Лясок (Хойніцкі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лясок. Лясо́к[1] (трансліт.: Liasok, руск.: Лесок) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.
На тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Гісторыя
Найраней вёска згаданая ў лісце караля Жыгімонта Старога ад 14 мая 1516 года[2], у якім засведчана:
Бил нам чолом арменин киевскии, толмач н(а)шь татарскии Макар Ивашкович и поведил перед нами, што мы перво сег(о) дали были ему землю пустовскую у Киевском повете в Белосороцкои волости на имя Лемешовщину, и пан воевода киевскии, пан Андреи Немирович, доведавши ся тог(о), иж тая земля шкодно отдати от замку н(а)шог(о), и против тог(о) дал ему в тои же волости Белосороцкои селище на имя Лынсковщину а землицу нагонную… Ино мы, з ласки н(а)шое… для его к нам верное службы, которую ж он нам заслуговал пилне ездячи до Орды частокрот в делех н(а)ших и земских и на его чоломбите то вчинили: тое селищо Лысковщину и землицу нагонную с пашными землями, и з сеножатми, и з лесы, и з бортною землею, и с озеры, и з реками, и з езы, и з ловы звериными и пташными, и со всим с тым, што к тому с стародавна прислухало, потвержаем сим на(ш)им листом вечно ему самому и его жоне, и их детем и напотом будучим их щадком. А он мает нам с тог(о) земскую службу служити…
З памятнага запіса 1526 года ігумена Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя даведваемся, што ён «купилъ есми у Марка (папраўдзе: Макара) Орменина Киевского две службе… Лысковщину а Погоны, дани идетъ: чотыри кади меду, а осмьдесятъ грошей серебра, бочка рыбы; а далъ есми за тое 5 копъ грошей и сорокъ копъ грошей Литовское личбы»[3].
У грамаце 1543 г. караля Жыгімонта Старога сказана: «Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людей, на Припяти… на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макарей за сто копъ грошей Литовское монеты у толмача нашого Макара Орменина…». Навошта зноў білі чалом, калі службы і так належалі манастыру? Справа ў тым, што праз нейкі час пасля набыцця прывілей на ўладанне і прадажныя лісты ваявода кіеўскі Андрэй Неміровіч «до скарбу своего взялъ», а прызначаны пазней ігумен Падапрысвет «мешкавши съ полгода у манастыри, и утекъ прочь, и великие шкоды церкви Божьи починилъ, и тыи листы зъ собою побралъ, або ихъ неведомо где поделъ». Але дзякуючы сведчанню спраўцы ваяводства Кіеўскага Андрэя Сангушкавіча і кіеўскіх зямян, неаднаразова бачыўшых арыгіналы дакументаў, кароль пацвердзіў манастыру яго права на валоданне Лыскаўшчынай і Пагонным[4].
Надалей у шматлікіх дакументах 1543—1685 гадоў сустракаем як «службу Лысковщину», так і «село Лысковское», «село (таксама „имене“, „люди“) Лысковцы», «dobra duchowne… Łyski»[5].
У тарыфах Кіеўскага ваяводства XVIII ст. паселішча не названа. На схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 года, на «Военно-топографической карте Российской империи 1846—1863 гг.», складзенай пад кіраўніцтвам Ф. Ф. Шуберта і П. А. Тучкова, таксама не пазначана. Але хутар Лясок зноў бачым на карце «Генерального штаба РККА» 1931 года, а на карце 1935 года — хутары Ляскі. У 1931 годзе хутарцы ўступілі ў калгас.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Ляску налічвалася 18 двароў з 61 жыхаром. У маі 1943 года акупанты спалілі паселішча і забілі 5 чалавек[6]. 10 вяскоўцаў загінулі на фронце.
Паводле перапісу 1959 года, 96 жыхароў. Лясок уваходзіў у склад калгаса «Новае жыццё» (цэнтр — вёска Радзін). Да 8 студзеня 1987 года ўваходзіў у склад Радзінскага сельсавета[7].
На сёння паселішча не існуе.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 9 (1511—1518). — Vilnius: Žara, 2002 [2004]. № 204
- ↑ Акты, относящиеся к истории Западной России (далей: АЗР). Т. 2. (1506—1544). — С.-Петербург, 1848. С. 167—168
- ↑ АЗР. Т. 2. (1506—1544). — С.-Петербург, 1848. С. 394—396
- ↑ Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ-ХVІІІ ст. Зб. Док. — Київ, 2011. № 6, 10, 28, 289, 292, 299 і інш.
- ↑ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; Москва: Фонд «Историческая память», 2021. С. 500
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
Літаратура
Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0330-6 ISBN 985-11-0302-0
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.