Слуцк
Слуцк[2] (афіц. транс.: Sluck), часам Слу́часк, або Слу́цак — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Слуцкага раёна, на рацэ Случ пры ўпадзенні ў яе ручая Бычок. За 105 км на поўдзень ад Мінска. Вузел чыгунак на Асіповічы, Баранавічы, Салігорск. Аўтадарогі на Мінск, Бабруйск, Салігорск. Насельніцтва 62 147 чал. (2017)[3].
Назва
Тапонім «Слуцк» утварыўся ад ракі Случ па самай старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + -ск[4]. У сваю чаргу, назва ракі з’яўляецца вытворным ад слова «лука» — выгін ракі, лукавіна (злуч, злучына)[5]. У старабеларускіх пісьмовых помніках назва горада зафіксавана ў форме Случескъ[4].
У айканіміі беларускіх зямель суфікс -ск (-цк) з’яўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай з’явай, якая падкрэслівае самабытнасць беларускага народа і старажытнасць тэрыторыі яго рассялення. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стст., у тым ліку ў назвах двух старажытнейшых гарадоў Полацк і Смаленск, засведчаных летапісамі пад 862 і 863 гг. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, згаданых у летапісах XI ст., прыпадае менавіта на зону фармавання беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасць і ў наступныя стагоддзі. Кожны трэці беларускі горад з ліку тых, што занесены ў «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст., заканчваецца на -ск (-цк)[4].
Варыянт Слуцак не вытлумачваецца фанетычнымі законамі беларускай мовы і на працягу многіх стагоддзяў практычна не выходзіў за межы вуснага ўжытку. Пачатак яго пісьмовага выкарыстання адносіцца да канца XIX ст., але ўсё ж перавага аддавалася варыянту Слуцк. Напрыклад, у беларускамоўнай газеце «Наша Ніва» (1906—1915) форма Слуцак ужыта толькі 5 разоў, у той час як Слуцк — 54 разы. Форма Слуцак даволі актыўна выкарыстоўвалася пазней, у 1920-х гадах, у БССР (гл., напрыклад, Кайгарадаў А. І. Кліматычны атляс Беларусі. Менск, 1927), а таксама ў Заходняй Беларусі да часу яе ўваходжання ў склад БССР[4].
У наш час па-ранейшаму дамінуе форма на -цк, хоць у асобных выданнях і цяпер ужываецца варыянт Слуцак[4].
Гісторыя
Асноўны артыкул: Гісторыя Слуцка
Старажытнасць
На тэрыторыі сучаснай Случчыны вядомы стаянкі першабытнага чалавека, якія адносяцца да перыяду канца V — канца III тысячагоддзяў да н.э. Пасяленні людзей на тэрыторыі сучаснага Слуцка існавалі з VII стагоддзя да н.э па VIII стагоддзе н.э.
Упершыню горад Слуцк згадваецца пад 1116 годам у «Аповесці мінулых часоў» як горад дрыгавічоў, які быў спалены Глебам Менскім («Глѣбъ бо бѧше воевалъ Дрѣговичи и Случескъ пожегъ»). Уваходзіў у склад Тураўскай воласці і належаў разам з ёй кіеўскаму князю Уладзіміру Усеваладавічу.
У 1149 годзе Юрый Далгарукі перадаў Слуцк («и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче») чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу.
З 1160 года горад з’яўляўся цэнтрам княжацкага ўладання — Слуцкага княства, дзе першым вядомым князем быў унук Уладзіміра Усеваладавіча — Уладзімір Мсціславіч[6]. У 1162 годзе ён быў выгнаны са Слуцка кааліцыяй князёў: «Рюрик и Святополк Гюргевичь Туровьским и Святослав Всеволодович с братомъ Ярославом и съ Олгомъ Святославичем и с Володимиричемъ и съ Кривьскими князьми идоша къ Случьску».
У 90-я гады XII стагоддзя адбылося канчатковае вылучэнне Слуцка з Тураўскай зямлі. Пасля каля двухсот гадоў княствам кіравалі нашчадкі тураўскага князя Юрыя Яраславіча[7][8].
Напачатку XIII стагоддзя слуцкія землі трапілі ў залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства[9]. У 1205 годзе адбыўся напад на Слуцк польскіх войскаў. Прыкладна ў гэты час з’яўляюцца першыя звесткі пра слуцкі Троіцкі (Трайчанскі) праваслаўны манастыр.
