значна зруйнаваны шведамі і казакамі. Аднак дзякуючы наступнаму ўладальніку Міхалу Радзівілу і яго жонцы Кацярыне Сабескай (сястра Яна III Сабескага) Белая хутка аднавілася. У 1670 годзе Міхал Радзівіл надаў гораду магдэбургскае права, а таксама герб — Міхаіл Арханёл, які стаіць на драконе.
У XVII стагоддзі горад шырока вядомы з-за вытворчасці сукна і фаянсу, пазней таксама з-за дрэваперапрацоўкі.
У 1720 годзе Ганна Кацярына Радзівіл распачала будаўніцтва вежы і ўязной брамы (сёння гэта найцікавейшыя рэшткі замку), а таксама перабудавала палац у стылі ракако.
Горад і палацавы ансамбль шматразова разбураны ў XVIII—XIX стагоддзях (між іншым у часе Паўночнай вайны, а таксама падчас ганенняў на падляшскіх уніятаў). Апошні спадчынік Дамінік Геранім Радзівіл, палкоўнік польскага войска Варшаўскага княства, памёр у Францыі 11 лістапада 1813 года. Палац разабралі як руіны ў 1883 годзе.
У Белай навучаўся знакаміты польскі пісьменнік і публіцыст Юзаф Ігнацы Крашэўскі (польск.: Józef Ignacy Kraszewski). Мужчынская гімназія, якую ён наведваў, сёння носіць яго імя.
Наступнае хуткае развіццё горада прыпадае на міжваенны час: тут паўстала фабрыка Raabego, гарадская электрастанцыя, а ў 1923—1939 гадах існавала Падляская фабрыка самалётаў (польск.: Podlaska Wytwórnia Samolotów — PWS), якая была разбурана савецкімі войскамі пасля 17 верасня 1939 года.
У 1975 годзе Бяла Падляска стала сталіцай ваяводства, што прывяло да ўзросту колькасці яе жыхароў у два разы за 20 гадоў. Згодна з адміністрацыйнай рэформай 1999 года мае статус гарадскога павета, а таксама з’яўляецца важным цэнтрам цэлага рэгіёна.
Насельніцтва
- 1841 — 3,5 тыс. чал.
- 1897 — 13,1 тыс. чал.
- 1921 — 13,0 тыс. чал.
- 1931 — 10,7 тыс. чал.
- 1939 — 19,3 тыс. чал.
- 1946 — 15,0 тыс. чал.
- 1950 — 13,3 тыс. чал.
- 1955 — 15,7 тыс. чал.
- 1960 — 20,1 тыс. чал.
- 1965 — 22,6 тыс. чал.
- 1970 — 26,5 тыс. чал.
- 1975 — 31,8 тыс. чал.
- 1985 — 47,0 тыс. чал.
- 1995 — 56,5 тыс. чал.
- 2001 — 59,3 тыс. чал.
- 2007 — 57,8 тыс. чал.
- 2009 — 57,9 тыс. чал.
- 2014 — 57 643 чал[4].
Архітэктура
- Царква Нараджэння Божай Маці (XVII-XVIII)
- Царква Святога Міхаіла Арханёла (1789)
- Могілкі ваенныя часоў Першай сусветнай вайны
- Сядзібна-паркавы комплекс Смульскіх
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Мікалая (1783—1784)
- Могілкі праваслаўныя. Капліца
- Могілкі каталіцкія. Капліца
- Царква Святога Юр’я (XVIII)
- Кляштар кармелітаў (XVII)
- Ратуша (XVII)
- Касцёл Святой Ганны
Гарады-пабрацімы
- Баранавічы, Беларусь (16 мая 2001)[5][6]
- Брэст, Беларусь (5 верасня 1991)[5][7]
- Ньёр[d], Францыя (26 мая 1999)[5]
Вядомыя асобы
- Станіслаў Мікалаеўскі (XVIII стагоддзе) — прыдворны мастак Радзівілаў
- Ядвіга Іосіфаўна Раздзялоўская (1902—1992) — беларускі жывапісец
Зноскі
- ↑ Główny Urząd Statystyczny, dane za rok 2014, stan na 01.01.2014
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 236-2010 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Рэспублікі Польшча на беларускую мову». Гл. польска-беларускую практычную транскрыпцыю.
- ↑ Адлегласці паміж гарадамі
- ↑ Główny Urząd Statystyczny. Baza Demografia. Ludność. Stan, ruch naturalny i wędrówki ludności w I kwartale 2014 r., stan na 31.03.2014. Архівавана 26 снежня 2018.
- 1 2 3 http://www.um.bialapodlaska.pl/index.php?ps=26
- ↑ https://www.intex-press.by/2017/06/20/dvadtsat-tri-gorodov-pobratimov-baranovichej-chto-my-o-nih-znaem/
- ↑ https://city-brest.gov.by/города-побратимы-партнеры-бреста/
Літаратура
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бяла Падляска
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.