Крэва
Крэ́ва[1] (трансліт.: Kreva, руск.: Крево) — аграгарадок у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Крэўскага сельсавета.
Колішні горад у ВКЛ.
Назва
Тапонім «Крэ́ва»[2] ўтварыўся ад назвы племянной супольнасці крывічоў[3].
Гісторыя
Першыя пісьмовы згадкі пра Крэва як сталіцу Нальшанскай зямлі[4] змяшчаюцца ў нямецкай хроніцы і датуюцца XIII ст. З таго часу назва паселішча неаднаразова фіксуецца ў розных летапісах, дакументах і на мапах. У 1260-я Крэва далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У ХІV ст. яно зрабілася сталіцай Крэўскага княства, тут пабудаваны мураваны замак. У 1338 г. вялікі князь Гедзімін перадаў Крэва свайму сыну Альгерду, потым ім валодаў Ягайла.
У 1382 годзе па загаду Ягайлы ў Крэўскім замку забілі Кейстута, бацьку Вітаўта. 14 жніўня 1385 г. тут адбылося падпісанне Крэўскай уніі. У 1387 годзе Ягайла заснаваў у Крэве адну з першых у Літве каталіцкіх парафій. У 1391 годзе загінуў апошні князь крэўскі Вітунд. У 1413 г. мясцовасць увайшла ў склад Віленскага ваяводства[5].
З сярядзіны ХV да 1-й паловы ХVІ стст. Крэва было сталіцай павету. Станам на 1551 яно плаціла ў велікакняжацкі скарб мінімальную суму падаткаў — 5 коп грошаў[5].
7 красавіка 1559 г. вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Крэву Магдэбургскае права, да канца XVIII ст. ужываўся герб: «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбная зорка»[6] (герб Ляліва). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мястэчка ўвайшло ў склад Ашмянскага павета. З 1636 года пры касцёле працавалі школа і бальніца.
У Трынаццацігадовую вайну маскоўскія захопнікі спусташалі Крэва двойчы (у 1655 і 1659)[7]. Цягам ХVIII ст. у мястэчку дзейнічалі 6 уніяцкіх цэркваў і 1 касцёл[7]. Паводле інвентару (1789), існавалі рынак (52 дамы, 2 карчмы), вуліцы Зарэцкая (56 дамоў), Пяскоўская (9 дамоў), Татарская (13 дамоў), Багданаўская (56 дамоў), Барунская (5 дамоў)[7]. У кан. ХVIII ст. мястэчка карысталася пячаткай з гербам Ляліва.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Крэва апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У XIX — 1-й пал. XX стст. паселішча было адным з найбуйнейшых цэнтраў вытворчасці керамікі. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1866 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі мясцовы касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Крэве было 217 двароў, 2 царквы, сінагога, вучэльня, школа, 2 крамы, рэгулярна праводзілася 5 кірмашоў. У 1898 г. мястэчка наведаў мастак Фердынанд Рушчыц, які напісаў карціну «Крэва».
У Першую сусветную вайну каля Крэва праходзілася лінія фронту. 21 ліпеня 1917 г. у ходзе артылерыйскай атакі на нямецкія пазіцыі войскі Расійскай імперыі ўшчэнт разбурылі муры замка і касцёла.
У 1920 г. Крэва апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 — міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. У 1929 беларускі мастак Язэп Драздовіч стварыў серыю малюнкаў мястэчка. Цягам 1929—1930-х праводзілася ўмацаванне муроў замка.
У 1939 г. Крэва ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 г. зрабілася цэнтрам сельсавета Смаргонскага раёна. У 1998 годзе з мэтай спрыяння захаванню і адраджэнню Крэўскага замка ўтварыўся міжнародны фонд «Крэва».
- Даўнія графічныя выявы Крэва
- Замак. Невядомы мастак, 1827
- Панарама мястэчка. Невядомы мастак, 1839
- Замак. Невядомы мастак, XIX ст.
- Замак. Б. Тамашэвіч, сяр. XIX ст.
- Мястэчка і замак. Н. Орда, 1877
- Літаграфія з акварэлі Н. Орды
- Панарама мястэчка
- Замкавая вежа
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1789 — 1,1 тыс. чал.[7]
- XIX стагоддзе: 1866 — 1285 чал., у тым ліку 639 праваслаўных, 337 каталікоў, 68 магаметанаў, 241 юдаіст[8]; 1897 — 1380 чал.
- XX стагоддзе: 1909 — 2,3 тыс. чал.; 1972 — 1155 чал.[9]; 1994 — 865 жыхароў, 360 двароў[9]; 1997 — 837 чал.
- XXI стагоддзе: 2004 — 726 чал.
Інфраструктура
У Крэве працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, аптэка, клуб, бібліятэка.
Турызм
Праз Крэва праходзяць турыстычныя маршруты «Легенды Вялікага Княства Літоўскага», «Дойлідства Налібоцкага краю»[10].
Славутасці
- Замак вялікіх князёў (XIV ст.; руіны)
- Касцёл Перамянення Божага
- Яўрэйскія могілкі
- Сінагога (канец 19 — пачатак 20 стагоддзя)
- Царква Св. Аляксандра Неўскага (1854)
- Крэўскі вялікі камень — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння
Страчаная спадчына
Галерэя
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 182.
- ↑ Валерый Шаблюк. Крэва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 284.
- 1 2 ЭнцВКЛ, 2005, с. 157
- ↑ Крэва // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- 1 2 3 4 ЭнцВКЛ, 2005, с. 158
- ↑ Krewo // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 666.
- 1 2 Беларусь, 1995
- ↑ Крево // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Баравы Р. Крэва // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 157—158. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Дзярновіч А. Гісторыя Крэва // Адраджэнне: гістарычны альманах. Вып. 1. — Мн.: Універсітэцкае, 1995.
- Крэва : гісторыя, археалогія, культурная спадчына : зборнік навуковых артыкулаў / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., навук. рэд. А. I. Дзярновіч. — Мінск: Беларуская навука, 2021 . — 460 с.: іл. (Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі).
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Крэва // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 405. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Krewo // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 666—688.
- Krewo // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 2: Januszpol — Wola Justowska. — Warszawa, 1902. S. 165.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Крэва
- Турыстычны сайт мястэчка Крэва (руск.)
- Крэва на сайце Radzima.org
- Герб Крэва Геральдыкум
Катэгорыя·Населеныя пункты Смаргонскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.