Вялікае Княства Літоўскае
У 1320—1330-я гады горад увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага і на працягу двух стагоддзяў Слуцк з’яўляўся адным з палітычных і культурных цэнтраў гэтай дзяржавы. У грамаце 1387 года згадваецца слуцкі князь Юрый, апошні з дынастыі нашчадкаў Юрыя Яраславіча Тураўскага[10].
У 1395 годзе горад перайшоў з уладання князёў Ізяславічаў Тураўскіх да князёў Гедзімінавічаў. У 1398—1454 гадах у Слуцку княжыў Аляксандр (Алелька) Уладзіміравіч.
У пачатку XV стагоддзя каля ўпадзення ручая Бычок у раку Случ былі пабудаваны Верхні і Ніжні замкі.
15 ліпеня 1410 года слуцкае апалчэнне прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве.
У 1419 годзе ў горадзе быў узведзены каталіцкі фарны касцёл, які праіснаваў да 1852 года.
У 1433 годзе горад быў цэнтрам выступлення супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча.
У 1441 годзе атрымаў абмежаванае самакіраванне на аснове магдэбургскага права і герб. У 1443—1454 гадах горадам правіў князь Сямён Алелькавіч.
У 1446—1447 гадах слуцкая дружына дапамагала маскоўскаму князю Васілю II у яго барацьбе супраць Дзмітрыя Шамякі, які захапіў маскоўскі трон.
У 1454—1481 гадах у Слуцку княжыў Міхаіл Аляксандравіч. Пасля пакарання Міхаіла Алелькавіча смерцю за змову супраць Казіміра IV горад перайшоў да яго ўдавы Ганны і малалетняга сына Сямёна(руск.) бел.. Ён княжыў да 1505 года.
1494 годам датуюцца першыя звесткі пра бібліятэку рукапісных кніг слуцкага Трайчанскага манастыра. З канца XV стагоддзя пры ім існавала школа перапісчыкаў царкоўных кніг. Да XVI стагоддзя Слуцк заставаўся адным з палітычных і культурных цэнтраў ВКЛ. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс — помнік беларуска-літоўскага летапісання XVІ стагоддзя, існавала бібліятэка.
З 1505 па 1542 год спачатку пад рэгенцтвам маці(руск.) бел., а потым самастойна, у Слуцку княжыў Юрый Алелькавіч. У 1508 Слуцк спалены мяцежнымі войскамі Міхаіла Глінскага. 8 верасня 1514 случчане прымаюць удзел у бітве пад Оршай супраць войскаў маскоўскага князя Васіля III.
У 1517 годзе пачаліся запісы ў «Слуцкім памянніку», які запаўняўся да XVIII стагоддзя.
У 1527 годзе дружына слуцкага князя ваявала з татарамі на Украіне.
З 1542 па 1560 год Слуцкам правіў Сямён Юр’евіч(укр.) бел..
У 1582 годзе быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў. У 16 стагоддзі Слуцкія землі неаднаразова спусташалі, а сам горад абложвалі крымскія татары, аднак замак узяты не быў.
У 1592 княжна Соф’я Юр’еўна, апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў, аб’яднала землі княства, у 1612 годзе пасля яе смерці горад перайшоў да яе мужа Януша Радзівіла.
У 1617 г. князем Янушам Радзівілам заснавана Слуцкая кальвінісцкая гімназія. У 1630—1640-я гг. Багуслаў Радзівіл умацаваў Слуцк, які лічыўся адной з асноўных крэпасцяў ВКЛ. Пры Праабражэнскім брацтве працавалі школы для гараджан з выкладаннем на беларускай мове. У 1672—1705 гг. дзейнічала друкарня, у 1689—1773 гг. — езуіцкі калегіум. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Слуцк быў адзіным з буйных гарадоў Беларусі, які не здолелі захапіць рускія войскі. У 1655 г. вытрымаў аблогу рускіх і казацкіх войск. У 1656 г. Багдан Хмяльніцкі выдаў універсал з гарантыяй недатыкальнасці Слуцка з боку казацкіх атрадаў, а слуцкім купцам — вольнага гандлю на Украіне. У 1700 г. гораду дадзена поўнае магдэбургскае права і герб. У Паўночную вайну (1700—1721) у горадзе неаднаразова квартэравалі шведскія войскі.
