wd wp Пошук:

Кублічы

Ку́блічы[1] (трансліт.: Kubličy, руск.: Кубличи) — аграгарадок ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Кубліцкага сельсавета. Насельніцтва 412 чал. (2000). Знаходзяцца за 20 км ад Ушачаў.

Гісторыя

Упершыню Кублічы згадваюцца ў XV ст. Мясцовасць уваходзіла ў склад Полацкага ваяводства. У 1511 вялікі князь Жыгімонт Стары падараваў 2 службы «людзей путных у Кублічах» полацкім баярам М. і І. Невяльскім. У 1552 маёнтак і двор Кублічы — уладанне Ф. Кубліцкага: «3 дымы к тому двору ему конем служат. 14 дымоў вольных людзей дают яму всякого збожжа четвертую долю». У 1593 Кублічы сталі цэнтрам воласці. У пачатку XVII ст. мясцовасць перайшла ў валоданне Сяляваў. У 1622 архімандрыт Нікан Сялява з братамі прадаў маёнтак ротмістру І. Палозчыку.

20 мая 1642 полацкі стольнік Язэп Кляноўскі фундаваў у Кублічах касцёл Дабравешчання Дзевы Марыі. 3 1667 маёнтак знаходзіўся ва ўладанні полацкага гараднічага І. Кубліцкага, з 1719 — Гушчаў. У 1783 замест спарахнелага драўлянага ўзвялі новы мураваны касцёл.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Кублічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Лепельскім павеце Віцебскай губерні. Паводле інвентару, на 1846 у двары Кублічы было 20 двароў, аднайменны маёнтак складаўся з 15 вёсак і належаў П. Сяляву (2241 дзесяціна зямлі). У 1846 у мястэчку адкрылася народнае вучылішча, пры якім збудавалі інтэрнат на 44 вучні. Мелася царкоўна-прыходская школа. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання (18631864) 22 лістапада 1867 г. расійскія ўлады гвалтоўна перабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. Станам на 1880 у Кублічах існавала валасная ўправа, 2 праваслаўныя царквы, 3 яўрэйскія школы, бровар, 2 гарбарныя заводы, заезны двор, 17 крам, праходзілі 3 кірмашы (2 лютага, 29 чэрвеня, 1 кастрычніка) і штотыднёвы торг у сераду. У пач. XX ст. — 128 двароў.

Падчас польскай акупацыі, з 9 лютага 1920 г. Кублічы з’яўляліся часовым адміністрацыйным цэнтрам Лепельскага павета Мінскай акругі Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх земляў[2].

20 жніўня 1924 г. Кублічы сталі цэнтрам сельсавета Ушацкага раёна. У 1930-я ў мястэчку працавала кузня. У 1938 статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1941 г. у вёсцы быў 141 двор, на 1969 г. — 123 двары, на 2000 г. — 180 двароў. У 1948 г. знішчаны колішні касцёл (XVIII ст.). У 1954 г. на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан на плошчы паставілі абеліск.

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1838 — 376 чал. (203 муж. і 173 жан.), з іх шляхты 3 муж. і 4 жан., духоўнага саслоўя каталіцкага 2 муж., духоўнага саслоўя праваслаўнага 2 муж. і 3 жан., мяшчан-іўдзеяў 112 муж. і 94 жан., сялян памешчыцкіх 29 муж. і 30 жан., сялян скарбовых 50 муж. і 42 жан., аднадворцаў 3 муж., адстаўных салдат 2 муж.[3]; 1846 — 87 чал. у двары Кублічы; 1880 — 120 чал. у двары Кублічы; 1883 — 765 чал. у мястэчку Кублічы, у тым ліку 556 іўдзеяў[4]
  • XX стагоддзе: 1926 — 103 чал. у двары Кублічы; 1941 — 310 чал. 1969 — 361 чал.; 2000 — 412 чал.[5].

Інфраструктура

У Кублічах працуюць сярэдняя школа, бібліятэка, пошта.

Эканоміка

Лясніцтва, фермерскія гаспадаркі.

Турыстычная інфармацыя

Касцёл пасля мураўёўскай перабудовы

Славутасці

Страчаная спадчына

  • Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (XVIII ст.; захаваліся падмуркі і рэшткі муроў)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Сяляваў (XVIII ст.)
  • Царква Святых Кузьмы і Дзям’яна

Выбітныя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. Dz. Urz. ZCZW z 1920 r. Nr 9, poz. 149. (польск.)
  3. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 415.
  4. Kublicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 833.
  5. Памяць. Ушацкі раён, 2003

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Ушацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be