wd wp Пошук:

Кузніца

Ку́зніца (польск.: Kuźnica; раней Ку́зніца Беласто́цкая) — вёска ў Польшчы, на рацэ Ласасянцы. Месціцца за 15 км на паўночны ўсход ад Сакулкі, за 54 км на паўночны ўсход ад Беластока, каля беларуска-польскай граніцы. Уваходзіць у склад Сакульскага павета Падляскага ваяводства, сядзіба вясковай гміны Кузніца. Пагранічная чыгуначная станцыя на лініі Беласток — Гродна.

Гісторыя

Царква-мураўёўка, 1915—18 гг.

Вялікае Княства Літоўскае

Каля 1504 года на беразе ракі Ласасянкі была заснавана рудня, пры якой неўзабаве ўзнікла дзяржаўная вёска. У 1536 годзе Юрый Зеляпуха заснаваў тут мястэчка Кузніцу, якое ўваходзіла ў склад Гарадзенскага павета Троцкага ваяводства. 12 чэрвеня 1546 года каралева і вялікая княгіня Бона Сфорца надала Кузніцы прывілей на гандаль (існуе меркаванне, што існаваў прывілей на магдэбургскае права). У 1545 годзе ў мястэчку быў пабудаваны касцёл.

Касцёл, каля 1900 г.

На 1679 годзе ў Кузніцы існаваў Рынак і 4 вуліцы. У 1731 годзе ўладальнік Кузніцы падкаморы гарадзенскі Казімір Мацута перадаў маёнтак Супраслеўскаму манастыру пры ўмове, каб у мястэчку быў заснаваны базыльянскі манастыр.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кузніца апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Гродзенскім павеце Гродзенскай губерні. 8 чэрвеня 1808 года яна атрымала афіцыйны статус заштатнага горада. У 1862 годзе цераз Кузніцу прайшла Пецярбургска-Варшаўская чыгунка. 27 лютага 1875 года з’явіўся праект герба Кузніцы: срэбны шчыт з выявай кавальскага молата ў чырвоным полі, на якім размяшчаецца дзевяць залатых падкоў[1].

Найноўшы час

У 1915 годзе падчас І сусветнай вайны Кузніца акупіравана германскімі войскамі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай мястэчка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўключалася ў склад Беларускай ССР[2]. Ад пачатку 1919 года дзейнічаў і камісар польскага ўрада па Гродзенскай акрузе, ствараліся польскія вайсковыя структуры. Пасля зыходу нямецкіх войскаў, у час Польска-савецкай вайны 20 ліпеня 1920 года польскія ўзброеныя сілы на чале з ген. А. Макрэцкім здалі Кузніцу і адышлі да Саколкі, але, пацярпеўшы паражэнне ў бітве пад Варшавай, бальшавікі адступілі.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Кузніца апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Гродзенскім павеце Беластоцкага ваяводства. У 1930 годзе статус паселішча паніжаны да вёскі.

З пачаткам Другой сусветнай вайны 15 верасня 1939 года Кузніцу акупавалі войскі Трэцяга Рэйха, але праз тыдзень вёску была перададзена СССР згодна з пактам Молатава — Рыбентропа. У лістападзе 1939 года Кузніца ўвайшла ў склад БССР, цэнтр Кузніцкага сельсавета Саколкаўскага раёна Беластоцкай вобласці. З чэрвеня 1941 да верасня 1944 года вёска зноў была пад нямецкай акупацыяй. 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Кузніцу Польскай Народнай Рэспубліцы.

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: ~1884 год — 1083 чал., з іх 445 каталікоў, 38 праваслаўных і 438 іўдзеяў[3]
  • XXI стагоддзе: 2013 год — 1767 чал.

Славутасці

  • Касцёл Провіду Божага (1907—1913)
  • Могілкі: каталіцкія, іўдзейскія

Страчаная спадчына

  • Царква Аляксандра Неўскага (2-я палова XIX ст.; мураўёўка)

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5. С. 180.
  2. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  3. Кузніца // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — (польск.)  S. 13.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Падляскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты Сакульскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be