У 1751—1760-я гг. у горадзе дзейнічала прыдворная тэатральная трупа ўласніка горада і слуцкай ардынацыі — князя Гераніма Фларыяна Радзівіла. У тэатры ставіліся оперы, балеты і драматычныя спектаклі. Балетная трупа падрыхтавана ў Слуцкай балетнай школе (заснавана ў 1756). Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі.
У 1740 г. князь Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» заснаваў мануфактуру «слуцкіх паясоў» з шоўку (Слуцкая персіярня), якая дзейнічала да 1844 г.
У 1767 г. у горадзе была ўтворана Слуцкая канфедэрацыя — саюз пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ, арганізаваная для ўраўнавання яе ў правах з каталіцкай шляхтай.
Расійская імперыя
У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай горад Слуцк увайшоў у склад Расійскай імперыі, стаў цэнтрам Слуцкага павета Мінскай губерні (да 1924 г.).
У 1823 г. быў складзены план забудовы горада, які прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, будаўніцтва новых дамоў, зліццё цэнтра з ускраінамі. У 1831 г. скончана будаўніцтва ўчастка Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцк і павет. У 1896 г. распачата будаўніцтва чыгуначнай лініі Асіповічы-Слуцк (скончана ў 1915 г.).
У часе выбараў да самакіравання ў 1909 г. у гарадскую раду было абрана 10 рускіх, 4 палякі і 1 яўрэй[11].
Найноўшы час
У 1919 г. у БССР, але яшчэ ў тым годзе заняты польскімі войскамі. У гады 1919—1920 пад часовай польскай адміністрацыяй, у складзе Менскай акругі Грамадскай управы Усходніх земляў. 15 ліпеня 1920 г. войскі Мазырскай групы авалодалі горадам. З 1920 г. зноў у складзе БССР.
У 1921 г. працавала этнаграфічная экспедыцыя па Беларусі, арганізаваная Беларускім Дзяржаўным музеем, у складзе якой былі мінскія мастакі Д. Полазаў (кіраўнік), П. Гуткоўскі, Я. Кругер, К. Елісееў, фалькларыст і кампазітар Уладзімір Тэраўскі і інш. За шэсць тыдняў у Слуцку і навакольных вёсках было сабрана і часткова сфатаграфавана мноства помнікаў старажытнасці, знойдзена значная колькасць цудоўных узораў слуцкіх паясоў і тканін. Пра вынікі працы Д. Полазаў зрабіў даклад на пасяджэнні мінскага таварыства гісторыі і старажытнасці[12].
З 27 верасня 1938 г. — горад абласнога падпарадкавання. У чэрвені 1941 г. акупіраваны нямецкімі войскамі, якія арганізавалі тут лагер смерці, яўрэйскае гета, турму. У горадзе існавала савецкае падполле. У ходзе Мінскай аперацыі (1944) Слуцк быў заняты савецкімі войскамі.
12 кастрычніка 1967 года ў Слуцку адбыліся масавыя беспарадкі, быў падпалены будынак суда, загінулі суддзя і афіцэр МУС.
Горад развіваўся паводле генеральных планаў 1947, 1962, 1977 і 1987 гадоў.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: канец стагоддзя — 14 тыс. чал.
- XX стагоддзе: 1941 — 22 тыс. чал.; 1944 — 7 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2004 — 62,3 тыс. чал. (43 нацыянальнасці); 2006 — 61,4 тыс. чал.; 2009 — 61 724 чал.[13]; 2010 — 61 382 чал.[13]; 2011 — 61 446 чал.[13]; 2012 — 61 436 чал.[14]; 2013 — 61 847 чал.[15]; 2014 — 62 046 чал.[16]; 2015 — 62 192 чал.[17]; 2016 — 62 226 чал.[18]; 2017 — 62 147 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, металаапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Слуцк». У 2004 у горадзе 21 прамысловае прадпрыемства, зарэгістравана 126 прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці. Харчовая і перапрацоўчая прамысловасць прадстаўлена 8 прадпрыемствамі. Тавары лёгкай прамысловасці вырабляюцца на прамыслова-гандлёвым прадпрыемстве «Ландыш», тэкстыльнай фабрыцы і рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы». Шырока прадстаўлена дрэва- і металаапрацоўчая галіны («Слуцкмэбля», «Слуцк-Модуль», «Ямполь»).
