Княжыцы (Магілёўскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Княжыцы. Кня́жыцы[1] (трансліт.: Kniažycy, руск.: Княжицы) — аграгарадок у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці, каля ракі Лахва. Адміністрацыйны цэнтр Княжыцкага сельсавета. Насельніцтва 305 чал. (2010). Знаходзяцца за 10 км на захад ад Магілёва, каля шашы Магілёў — Мінск (колішні Віленскі тракт).
Гісторыя
Упершыню Княжыцы згадваюцца ў 1501 годзе як уладанне жонкі вялікага князя Аляксандра Алены Іванаўны. У Старадубскую вайну ў 1535 годзе вёску спаліла войска маскоўскага ваяводы Івана Шуйскага. Па аднаўленні Княжыцы выраслі да мястэчка, у Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. У 1645 г. ва ўласнасці ў Юрыя Галоўчынскага, пасля смерці якога перайшлі ягонай жонцы Барбары з Друцкіх-Сакалінскіх, якая пазней выйшла замуж за лідскага харунжага Яна Курча, у іх сумесным уладанні Княжыцы згадваюцца ў 1654 г.[2] У 1748 годзе згадваецца сінагога.
У 1681 годзе харунжы вялікі Канстанцін Пац заснаваў у Княжыцах кляштар дамініканцаў. Першы касцёл быў драўляным. У XVIII стагоддзі кляштар атрымаў значныя ахвяраванні ад нашчадкаў першага фундатара і шляхцічаў Крукоўскіх. Пасля 1750 года пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, асвечанага ў 1780 годзе архібіскупам магілёўскім Станіславам Богуш-Сестранцэвічам[3].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Княжыцы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні. Станам на 1785 год у мястэчку было 43 двары, на 1848 год — 147 двароў, на 1861 год — 72 двары, на 1880 год — 93 двары.
У 1801 годзе ў Княжыцах завяршылася будаўніцтва драўлянага кляштарнага корпуса з мураваным флігелем. Па здушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканцаў, а па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў — гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. Да 1872 года завяршылася мураўёўскай рэканструкцыя колішняга касцёла, калі над ім надбудавалі 4 купалы-цыбуліны.
У канцы XIX стагоддзя ў Княжыцах існавалі царкоўна-прыходская школа і народнае вучылішча, дзве царквы, сінагога, 8 млыноў, паўтара дзясятка лавак, а таксама два бровары.
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Княжыцы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перайшлі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Княжыцы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавета.
Пастановай Магілёўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 ліпеня 2008 г. № 13-5 вёскі Княжыцы і Сумарокава пераўтвораны ў аграгарадок Княжыцы-Сумарокава[4].
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1785 — 452 чал.
- XIX стагоддзе: 1861 — 625 чал.; 1880 — 506 чал.
- XX стагоддзе: 1999 — 371 чал.
- XXI стагоддзе: 2004 — да 400 чал., з якіх 30 % людзі сталага веку; 2010 — 305 чал.
Інфраструктура
У вёсцы размяшчаецца школа (245 вучняў у 2004 годзе), пры якой працуе музей мясцовага ўраджэнца — мастака і мастацтвазнаўцы Паўла Масленікава. Таксама працуюць крама, пошта і бальніца (з 1980 года) на амаль 100 месцаў. З 2001 года існуе дзіцячы прытулак на 15 месцаў[5].
Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2003 года №11 будынак мясцовага касцёла ўключылі ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей краіны[6].
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Касцёл Святога Мікалая (1750—1791)
- Могілкі яўрэйскія
Страчаная спадчына
- Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (XVII ст.)
- Кляштар кармелітаў (XVIII—XIX стст.)
Славутыя выхадцы
- Уладзімір Сямёнавіч Камароў (1923—2018) — беларускі хімік, акадэмік АН Беларусі
- Павел Масленікаў (1914—1995) — беларускі мастак і мастацтвазнаўца (нарадзіўся ў вёсцы Нізкая Вуліца, недалёка ад Княжыцаў)
- Васіль Матэвушаў (1915—1974) — беларускі паэт
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ НГАБ, ф. 1817, воп. 1, спр. 81, с. 143
- ↑ Наталля Пятровіч, Аляксандр Ярашэвіч. Княжыцкі кляштар дамініканцаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 216.
- ↑ Решение Могилёвского районного Совета депутатов от 29 июля 2008 г. № 13-5 «О преобразовании сельских населенных пунктов»(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Сяргей Грыб. Надзея княжацкага месца // «Звязда». 5 лістапада 2004
- ↑ Постановление Министерства культуры Республики Беларусь от 10 апреля 2003 г. №11 «Об утверждении Государственного списка историко-культурных ценностей Республики Беларусь»
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8. — С. 366.
- Пятровіч, Н. Княжыцкі храм // «Дыялог» № 5, 2001. С. 20—21.
- Kniażyce // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 196.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Княжыцы (Магілёўскі раён)
- в. Княжыцы на Radzima.org
- Надвор’е ў Княжыцах
- Падарожжа ў Княжыцы
- Краткая информационная справка об агрогородках Могилёвского района (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Магілёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.