Лінава
Лі́нава[2] (трансліт.: Linava, руск.: Линово) — аграгарадок у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Лінаўскага сельсавета.
Гісторыя
Першыя згадкі пра вёску Лінава адносяцца да часоў ВКЛ, калі яна з аднайменным войтаўствам уваходзіла ў склад Кобрынскай эканоміі Падляскага ваяводства. Паводле рэвізіі Дзмітрыя Сапегі 1563 года вёска мела 49 валокаў. Войтаўства складалася з вёсак Лінава, Сланімцы, Гарадняны, Альшаніца, Машчоны і Абшар[3]. У 1567 уладальнікамі Лінава называюцца Ізбіцкія, аднак неўзабаве яны былі пазбаўлены правоў на маёнтак, які стаў каралеўскім уладаннем у складзе Пружанскага ключу.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай маёнтак Лінава, які меў 4 тыс. дзесяцінаў зямлі, увайшоў у склад Пружанскага павета Гродзенскай губерні, цэнтр воласці. Расійская імператрыца Кацярына II падарыла гэтыя землі генералу Пятру Румянцаву, нашчадкі якога неўзабаве па яго смерці распрадалі маёнткі розным уласнікам.
Лінава з хутарам Ізабелін і ўрочышчам Ператэсы набыў Вінцэнт Трэмбіцкі (1762—1842) гербу «Слепаўрон», былы прэзідэнт судоў Пружанскага павета, галоўны кобрынскі лоўчы і шамбелян апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста[4]. Тут было 52 двары, 751 мяшканец, 898 дзесяцін зямлі[3]. Вінцэнт з жонкай Ізабелай з Пашкоўскіх заснавалі каля вёскі сядзібу. Пасля іх маёнтак перайшоў да сына Багуслава (1804—1896), пасля да яго сына Уладзіслава (1845—1907). У 1890 годзе зямельныя ўладанні маёнтку складалі 1970 дзесяцінаў[5].
Апошнім уладальнікам Лінава быў Казімір Трэмбіцкі, які перабудаваў родавую сядзібу.
У 1903 у вёсцы атрымалі магчымасць сяліцца яўрэі, у 1913 ім належалі ўсе 8 бакалейных шапікаў і шынок[6].
За польскім часам — мястэчка, сядзіба гміны ў Пружанскім павеце Палескага ваяводства[7]. У 1939 годзе ўключаныя ў склад БССР, з 1940 — Цэнтр сельсавета.
У чэрвені 1941 года занятае нацысцкімі войскамі, тут размяшчалася ўправа ўкраінскай паліцыі. Было створанае гета, арганізаваны юдэнрат. Улетку 1942 года гета было ліквідавана, амаль усе яго насельнікі былі расстраляныя.
У 1987 годзе да вёскі Лінава 1 была далучана суседняя вёска Лінава 2[8].
Насельніцтва
- 2010 год — 1691 чалавек
- 1999 год — 1786 чалавек
Транспарт
Чыгуначная станцыя Аранчыцы на лініі Баранавічы — Брэст.
Побач з вёскай праходзіць аўтамабільная дарога Р81 Пружаны — мяжа Рэспублікі Польшча.
Турыстычная інфармацыя
Страчаная спадчына
- Драўляны касцёл 1936 г. Разбураны ў 1995
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Мікола Папека — беларускі паэт, пчаляр
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Алфавитный список улиц по Линово(руск.) . Белпошта. Праверана 28 кастрычніка 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ліно́ва
- 1 2 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 2: Januszpol — Wola Justowska. — Warszawa, 1902. — S. 230
- ↑ Roman Aftanazy. Linowa // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 64. — ISBN 9788304037014.
- ↑ Федорук А.Т. Линово // Старинные усадьбы Берестейщины. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 285. — ISBN 985-11-0305-5.
- ↑ Линова(руск.) . Российская еврейская энциклопедия (15 лютага 2012).
- ↑ Linowo, вёска (нявызн.). Radzima.net (15 лютага 2012).
- ↑ Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 16 сакавіка 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0303-0.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
- Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мн.: Навука і тэхніка, 1980. — 176 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лінава
- Лінава на сайце Radzima.org
- Фатаздымкі (руск.) на «Глобусе Беларусі»
- Расійская яўрэйская энцыклапедыя (руск.)
- Лінава і наваколле
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Пружанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.