Адукацыя і культура
- Слуцкая жаночая гімназія (1912—1918)
- Слуцкі дзяржаўны медыцынскі каледж
- Слуцкі краязнаўчы музей
- Школа № 10 імя С. Ф. Рубанава
- Дом культуры
Спорт
- Футбольны клуб «Слуцк», заснаваны ў 1998 годзе, хатнія матчы праводзіць на Гарадскім стадыёне (умяшчальнасць — 1896 месцаў).[19] З сезону 2014 выступае ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, найлепшае дасягненне — 7-е месца ў сезоне 2017.
СМІ
- Газета «Інфа-Кур’ер». Недзяржаўнае выданне. Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб’яднаныя Масмедыі“».
- Газета «Слуцкі край». Орган мясцовых улад.
Славутасці
- Касцёл Святога Антонія
- Слуцкая Свята-Міхайлаўская царква (2-я пал. 18 ст.)
- Свята-Казьма-Дзям’янаўская царква і жаночы манастыр у гонар святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай
- Свята-Аляксандра-Неўская царква
- Слуцкі будынак паштовай станцыі (19 ст.)
- Слуцкі будынак мужчынскай гімназіі (1852)
- Слуцкі будынак духоўнага вучылішча (1767)
- Слуцкі будынак дваранскага сходу (18 ст.)
- Помнікі: Соф’і Слуцкай; Г. К. Жукаву.
- Касцёл Святога Антонія Падуанскага і кляштар бернардзінцаў
- Свята-Варварынская капліца
Страчаная спадчына
- Слуцкія замкі
- Харальная сінагога
- Слуцкая халодная сінагога
- Свята-Варварынская царква
- Свята-Мікалаеўскі сабор
- Свята-Васкрасенская царква
- Слуцкая ратуша
- Царква Нараджэння Хрыстовага
- Надбрамная царква Іаана Багаслова
- Свята-Іаана-Прадцечанская царква
- Царква Сімяона-Стоўпніка
- Свята-Стэфанаўская царква
- Свята-Георгіеўская царква ці Юр’еўская царква
Вядомыя асобы
Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Слуцка і Ганаровыя грамадзяне Слуцка
- Сямён Алелькавіч — апошні князь кіеўскі.
- Сцяпан Андрэевіч Баркоўскі — беларускі крытык, літаратуразнавец.
- Галіна Аляксандраўна Барташэвіч — беларускі фалькларыст.
- Уладзімір Самойлавіч Басалыга — народны мастак Беларусі.
- Міхаіл Самуілавіч Басалыга — беларускі графік.
- Леанід Генадзевіч Барабанаў — беларускі дэрматавенеролаг.
- Алег Паўлавіч Белавусаў — беларускі аніматар, кінарэжысёр.
- Юрка Гаўрук — беларускі паэт.
- Віктар Уладзіміравіч Грузінскі (1933—1997) — фізік, доктар фізіка-матэматычных навук[20].
- Вячаслаў Дубінка (1942—2010) — фотамастак, пісьменнік і майстар выцінанкі[21].
- Язэп Дыла — беларускі пісьменнік.
- Вiтольд Ёдка-Наркевiч — польскі палітычны дзеяч.
- Юрый Аверкіевіч Жукаў — генерал-лейтэнант, начальнік касмадрома «Байканур».
- Анатоль Мікалаевіч Карташэвіч — беларускі вучоны ў галіне аўтатрактарабудавання.
- Сямён Арыевіч Косберг — канструктар авіяцыйных і ракетных рухавікоў.
- Эдуард-Антон Якаўлевіч Красоўскі — акадэмік, лейб-акушэр, заснавальнік акушэрства ў Расіі.
- Георгій Гаўрылавіч Крышталь — савецкі акцёр тэатра і кіно.
- Настасся Сяргееўна Мірончык-Іванова — беларуская лёгкаатлетка.
- Павел Андрэевіч Місько — скульптар, народны мастак Беларусі.
- Арсен Паўлюкевіч — беларускі палітычны дзеяч.
- Расціслаў Пятровіч Платонаў — доктар гістарычных навук, прафесар.
- Ян Пятроўскі — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, перакладчык.
- Валянціна Вітальеўна Ражанец (нар. 1964) — беларускі палітык.
- Аляксандр Сяргеевіч Рубанаў — беларускі фізік, акадэмік НАН Беларусі.
- Аляксандр Іванавіч Слупскі — гісторык, археолаг.
