Малеч
Ма́леч[1] (трансліт.: Malieč, руск.: Малеч) — аграгарадок у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Малецкага сельсавета. Размешчана за 20 км на захад ад Бярозы, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская[2].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першыя пісьмовыя звесткі знойдзены ў «Апісанні войска Літоўскага Кобрынскага павета» 1528 года калі ўзгадваецца «Фёдар з Мальча»[2]. У 1563 годзе Малеч узгадваўся ў сувязі з будаўніцтвам у сяле царквы[3]. Тады знаходзілася ў Пружанскім павеце Кобрынскай эканоміі, было цэнтрам абшары двара Блудзенскага і войтаўства Малецкага. Згодна з актам рэвізіі, вакол вёскі на той час ляжалі 39 валок сярэдняй па якасці зямлі. У канцы XVI ст. вядома ў Берасцейскім павеце Берасцейскага ваяводства[2].
6 чэрвеня 1645 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Малечы гарадскія правы, але ўладальніца Блудаўскага (Блудзенскага) староства Ізабэла Хадкевіч у 1668 годзе свавольна скасавала іх. