wd wp Пошук:

Крымскае ханства

Крымскае ханства — феадальная дзяржава, якая існавала ў 14281783 на землях Крымскага паўвострава (акрамя паўднёва-ўсходняй часткі, якая кіравалася непасрэдна Асманскай імперыяй), а таксама Паўночнага Прычарнамор’я паміж ніжнімі цячэннямі Дняпра да вусця Дона і Кубані, узбярэжжа да Грузіі. Плошча да 26 тыс. км². Насельніцтва 180—300 тыс. чал. (у асн. татары, у паўднёвай частцы таксама італьянцы, грэкі, армяне, караімы, яўрэі, туркі, французы, на поўначы ад Перакопскага перашыйка нагайцы). Сталіца — горад Бахчысарай.

Гісторыя

Да сярэдзіны XV ст. тэрыторыя Крымскага ханства належала ханам Залатой Арды. Заснавальнікам Крымскага юрта (удзела) лічаць Арам-Цімура, які атрымаў яго ад свайго дзядзькі хана Менгу-Цімура ў 2-й палове XIII ст. У канцы XIII ст. военачальнік Нагай намагаўся заснаваць новую ардынскую дзяржаву з цэнтрам у Крыме. Да XV ст. Крымскі юрт узначальваў намеснік залатаардынскага хана. Яму падпарадкоўваўся аглан — галоўны начальнік аб’яднанага войска ў час набегаў, туман — начальнік 10-тысячнага войска. Сфарміраваліся 4 асноўныя саслоўі: арыстакратыя, духавенства, народ і нявольнікі (рабы). Сярод арыстакратыі вылучаліся ўрадавая і родавая групы, якія кіравалі асноўнымі справамі Крымскага юрта. Духоўнае саслоўе ўзнікла ў XIII ст. з прыняццем ісламу, на чале яго стаяў муфтэй. Народ (татары і інш.) быў свабодным, нявольнікамі былі ваеннапалонныя або купленыя, пераважна ў рускіх землях.

У сувязі з аслабленнем і распадам Залатой Арды ў сярэдзіне 15 ст. ў Крыме ўсталявалася дынастыя Гірэяў. Першы крымскі хан Хаджы-Гірэй падтрымліваў добрыя адносіны з вялікім князем ВКЛ і каралём Польшчы Казімірам Ягелончыкам, вялікімі князямі маскоўскімі Васілём II і Іванам III. Пры ім сталіца Крымскага ханства перанесена з Кыркіча ў Бахчысарай. У 1466 г. ханам стаў Менглі-Гірэй. Яго замацаванню на стальцы садзейнічалі туркі, якія пасля заваявання Візантыі асадзілі ў 1475 г. генуэзскія крэпасці ў Крыме. 3 гэтага часу Крымскае ханства — васал Асманскай імперыі. У выніку перагавораў паміж турэцкім і крымскім бакамі вырашана, што турэцкі султан будзе прызначаць крымскіх ханаў з нашчадкаў Гірэяў, не будзе караць смерцю нікога з гэтага роду. Да Асманскай імперыі адышлі стратэгічныя крымскія пункты: Кафа, Гезлеў, Балаклава, Керч. Асманскі ўрад пільна сачыў, каб крымскія ханы не ўмацоўваліся на сваім стальцы. Да 1757 г. на крымскім троне змяніліся 62 ханы, кожны з якіх панаваў у сярэднім 5 гадоў, больш за 20 панаванняў было ад некалькіх месяцаў да 2 гадоў. Многія ханы прызначаліся на сталец па 2-4 разы. За службу крымскім татарам турэцкі ўрад плаціў грошы.

