wd wp Пошук:

Кокнэсэ

Кокнэсэ (лат.: Koknese) — пасёлак у Латвіі пры ўпадзенні ракі Персе ў раку Заходняя Дзвіна. Чыгуначная станцыя на лініі РыгаРэзекнэ, за 102 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі.

Гісторыя

Кукенойс

Кукенойс (рус.: Куконос, ням.: Kukenoіs, Kukenoys; 11 — пач. 13 ст.) — горад Полацкага княства, Полацкай зямлі, сталіца ўдзельнага Кукенойскага княства на правым беразе Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе рэчцы Какны (цяпер р. Персе), за 338 км ад Полацка. Назву, якая літаральна значыць мыс Какны, горад атрымаў ад ракі.

Археалагічнымі раскопкамі А. Я. Стубаўса ў 1961—1966 выяўлена, што ўжо ў 1 тыс. да н.э. на месцы Кукенойса існавала ўмацаванае паселішча. Найбольш значныя знаходкі адносяцца да 11-13 ст. (рэшткі зрубной забудовы, прылады працы, зброя, упрыгожанні і г.д.). Для гэтага перыяду характерныя палітычныя і эканамічныя сувязі насельніцтва Кукенойса (латгалаў, селаў, крывічоў) з Полацкам. У горадзе знойдзены пячатка Святаслава-Георгія Усяславіча. Упершыню згаданы ў Хроніцы Лівоніі Генрыха Латвійскага пад 1205 г., належаў князю Вячку. У 1207 г. палова горада перададзеная Вячкам у валоданне рыжскага біскупа. У 1208 г. Вячка спаліў горад і пайшоў на Русь.

Какенгаўзен

У 1209 г. войскі біскупа занялі месца колішняга Вячкінага замка і пабудавалі новы каменны гатычны замак Какенгаўзен. Палова Какенгаўзена і колішняга Кукейноскага княства належала Сафіі — дачцэ Вячкі, яго адзінай спадчынніцы. Другой паловай валодаў Ордэн, але ў 1238 г. перадаў яе ва ўладанне рыжскаму біскупу. У 1269 г. сваю палову перадала рыжскаму архібіскупу і Сафія. Архібіскуп даў Какенгаўзен і колішняе Кукенойскае княства ў лен Гансу Тызенгаўзу. У 1277 г. Какенгаўзену нададзены гарадскія правы, род Тызенгаўзаў валодаў ім да 1395 г., калі горад быў вернуты ва ўладанне рыжскага архібіскупа.

Падчас барацьбы архібіскупаў з Ордэнам, горад не раз пераходзіў з рук у рукі. З 1420 г. летняя рэзідэнцыя архібіскупаў. У пач. 1479 г. ордэнскія войскі захапілі Какенгаўзен і спалілі архіў архібіскупства. У 1481 г. горад узялі рыжскія войскі, але замка ўзяць не здолелі. У 1509 г. архібіскуп Каспар Ліндэ надбудаваў муры замка і ўзмацніў яго артылерыю. Какенгаўзен стаў галоўнай рэзідэнцыяй архібіскупаў. Летам 1546 г. апошні рыжскі архібіскуп Вільгельм Брандэнбурскі быў абложаны тут і ўзяты ў палон Ордэнам.

25 жніўня 1577 г. Какенгаўзен захоплены войскамі Івана ІV. У 1578 г. вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У 1601 г. непадалёку ад Какенгаўзена ў бітве пры Кірхгольме войска Рэчы Паспалітай нанеслі паразу шведам, а ў 1608 г. шведы захапілі горад і знішчылі яго гарнізон. У жніўні 1655 г. войска маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча захапіла Какенгаўзен, які быў пераназваны ў Царэвічаў Дмітрыеў. Паводле Кардыскім дагаворы Какенгаўзен адышоў да Швецыі.

У 1700 г. быў узяты саксонскім атрадам войскаў Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Аўгуста Моцнага, былі збудаваныя новыя ўмацаванні. У 1701 г. горад і замак былі знішчаныя расійскімі войскамі.

У 1861 г. праз Какенгаўзен пракладзена чыгунка. У 1880-я ў горадзе жыў латышскі драматург Рудольф Блауманіс. У 1894 г. сям’я Лоўенштэрнаў пабудавала неакласічны палац, які згарэў у 1905 г.

Кокнэсэ

У 1966 г. пабудаваная Плявінская ГЭС, у выніку была падтопленая значная частка замка — захаваліся рэшткі, побач вялікі парк. Каля Кокнэсэ, у маёнтку Вецбірзніекі нарадзіўся П. Стучка.

Зноскі

  1. Vietvārdu datubāze: Informācija par Koknesi — 2005.

Літаратура

  • Стубавс А. Некоторые археологические находки 11-13 вв. из городища Кокнесе // Сб.: От эпохи бронзы до раннего феодализма. Тал., 1966.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Латвіі Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be