Лудза
Лудза (лат.: і латг.: Ludza), да 1920 года Люцын (польск.: Lucyn) — невялікі горад у Латгаліі на ўсходзе Латвіі. Насельніцтва 10247 чалавек (2004). Горад перасякае траса міжнароднага значэння Рыга — Масква. Чыгуначная станцыя на лініі Рэзэкнэ — Вялікія Лукі.
Гісторыя
Сярэднявечча
Сустракаецца інфармацыя, пра першую згадку Лудзы Іпацьеўскім летапісам пад 1174 года як горада Лучын. Аднак, Лучын адназначна названы летапісам горадам у Смаленскай зямлі і тоесны Лудзе быць не можа.
Да 1399 года тут пабудаваны замак, фарпост Лівонскага ордэна на ўсходзе.
У 1481 годзе войскі Маскоўскай дзяржавы захапілі і зруйнавалі замак, ён быў адноўлены толькі ў 1525 годзе, а ў 1552 годзе зноў зруйнаваны маскоўцамі.
Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім
30 жніўня 1559 года Лівонскі ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага. У 1566 годзе Люцын увайшоў ва ўтворанае Задзвінскае княства. У часы Інфлянцкай вайны (1558—1582) мястэчка наведаў кароль і вялікі князь Стэфан Баторы, па загаду якога замак умацавалі і размясцілі ў ім тысячную залогу. З XVI ст. тут існаваў драўляны касцёл (упамінаецца ў 1599 годзе).
У 1677 годзе Люцын увайшоў у склад Інфлянцкага ваяводства. У 1687 годзе ў мястэчку збудавалі новы драўляны касцёл (згарэў у 1736 годзе, адбудаваны ў 1738 годзе).
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Люцын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам Люцынскага павета Віцебскай губерні[4]. У 1777 годзе ён атрымаў статус горада ад расійскай імператрыцы Кацярыны II. 21 верасня 1781 года афіцыйна зацвердзілі гарадскі герб Люцына з Пагоняй[5]. На 1881 год у горадзе было 754 будынкі, дзейнічалі касцёл, лютэранская кірха, царква, сінагога і 4 іўдзейскія малітоўныя дамы.
У Першую сусветную вайну 22 лютага 1918 года Люцын занялі войскі Германскай імперыі.
- Старая графіка Люцына
- Агульны выгляд, 1797 г.
- Замак, 1797 г.
- Замак. Н. Орда, 1875—1876 гг.
- Замак паводле Н. Орды, 1876 г.
Найноўшы час
1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Люцын увайшоў у склад Беларускай ССР[6]. У 1920 годзе бальшавікі перадалі горад Латвіі. У 1922—1925 гадах у горадзе дзейнічала Люцынская дзяржаўная беларуская гімназія.
У 1940 годзе Лудза апынулася ў складзе Латвійскай ССР. У Другую сусветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 23 ліпеня 1944 года горада знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Рэйха. У 2009 годзе Лудза стала цэнтрам края.
- Места на старых здымках
- Замак, 1903 г.
- Саборная царква, 1913 г.
- Саборная вуліца, да 1918 г.
- Беларуская школа, 1932 г.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1864 год — 3530 чал., з іх 1200 каталікоў, 416 праваслаўных, 54 раскольнікі, 37 пратэстантаў і 1778 іўдзеяў[7]; 1880 год — 5258 чал.; 1897 год — 5140 чал., з іх 1151 беларусаў, 678 рускіх, 237 латышоў, 228 палякаў, 22 украінцы, 11 немцаў і 2801 іўдзей
- XX стагоддзе: 1989 год — 11 853 чал., з іх 46,29% латышоў, 45,73% рускіх, 2,79% беларусаў, 1,75% украінцаў, 1,27% палякаў, 0,62% літоўцаў і 1,55% іншых
- XXI стагоддзе: 2016 год — 8718 чал.
Культура
Дзейнічае Лудзенскі краязнаўчы музей.
Славутасці
- Замак (XIV ст.)
- Капліца Святога Тадэвуша (1738)
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1938—1993)
- Лютэранская кірха (1872)
- Малельня стараверская (1923)
- Сінагога (XIX ст.)
- Царква саборная Прачыстай Багародзіцы (1843—1845)
Галерэя
- Славутасці Лудзы
- Замак
- Капліца Святога Тадэвуша
- Саборная царква
- Былая сінагога
- Стараверская малельня
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Вятрак у краязнаўчым музеі
Вядомыя асобы
- Антоні Фердынанд Асяндоўскі (1878—1945) — польскі пісьменнік.
- Карл Іванавіч Багдановіч — геолаг і падарожнік. Акадэмік Польскай Акадэміі навук.
- Мікола Панькоў (1911—1995) — беларускі грамадскі дзеяч.
- Дайніс Крыштапанс (нар. 1990) — латышскі гандбаліст.
У Лудзе пахаваная беларуская пісьменніца Вольга Нікановіч-Сахарава (1884—1943).
Зноскі
- ↑ Central Statistical Bureau of Latvia Праверана 15 чэрвеня 2021.
- ↑ Кніга паштовых індэксаў Латвіі - красавік 2011 (лат.)
- ↑ Класіфікатар адміністрацыйных тэрыторый і тэрытарыяльных адзінак Латвіі - 16 лютага 2011 (лат.)
- ↑ Manteuffel G. Lucyn // Słownik geograficzny… T. V. — Warszawa, 1894. S. 462.
- ↑ Полное собрание законов Российской Империи. Собрание Первое. Том XXI. — СПб, 1830. С. 271.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 3 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 20.
- ↑ Przegląd Powszechny. Nr. 1, 1884. S. 34.
Спасылкі
Лудза на Вікісховішчы |
- Афіцыйны сайт горада
- Гарадскі турыстычны сайт Архівавана 31 жніўня 2006.
- Гісторыя горада
- Кирилл Ладутько В поисках утраченного // СБ-Беларусь Сегодня (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.