Ушачы
Уша́чы[2] (афіц. транс.: Ušačy), мясцовае: Вуша́ча — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Ушацкага раёна, на р. Ушача. За 150 км на захад ад Віцебска і 36 км ад чыгуначнай станцыі Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Глыбокае, Докшыцы. На заходняй ускраіне пасёлка возера Чаравечае. Насельніцтва 5 948 чал. (2017)[3].
У 2011 годзе ў склад пасёлка ўвайшлі вёскі Гарадок і Пралетарый[4].
Гісторыя
Вядомыя з 16 ст. Належылі полацкаму стольніку Ю. Кляноўскаму, з 1672 года — Д. Радзімінскаму-Францкевічу, Шчытам, затым Плятэрам. У 1716 годзе падваявода полацкі В. Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар з шпіталем і школай. З 1772 года галоўны горад часткі Полацкага ваяводства, якая засталася за ВКЛ пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. У 1758 атрымалі магдэбургскае права.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Ушачы сталі цэнтрам той часткі Полацкага ваяводства, што засталася ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. як заштатны горад, мястэчка, цэнтр Лепельскага павета Ушачы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.
3 1805 г. яны — цэнтр воласці ў Віцебскай губерні. У 1846 г. у мястэчку 95 жыхароў, 22 двары. Тут быў вадзяны млын, стаялі 2 карчмы. У 1880 г. дзейнічалі вінакурны завод, млын, былі 2 царквы, касцёл, 18 крам, 3 яўрэйскія малітоўныя школы, з 1890 года працавала царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 г., у мястэчку 1268 жыхароў, 170 двароў, былі гарбарны і паташны заводы, млын, лячэбніца, аптэка, 16 крам, 8 шынкоў, заезныя дамы.
У 1919 годзе Ушачы знаходзіліся ў складзе РСФСР, у 1924 годзе ўвайшлі ў БССР і сталі цэнтрам Ушацкага раёна Полацкай, у 1935—38 гг. Лепельскай акруг. У 1938 годзе Ушачам нададзены статус гарадскога пасёлка Віцебскай вобласці. У 1941 годзе ў пасёлку было 2,7 тыс. жыхароў, 600 двароў.
У Вялікую Айчынную вайну 7 ліпеня 1941 года Ушачы акупіравалі нацысцкія захопнікі. Яны загубілі тут 735 чалавек. Ва Ушачах і раёне дзейнічала патрыятычнае падполле. У канцы верасня 1942 года партызаны разграмілі мясцовы варожы гарнізон і вызвалілі Ушацкі і суседнія з ім раёны ад гітлераўскіх захопнікаў. Была створана Полацка-Лепельская партызанская зона. У снежні 1943 г. — красавіку 1944 г. ва Ушачах дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху, партызанскай брыгады імя В.Чапаева. Тут размяшчалася падпольная друкарня, дзейнічалі партызанскі тэлефонны вузел, электрастанцыя, лесазавод. 30 красавіка 1944 г. Ушачы былі захоплены гітлераўцамі. Вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту 29 чэрвеня 1944 г.
3 1944 года Ушачы былі ў складзе Полацкай, з 1954 года — Віцебскай абласцей. У 1962—66 гг. уваходзілі ў Лепельскі раён.
У 1969 г. быў распрацаваны праект забудовы цэнтральнай часткі гарадскога пасёлка. У 1977 г. створаны генеральны план Ушачаў. З 1924 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гарадскі пасёлак. У 1962—1966 у Лепельскім раёне.
Забудова
Цэнтр пасёлка захаваў гістарычную планіроўку. Рака Ушача падзяляе пасёлак на 2 часткі. Левы бераг забудаваны пераважна індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. На правым беразе знаходзіцца адміністрацыйна-грамадскі цэнтр і асноўная жылая забудова. У цэнтры, які захаваў гістарычную планіроўку, пастаўлены 2—5-павярховыя дамы.
Насельніцтва
- 1846 — 95 чал.
- 1897 — 1 268 чал. (перапіс)
- 1941 — 2,7 тыс. чал.
- 1969 — 2 459 чал.
- 2009 — 5,6 тыс. чал.
- 2010 — 5,5 тыс. чал.
- 2016 — 6 030 чал.[5]
- 2017 — 5 948 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Вытворчая зона размешчана на паўднёвы ўсход ад пасёлка. Тут працуюць камунальнае унітарнае прадпрыемства «Ушацкі камбінат прамысловых тавараў», адкрытае акцыянернае таварыства «Ушацкі льнозавод», унітарнае вытворчае прадпрыемства «Ушацкі агароднінасушыльны завод» і інш.
Адукацыя і культура
Ёсць сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, Цэнтр пазашкольнай работы з дзецьмі. Дзейнічаюць Дом культуры, 2 бібліятэкі, Дом рамёстваў, дзіцячая школа мастацтваў. Працуюць 9 калектываў аматарскай мастацкай творчасці, 2 народныя: клубы «Ветэран» і народных майстроў, 1 узорны — дзіцячы хор школы мастацтваў. Створаны Ушацкі музей народнай славы ім. В. Е. Лабанка.
Славутасці
- Гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і часоў Русі (на ўсходняй ускраіне)
- Касцёл Святога Лаўрэна пач. ХХ ст.
- Брацкія могілкі
- Мемарыяльны комплекс «Прарыў»
Вядомыя асобы
- Анатоль Юр’евіч Барышнікаў — заслужаны дзеяч навукі Расіі, доктар медыцынскіх навук.
Ва Ушачах пахаваны Народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін (1935—2014).
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ «Об изменении границ городского поселка Ушачи, Сорочинского и Ушачского сельсоветов Ушачского района». Решение Витебского областного Совета депутатов от 14 апреля 2011 г. № 104 Архівавана 20 верасня 2020. (руск.)
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
- Барадулін, Р. Паклон табе… : нарыс / Р. Барадулін // Маладосць. — 1970. — № 11. — С. 118—121;
- Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2003. — 640 с.: іл.
- Ушачы // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л. К. Калошына. — Мн., 1981. — С. 244—245;
- Ушачы // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт. — склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 165—166;
- Ожешковская И. Н. Архитектурный облик Успенской церкви базилианского монастыря в местечке Ушачи во второй половине XIX в.: новые исследования / И. Н. Ожешковская // Архитектура : сборник научных трудов. — 2013. — Вып. 6. — С. 50 — 55.
- Ушачи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ушачы
- Геаграфічныя звесткі па тэме Ушачы на OpenStreetMap
- Ушачы — westki.info Архівавана 2 мая 2009.
- Надвор’е ў гарадскім пасёлку Ушачы
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Ушацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Віцебскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.