Лахаўка
Ла́хаўка[1] (трансліт.: Lachaŭka, руск.: Лаховка) — вёска ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Лахвенскага сельсавета.
Гісторыя
Першыя звесткі пра Лахаўку датуюцца 1493 годам, калі вялікі князь Аляксандр падараваў Лахву троцкаму ваяводу Пятру Янавічу Мантыгірдавічу. У склад воласці ўваходзіла і Лахаўка. У 1588 годзе Малая Лахаўка — уласнасць Мікалая Крыштафа Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы. У 1672 годзе ў Малой Лахаўцы — 30 двароў і 18,5 валокі зямлі, з якіх 6 пустых. А яшчэ згадваецца, што ў 1795 годзе ў вёсцы налічвалася 45 двароў.
У 1914 годзе мясцовыя сяляне на свае сродкі адкрылі школу. З суседняй вёскі Любані былі запрошаны адукаваныя хлопцы Іван Караніха і Андрэй Шэўчык, якія за невялікую плату (3 рублі ў месяц за вучня) навучалі вясковых дзетак грамаце. Вучылася да 30 дзяцей.
У сярэдзіне 1920-х гадоў у вёсцы адбыўся адбыўся пажар, у выніку якога згарэла дзве вуліцы, а ў 1928 годзе агонь вынішчыў паўвёскі. Таму, каб пазбегнуць скучанасці, пачалася хутарызацыя.
Падчас нямецкай акупацыі было расстраляна ці загінула ў нямецкіх лагерах, ці ў партызанах больш за 20 чалавек. Шмат жыхароў Лахаўкі было вывезена ў Германію прымусова. 48 вяскоўцаў загінула на фронце.
Пасля вайны ў Лахаўцы былі створаны 2 калгасы: «Сцяг камунізму» і «Чырвоная зорка», якія пазней аб’ядналіся ў адзін — «Новае Палессе». З 1959 года пачалося перасяленне жыхароў з хутароў у вёску. Вёска раскінулася з поўдня на поўнач працягласцю ў 6 кіламетраў. Атрымалася дзве часткі: непасрэдна сама Лахаўка і Бродкі — новае пасяленне, сфармаванае з хутарскіх гаспадарак.
У 1960—1970 гадах у вёсцы дзейнічалі 2 пачатковыя школы, два дзіцячыя садкі, бібліятэка, ФАП, 2 крамы, лазня.
У 1986 годзе пасля аварыі на ЧАЭС вёска трапіла ў зону павышанага радыяцыйнага фону.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лахаўка
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лунінецкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.