Керч
Керч (укр.: Керч, крымскатат.: Keriç, Керич, стар.-грэч.: Παντικάπαιον) — горад ва ўсходняй частцы Крыма, у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым (Украіна[1]) на беразе Керчанскага праліва, горад-герой. Адзін са старажытных гарадоў свету. На тэрыторыі горада знаходзіцца мноства помнікаў гісторыі і архітэктуры, што адносяцца да розных эпох і культур.
Гісторыя
Заснаваны старажытнымі грэкамі пад назвай Пантыкапей у 1-й пал. VI ст. да н.э. У пач. V-IV ст. да н.э. сталіца Баспорскай дзяржавы.
На месцы разбуранай гунамі Пантыкапея ўзнік горад Баспор[крыніца?]. У V – пач. VI ст. залежыў ад гунаў, сярод яго жыхароў пераважалі сарматы і аланы. У 520-х гг. быў далучаны да Візантыі і стаў адным з важных памежных пунктаў імперыі. У кан. VII ст. Баспор і Фанагарыя, якая месцілася праз праліў, былі захопленыя хазарамі. Баспор стаў сталіцай хазарскага намесніка ўсходняга Крыма. У сяр. IX ст. аслабшыя хазары адыйшлі да Дону, і Баспор ізноў стаў гуляць ролю буйнага гандлёвага порта, цэнтра транзітнага гандлю. У кан. IX – пач. X ст. у Паўночнае Прычарнамор’е ўварваліся печанегі і разбурылі большасць гарадоў усходняга Крыма, аднак гэты лёс абмінуў Баспор, бо ён быў патрэбен печанегам для абмену захопленай здабычы на заморскія тавары. У кан. X ст. Баспор увайшоў ва ўзніклае на Таманскім паўвостраве Тмутараканскае княства і атрымаў новае імя – Корчаў. Пасля сыходу русінаў з Прычарнамор’я ў першай пал. XII ст., некаторы час горад ізноў нахадзіўся ў зоне візантыйскага ўплыву, але з пач. XIII ст. Візантыя перастала кантраляваць басейн Чорнага мора, і Корчаў трапіў пад уладу генуэзцаў. Горад быў пераназваны італьянцамі ў Чэркіё, у ім з’явілася вялікая генуэзская гандлёвая факторыя і крэпасць. 3 1318 консульства (адміністрацыйная адзінка), падпарадкаваная Генуі. З сяр. XIII ст. гаспадарамі Паўночнага Прычарнамор’я сталі татары, але генуэзцы суіснавалі з імі і захоўвалі за сабою шэраг гарадоў, у т.л. і Чэркіё.
Прыход асманаў у 1475 паклаў канец знаходжанню генуэзцаў у гэтым краі. Тут паўстаў апорны пункт Турцыі для абароны Крыма ад казакоў. Ва ўладзе асманаў Керч заставалася да 1771, калі яе захапілі войскі Расійскай імперыі. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адышоў да Расіі. З 1954 года ў складзе Украіны.
У горадзе цудам ацалеў закладзены ў X ст. храм Яна Хрысціцеля, адзіная візантыйская царква, якая захавалася ў Паўночным Прычарнамор’і.
Насельніцтва
- 1998 — 170 тыс.
- 2006 — 151 тыс.
- 2012 — 146 тыс.
- 2016 — 149 тыс.
Прамысловасць
Здабыча жалезнай руды (Камыш-Бурунскі камбінат). Металургія, суднабудаванне і суднарамонт, харчасмакавая прамысловасць.
Транспарт
Марскі порт. Чыгуначная станцыя. Злучаны чыгуначнай паромнай пераправай са ст. Каўказ (Таманскі паўвостраў).
Культура
Тэатр. Гісторыка-археалагічны музей.
Славутасці
- Мелек-Чэсменскі курган (IV ст. да н.э.)
- Склеп Дэметры (I ст. н.э.)
- Царква Іаана Прадцечы (X-XIII ст.)
- Мемарыяльны ансамбль героям абароны Аджымушкая (1982)
- Лапідарый
Гарады-пабрацімы
|
Вядомыя асобы
- Лука (Война-Ясянецкі)
- Сяргей Леанідавіч Дарэнка, журналіст
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Гэты аб’ект размешчаны на тэрыторыі паўвострава Крым і кантралюецца Расіяй. Міжнародная супольнасць не прызнае ўключэнне Крыма ў склад Расіі і лічыць яго анексіяй часткі тэрыторыі Украіны (гл. Рэзалюцыю 68/262 Генеральнай Асамблеі ААН).
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8. С.239
Керч на Вікісховішчы |
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.