wd wp Пошук:

Ламазы

Лама́зы[1] (польск.: Łomazy) — вёска ў Польшчы, на рацэ Зяляве, за 16 км на поўдзень ад Бялы Падляскай і за 84 км на паўночны ўсход ад Любліна. Уваходзіць у склад Бяльскага павета Люблінскага ваяводства, сядзіба вясковай гміны Ламазы.

Гісторыя

Царква-мураўёўка, 1915—1918 гг.

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўспамін пра Ламазы датуецца 1447 годам, калі вялікі князь Казімір перавёў вёску з Парчаўскага староства ў склад Берасцейскай зямлі. У 1451 годзе ён асабіста прыбыў у Ламазы, каб суправаджаць дэлегатаў ад Вялікага Княства Літоўскага. У XVI стагоддзі Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў тут мястэчка і дазволіў праводзіць два кірмашы — на дзень Святога Пятра і Усіх Святых, а таксама штотыднёвы торг у чацвяргі.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Ламазы ўвайшлі ў Берасцейскі павет Берасцейскага ваяводства. На 1566 год у мястэчку існавалі вуліцы Берасцейская, Віленская, Міжрэцкая, Парчаўская, Падрэчная і «Да моста». У 1568 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Ламазам магдэбургскае права і герб «у блакітным полі срэбная воўчая галава і залатая арліная нага»[2]. У 1570 годзе тут была пабудавана царква.

На 1784 год у Ламазах дзейнічалі касцёл, царква і сінагога.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Ламазы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, ва Уладаўскім павеце Сядлецкай губерні. Гэта адарвала мястэчка ад губерняў з пераважна беларускім насельніцтвам. На 1827 год тут было 293 будынкі, на 1861 год — 309, у тым ліку адзін мураваны.

У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Ламазы занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Ламазы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. З пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе Ламазы занялі войскі Трэцяга Рэйха.

У 1944 годзе Ламазы занялі савецкія войскі, пасля чаго іх зноў перадалі Польшчы.

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1827 год — 1917 чал.; 1860 год — 2370 чал.[3]
  • XXI стагоддзе: 2011 год — 1688 чал.

Славутасці

  • Капліца Святога Яна на могілках
  • Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла (1906—1911)
  • Іўдзейскія могілкі

Страчаная спадчына

  • Замак (XVI ст.)
  • Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла (XVIII ст.)
  • Царква Святых Казьмы і Дзям’яна (мураўёўка; 1890—1891)

Галерэя

  • Краявіды Ламазаў
  • Касцёл
  • Галоўны алтар касцёла
  • Капліца на могілках
  • Іўдзейскія могілкі

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 236-2010 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Рэспублікі Польшча на беларускую мову». Гл. польска-беларускую практычную транскрыпцыю.
  2. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. С. 182.
  3. Chlebowski B. Łomazy // Słownik geograficzny… T. V. — Warszawa, 1894. S. 690.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Бяльскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты Люблінскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be