wd wp Пошук:

Майшагала

Майшагала (літ.: Maišiagala), традыцыйная беларуская назва Майшагола, або Мейшагола[1] — колішні горад, цяпер мястэчка ў Вільнюскім раёне Вільнюскага павета Літвы, на рацэ Муса. Адміністрацыйны цэнтр Майшагальскай сянюніі. Насельніцтва 1634 чал. (2001).

Знаходзіцца за 25 км на поўнач ад Вільнюса, каля аўтамабільнай дарогі Вільнюс — Панявежыс.

Гісторыя

Першы меркаваны пісьмовы ўспамін пра Майшаголу, яшчэ ў часы паганства датуецца 1254 годам, тут быў драўляны княжацкі замак і «вясковы двор» (паводле падання). Да 1365 года адносіцца першы дакладны ўспамін пра Майшаголу[1], калі крыжакі спалілі аднайменныя двор і замак. У 1377 годзе пасля адмовы ад стальцу на карысць свайго сына Ягайлы ў Майшаголе жыў і памёр у глыбокай старасці вялікі князь Альгерд; як сведчаць летапісныя крыніцы, тут ён быў пахаваны паводле паганскіх звычаяў.

У канцы XV стагоддзя вялікі князь Аляксандр фундаваў будаўніцтва касцёла Найсв. Тройцы, а Станіслаў і Шымон Багдановічы ў 1495 ахвяравалі сродкі на стварэнне ў ім алтара; алтар рабіў майстар «Пётр Алтарыста». У 1503 годзе вялікі князь Аляксандр надаў гораду прывілей на пэўныя вольнасці, пацверджаны 27 снежня 1571 года Жыгімонтам Аўгустам. У XVI стагоддзі дзяржаўцам майшагольскім быў староста гарадзенскі Юрай Мікалаевіч, князь Радзівіл; ён лічыўся таксама і «гараднічым майшагольскага двара яго каралеўскай міласці».[2]

У 17731775 гадах вальны сойм прыняў рашэнне пра перадачу Майшаголы і шэрагу іншых старостваў віленскаму біскупу Масальскаму ў абмен на Ляхавіцкае староства, якое мела на той час добра ўмацаваны замак. У 1789 годзе ў Майшаголе было 35 дымоў (каля 245 жыхароў[1]).

Герб Майшаголы (1792)

23 лютага 1792 года кароль Станіслаў Аўгуст надаў гораду прывілей на Магдэбургскае права і герб «у чорным полі выява святога Антонія»; гэтым прывілеем усе юрыдыкі ў Майшаголе скасоўваліся і падпарадкоўваліся магістрату, мяшчанам прадпісвалася збудаваць у месце ратуш, цагельню для паспалітых патрэбаў і гасціны двор для заезных купцоў[2]. У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай апынулася ў складзе Расійскай імперыі.

У канцы ХІХ стагоддзя ў мястэчку было 59 дамоў і 715 жыхароў. У пачатку XX стагоддзя паводле этнаграфічнай карты, складзенай Яўхімам Карскім, на захадзе ад Майшаголы праходзіла мяжа рассялення беларусаў.

У 1920 годзе ў Сярэдняй Літве. У 19221939 гадах у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, сядзіба аднайменнай гміны.

Славутасці

  • Гарадзішча.
  • Касцёл Унебаўзяцця Найсв. Дзевы Марыі (1865).
  • Могілкі: ваенныя германскія часоў Першай сусветнай вайны, яўрэйскія, каталіцкія, старыя каталіцкія.
  • Сядзіба Гоўвальтаў.

Зноскі

  1. 1 2 3 ЭнцВКЛ, 2010
  2. 1 2 Мейшагола // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Вільнюскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be