wd wp Пошук:

Красная Гара (Краснагорскі раён)

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Красная Гара. Кра́сная Гара́ (руск.: Красная Гора, да 1922 года — Папо́ва Гара́) — пасёлак гарадскога тыпу ў Расіі, на рацэ Беседзі. Адміністрацыйны цэнтр Краснагорскага раёна Бранскай вобласці. Насельніцтва на 2016 год — 6306 чалавек. Знаходзіцца за 202 км на захад ад Бранска, за 15 км ад граніцы з Беларуссю, за 56 км на паўночны захад ад чыгуначнай станцыі Клінцы.

Гісторыя

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай

Першы пісьмовы ўспамін пра Папову Гару як вартаўнічае паселішча ў Мсціслаўскі княстве Вялікага Княства Літоўскага датуецца 1387 годам. У 1483 годзе яна ўвайшла ў склад Віленскае ваяводства[2]. У 1500 годзе старадубскі князь Сямён Мажайскі, які ў 1499 годзе разам з сваімі землямі перайшоў з літоўскага падданства ў маскоўскае, разам з маскоўскім войскам захапіў Папову Гару. 28 жніўня 1501 года ў Горадні вялікі князь Аляксандр перадаў сваёй жонцы Алене некалькі населеных пунктаў, у тым ліку і замак Папову Гару[3]. Паводле вынікаў вайны горада засталося ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У канцы 1530-х гадоў з Паповагорскай воласці сфарміраваўся Паповагорскі ўезд (павет).

У 1607 годзе ў Папову Гару з Прапойска прыбыў Ілжэдзмітрый I. Горад вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага, што пацвердзіла Дэулінскае перамір’е 1618 года. 13 красавіка 1619 года каралевіч Уладзіслаў выдаў універсал, згодна з якім «гарадзішча Папова Гара з воласцю» перайшлі пад яго кіраванне. У 1620 годзе ў месце з’явілася залога, тут збудавалі касцёл. У 1625 годзе ўтварыўся Старадубскі павет Смаленскага ваяводства, у склад якога ўвайшла Папова Гара.

У 1648 годзе казакі Хмельніцкага захапілі Папову Гару. У 1649 годзе Вялікае Княства Літоўскае вярнула кантроль над горадам, але ў 1651 годзе казакі зноў захапілі яго.

Пад уладай Маскоўскай дзяржавы і Расійскай імперыі

Згодна з Андрусаўскім перамір’ем 1667 года Папова Гара апынулася ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У XVIIXVIII стагоддзях яна ўваходзіла ў склад Старадубскага палка. У XIX ст. горад стаў цэнтрам воласці Суражскага павета Чарнігаўскай губерні.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Папова Гара абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, дзе ў Суражскі павет («падраён») Гомельскага раёна[4]. Аднак 16 студзеня Папова Гара была перададзена РСФСР. 31 кастрычніка 1922 года Папова Гара была перайменавана ў Красную Гару. У 1968 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XX стагоддзе: 1970 год — 4430 чал.; 1979 год — 5727 чал.; 1989 год — 6909 чал.
  • XXI стагоддзе: 2002 год — 6599 чал.; 2009 год — 6241 чал.; 2010 год — 5906 чал.; 2012 год — 5754 чал.; 2013 год — 5610 чал.; 2014 год — 5816 чал.; 2015 год — 6131 чал.; 2016 год — 6306 чал.

Эканоміка

У мястэчку працуе сыраробны завод.

Турыстычная інфармацыя

Славутасці

Страчаная спадчына

  • Царква Святой Тройцы

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. 26. Численность постоянного населения Российской Федерации по муниципальным образованиям на 1 января 2018 годаFederal State Statistics Service. Праверана 23 студзеня 2019.
  2. ЭнцВКЛ, 2010
  3. Рудскі Э. Польскія каралевы // Спадчына № 5—1993 г., № 6—1993 г., 1—1994 г., № 2—1994 г., № 5—1994 г.
  4. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Краснагорскага раёна (Бранская вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Бранскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be