wd wp Пошук:

Крустпілс

Кру́стпілс[1] (лат.: Krustpils; да 1917 года Кройцбург, ням.: Kreutzburg, традыцыйная беларуская назва Крыжборк) — частка горада Екабпілса, на правым беразе ракі Дзвіны. Даўняе мястэчка гістарычных Інфлянтаў (Латгаліі).

Гісторыя

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім

Замак Крыжборк збудавалі ў 1237 годзе. Паводле падання, яшчэ раней тут існавала паселішча Полацкага княства — Крыжбор. На карысць гэтай версіі свердчаць беларускія назвы найбольшых на Дзвіне тутэйшых парогаў — Перакагрыж, Гусак, Бродыж і Ціхая Руба. Паміж дзвінскіх плытагонаў існавала прыказка: «Прабег Янка Перакагрыж дый кажа — Браткі, Рыгу бачу»[2].

Першы пісьмовы ўспамін пра Крыжборк датуецца 1511 годам. У 1557 годзе замак захапіў маскоўскі гаспадар Іван IV Грозны. 30 жніўня 1559 года Лівонскі ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага. У 1566 годзе Крыжборк увайшоў ва ўтворанае Задзвінскае княства. У 1585 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторый перадаў замак у валоданне Корфаў.

У Крыжборгу існаваў мытны прыкаморак, дзе купцы плацілі «замкавае», «старое», а ў часы войнаў 1600—1629 гадоў — «дадатковае» і «новае падвышанае» мыта[3].

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай ў 1772 годзе Крыжборк апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Дзвінскім павеце Віцебскай губерні. У 1861 годзе тут адкрылася чыгуначная станцыя Кройцбург. У другой палове XIX стагоддзя ў мястэчку было 276 будынкаў, дзейнічалі лютэранская кірха, каталіцкая капліца і 3 іўдзейскія малітоўныя дамы, працавалі шпіталь, паштовая і чыгуначная станцыі, вінакурня і бровар[4].

У часы Першай сусветнай вайны ў 1918 годзе Крыжборк занялі войскі Германскай імперыі.

Найноўшы час

У 1920 годзе Крустпілс увайшоў у склад Латвіі і атрымаў статус горада. У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 да ліпеня 1944 года горада знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Рэйха. У 1962 годзе па пабудове моста цераз Дзвіну Крустпілс стаў часткай горада Екабпілса.

Славутасці

  • Замак (1237)
  • Лютэранская кірха (1818)

Страчаная спадчына

  • Сінагога (1890)

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 176-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Латвійскай Рэспублікі на беларускую мову»
  2. Віцьбіч Ю. Плыве з-пад Сьвятое Гары Нёман. — Мюнхэн, 1956.
  3. В. У. ЯКУБАЎ. ДЗВІНСКІ ГАНДЛЬ І ЯГО ПАДАТКААБКЛАДАННЕ Ў ПАЧАТКУ XVII СТАГОДДЗЯ Архівавана 2 снежня 2020.
  4. Manteuffel G. Kryżbork // Słownik geograficzny… T. IV. — Warszawa, 1893. S. 769.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be