Крымскія войскі ўдзельнічалі ў войнах з Персіяй, Польшчай, ВКЛ, Маскоўскай дзяржавай, на Балканскім паўвостраве, грэчаскіх астравах. У 1-й пал. — сяр. 16 ст. Крымскае ханства часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы. У 1507 г. ажыццёўлены іх сумесны паход супраць Масквы, у 1521 г. Польшча падтрымала Крым у паходзе на Маскоўскую дзяржаву. Саюзы Крымскага ханства з ВКЛ і Польшчай супраць Масквы заключаліся ў 1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559 г., яны перамяжоўваліся перыядамі варожасці. Саюзныя дагаворы з Рэччу Паспалітай заключаліся ў 1607 і 1623 г. У 1660 г. татары ўдзельнічалі ў кампаніі палякаў супраць расійскага войска на Украіне, у 1663—1664 г. — у няўдалым паходзе караля Яна Казіміра ў Задняпроўе. 3 канца XV ст. пачаліся частыя набегі крымскіх татар на паўднёвыя ўладанні Вялікага Княства і Польскага Каралеўства, а таксама на Падолле, Валынь, Кіеўскую і Ноўгарад-Северскую землі. Нягледзячы на шэраг перамір’яў з ВКЛ, крымскія татары працягвалі спусташаць беларускія землі. Першы набег татар адбыўся ў 1474 г. на Чырвоную Русь і Падолле, у 1482 г. — на Кіеўшчыну. У 1494 г. крымскія татары разбілі войска ВКЛ каля Вішнёўца, разам з туркамі ўдзельнічалі ў нападзе на Польшчу. Асобныя татарскія загоны пранікалі на Віцебшчыну і Полаччыну, асаджвалі Слуцк і Новагародак, спалілі Менск. Найбольш буйнымі былі набегі ў 1503, 1506, 1508, 1510, 1521, 1527 гг. За 1497—1527 гг. крымскія татары зрабілі 12 набегаў. У 1519 г. яны разграмілі палякаў пад Сокалам. Набегі татар на Падолле, Чырвоную Русь і Валынь адбыліся ў 1549 і 1589 г. У 1618 г. татары разбілі польскае войска пад Арынінам, у 1626 г. нанеслі вялікае паражэнне пад Белай Царквой. Нагайскія, дабруджынскія, даперакопскія татарскія гурты рабілі набегі на тэрыторыю украінскіх зямель і Польшчу, не пытаючыся на гэта дазволу і згоды ў крымскага ханаэ У той жа час асобныя атрады падняпроўскіх і запарожскіх казакоў нападалі на асманскіх і крымскіх паслоў і купцоў, на асманскія і крымскія землі, што таксама абвастрала адносіны паміж дзяржавамі. Няўдачай скончыўся іх паход на Украіну ў 1661—1662 г. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. крымскія татары выступалі на баку апошняй. Пасля ўступлення ў вайну Швецыі крымскі хан Мехмед-Гірэй стварыў пагрозу нападу на украінскія землі і тым самым стрымаў запарожскіх казакоў ад выступлення супраць Рэчы Паспалітай. Яны ўдзельнічалі ў польска-турэцкай вайне 1672 г., у 1675 г. Ян III Сабескі разбіў татар пад Львовам. У 1683 г. яны ўдзельнічалі ў баях пад Венай. У 1695 г. татары напалі на Львоў, апошняя бітва татарскіх і польскіх войск адбылася пад Падгайцамі ў 1698 г.. На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы XV — 1-пал. XVI ст. (гл. Татарскія набегі на Беларусь), буйнейшай ваеннай падзеяй была Клецкая бітва (1506).

Адносіны Крымскага ханства з Маскоўскай дзяржавай былі вельмі складаныя. У 1517 і 1541 г. крымскія татары здзейснілі паходы на Маскоўскую дзяржаву. У 1552 г. рускае войска авалодала Крымам, але ў 1555 г. татары разбілі маскоўскія войскі пад Тулай. У 1559 г. руская армія пад камандаваннем Д. Адашава ажыццявіла паход у Крым, а татары на чале з ханам Даўлет-Гірэем у 1571 г. захапілі і спалілі Маскву. Скончыліся няўдачай паход Даўлет-Гірэя на Маскву ў 1572 г., бой 1587 на р. Аха, паход 1591 г. Газі-Гірэя II на Маскву. У 1592 г. татары спусташылі паўднёвыя раёны Расіі. У 1593 г. паміж Крымскім ханствам і Расіяй заключаны мірны дагавор, які быў парушаны ў 1607 г., і ваенныя падзеі адбываліся да 1617 г., калі было заключана новае пагадненне. У 1632 г. ваенныя дзеянні паміж Крымам і Расіяй аднавіліся. Па загадзе турэцкага султана татары ўдзельнічалі ў няўдалай аблозе Азова 1637-41, а ў 1645 зрабілі паход на Расію. У 1646-47 Расія і Рэч Паспалітая сумесна дзейнічалі супраць Крымскага ханства. У 1687 і 1689 расійскае войска пад камандаваннем В. Галіцына ажыццявіла паходы на Крым. У 1695 і 1696 крымскія татары ўдзельнічалі ў абароне Азова ад войска Пятра I, у 1711 — у баях за Малдову. У 1736, 1737 і 1738 адбыліся паходы расійскай арміі ў Крым. У 1770 туркі і татары разбіты на р. Ларга войскам П. Румянцава. У 1771 армія В. Далгарукага зруйнавала ўсе гарады Крыма, загінула больш за 33 тыс. жыхароў. Пасля гэтага крымскі курултай выбраў ханам Шагін-Гірэя, які абвясціў незалежнасць Крымскага ханства ад Турцыі. Паводле Кучук-Кайнарджыйскага трактата 1774 паміж Турцыяй і Расіяй султан адмовіўся ад правоў на Крымскае ханства. У 1776, 1778 і 1783 Расія ўводзіла ў Крым войскі для «навядзення парадку». У лютым 1783 Шагін-Гірэй пад прымусам адрокся ад стальца і перадаў Крымскае ханства імператрыцы Кацярыне II.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be