- Максім Уладзіміравіч Царэнка — украінскі журналіст, які выратаваў ў 1995 годзе 10 дзяцей.
- Вітольд Карлавіч Цэраскі — астраном, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН.
- Уладзімір Якаўлевіч Цэслер — беларускі дызайнер.
- Фабіян Шантыр — беларускі пісьменнік.
- Ігар Сяргеевіч Шаўчук — авіяканструктар, генеральны канструктар ААТ «Тупалеў».
- Пінхас Хаімавіч Яброў (1902—1978) — беларускі інжынер-будаўнік.
- Міхаіл Іванавіч Якімовіч — беларускі спартсмен, гандбаліст.
- Лідзія Міхайлаўна Ярмошына — беларускі дзяржаўны дзеяч.
Гл. таксама
- Масавыя хваляванні ў Слуцку 12 кастрычніка 1967 года
- Гарады Мінскай вобласці
- Гарады Беларусі
- Спіс вуліц Слуцка
- Харальная сінагога
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- 1 2 3 4 5 Лемцюгова В. П. : Прадмова да даведніка “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь”
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 352.
- ↑ Любавский М. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута. — М., 1892.
- ↑ Полное собрание русских летописей (II, 350, 358; IV, 72; V, 236, 239; VII, 49, 255; VIII, 25).
- ↑ Нарбут А. Н. Генеалогия Белоруссии. Выпуск 1—4. — М.: 1994—1996.
- ↑ Коган В. М., Домбровский-Шалагин В. И. Князь Рюрик и его потомки: Историко-генеалогический свод. — С. 164.
- ↑ Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmudzka i wszystkiej Rusi. — T. II. — Warszawa, 1846.
- ↑ W walce o prymat w kraju. Samorząd lokalny. W: Między nadzieją…. Ss. 168—169.
- ↑ Людміла Налівайка. Рыцары аховы помнікаў
- 1 2 3 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2011 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2010 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (1 красавіка 2011). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2012 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2011 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (3 красавіка 2012). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2013 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2012 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (3 красавіка 2013). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2014 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2013 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (1 красавіка 2014). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Інфармацыя аб ФК “Слуцк” (нявызн.) (недаступная спасылка). Афіцыйны сайт АБФФ. Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2018. Праверана 19 студзеня 2018.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 456. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- ↑ Імёны Свабоды: Вячаслаў Дубінка https://www.svaboda.org/a/24465157.html
Літаратура
- Слуцк // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9;
- Слуцк // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны: энцыкл. давед. Мн.: 2004. С. 518—521.
- Слуцк // Бел. энцыкл. у 18 т. Мінск, 2002. Т.15. С. 25-27.
- Слуцк // Энцыкл. гісторыі Беларусі у 6 т. Мн.: 2001. Т.6., кн. 1. С. 345—347.
- Памяць: Слуцкі раён. Слуцк: у 2 кн. / уклад. В. С. Відлога; рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БЕЛТА, 2000—2001.
- Цітоў А. К. Слуцак / Анатоль Цітоў // Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.) / Анатоль Цітоў. Мінск, 1998. С. 234.
- Ткачев М. А. Укрепления средневекового Слуцка / М. А. Ткачев // Замки Беларуси / М. А. Ткачев. Минск, 2002. С. 156—162.
- Ціткоўскі І. А. Помнікі архітэктуры Слуцка / І. Ціткоўскі. — Слуцк : [б.в.], 1997. — 111 с. : іл.
- Dariusz Tarasiuk: Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007, s. 211. ISBN 978-83-227-2629-7.
Спасылкі
Слуцк у Вікіцытатніку | |
Слуцк на Вікісховішчы |
- Геаграфічныя звесткі па тэме Слуцк на OpenStreetMap
- Інфармацыя на афіцыйнай старонцы Мінскага аблвыканкаму Архівавана 5 сакавіка 2006.
- Фота на «Глобус Беларусі»
- Форум горада Слуцка
- Сайт Слуцкай газеты, ўсе навіны з жыцця, гісторыя, шмат фотаздымкаў
- Галина Улитенок. Слуцкие бренды // Беларусь сегодня, 2019, 13 красавіка
- Наследие Слуцкого края
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Слуцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Мінскай вобласці Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Грэскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Слуцкага раёна Катэгорыя·Раёны Мінскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1925 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Мінскай вобласці Катэгорыя·Сельсаветы Слуцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.