Ласток
Ласто́к — колішняя леснічоўка ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, цяпер — мемарыяльная сядзіба Якуба Коласа.
Аддалена на 4 км ад вёскі Сверынава і на 10 км ад Мікалаеўшчыны. Адзіная з мемарыяльных сядзібаў Якуба Коласа, якая захавалася амаль у першапачатковым выглядзе[1].
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў рэвізскім спісе 1858 г. пад назвай Сухошчына, утворанай ад прозвішча Франца Сухоцкага, радзівілаўскага лесніка, які жыў у Ластку да 1872 года.
У «Службовым фармуляры лясной варты Акінчыцкага лясніцтва на 1884—85 год» пазначана, што з 1 красавіка 1885 г. Міхал Міцкевіч лічыцца стражнікам Сверынаўскага абходу. Ён арандаваў Ласток за 67 рублёў 40 капеек срэбрам. 1 лістапада 1885 г. сям’я Міхала Міцкевіча пераехала ў леснічоўку з Мікалаеўскай лясной каморы[2].
У сувязі з пераводам бацькі Якуба Коласа на новае месца службы ў Альбуць, Міцкевічы пакінулі Ласток у красавіку 1890 года.
У гонар 115-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, у 1997 годзе ў Ластку быў размешчаны філіял мемарыяльнага музея Народнага паэта Беларусі. У двух пакоях лесніковай хаты была ўладкавана экспазіцыя па матывах паэмы «Сымон-музыка». У ёй выстаўляюцца дакументы, фотаздымкі, звязаныя з паэтам, а таксама вырабы народных майстроў Стаўбцоўшчыны[1].
Увосень 2019 года было прынята рашэнне часова закансерваваць музей. Плануецца адрамантаваць сядзібу, пракласці да яе дарогу[3].
Пабудовы
Паводле інвентарнага апісання, складзенага 1 лістапада 1885 года, лесічоўка ўтрымлівала наступныя пабудовы: дзве хаты, абору са стайняй і прыбудовай, гумно, прыгрэбнік і студню-журавель. У садзе раслі пяць старых прышчэпленых груш.
З таго ж апісання вынікае, што хата, гумно і прыгрэбнік пабудаваны ў 1885 г. Гэтыя будынкі амаль у першапачатковым выглядзе захаваліся дагэтуль.
Хата драўляная, з хваёвых абчасаных брусоў, на каменным падмурку, у гладкі вугал, крытая гонтай, з дашчанай падфутроўкай пад дахам. Пры падоўжанай сцяне дзверы, ганак з дзвюма сходкамі і двума апорнымі слупкамі, крыты гонта, з дашчаным шчытом і дашчанай падфутроўкай. Пры другой падоўжанай сцяне таксама ганак з дзвюма сходкамі без стрэшкі. У хаце сенцы, святліца, гасціны пакой, кладоўка, пяць дзвярэй, шэсць вокнаў, два глухія акенцы каля дзвярэй і два ў шчытах, дзве печы — у асноўным памяшканні і ў гасціным пакоі. Столь дашчаная, а падлога земляная[2].
Другая хата ўзведзена з хваёвых круглякоў, крытая гонтай, мела святліцу і сенцы, печ, двое дзвярэй, тры глухія вокны. Столь у асноўным памяшканні і падлога ў сенцах дашчаныя. У сенцах тры засекі на збажыну.
Пабудовы і сад у Ластку былі абгароджаны парканам, гарод і выган — жэрдкамі. Усёй зямельнай плошчы налічвалася 28 дзесяцін 1777 сажаняў.
У творчасці Якуба Коласа
Жыццё ў Ластку апісана ў Коласавай аўтабіяграфіі: «Часамі да нас заходзіў хто з сваякоў з Мікалаеўшчыны, адкуль былі родам бацькі, і заставаліся на некалькі дзён. Мне было вельмі цікава паслухаць іх гутаркі. А гэтыя гутаркі былі самага разнастайнага характару. З гэтых гутарак знаёміўся я з невядомым мне жыццём за межамі нашай сялібы. Таксама часта бывалі ў нас і леснікі, аб’ездчыкі і розныя паны з лясніцтва. Многа было гутарак аб лесніковым побыце, аб праявах службовага характару, аб адносінах паноў да лесніка. У гэтых адносінах было многа крыўднага і несправядлівага да лесніка, і ў мяне з самага ранняга дзяцінства закідалася ў душу варожае пачуццё да паноў, а за часам яно яшчэ больш узмацнілася»[2].
Чацвёрты раздзел паэмы «Новая зямля» «На першай гаспадарцы» прысвечаны пераезду сям’і лесніка на новае месца, у Ласток.
Леснічоўка таксама апісваецца ў паэме «Сымон-музыка» і вершаваным апавяданні «Грушы-сапяжанкі», дзе адлюстраваны ўспаміны пісьменніка аб дзяцінстве[1].
Зноскі
- 1 2 3 Ласток, або Сухошчына – трэцяе месца жыхарства бацькоў Якуба Коласа (бел.) . Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа (11 кастрычніка 2016). Праверана 5 чэрвеня 2019.
- 1 2 3 Тумас, 1982, с. 9—12
- ↑ Два філіялы музея Якуба Коласа на Стаўбцоўшчыне знаходзяцца ў крытычным стане. Іх закрыюць? // Наша ніва, 27 верасня 2019. (бел.)
Літаратура
- Генадзь Тумас. Родны бераг песняра. — Мінск: «Полымя», 1982. — 30 с. — 3 000 экз. экз.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Стаўбцоўскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.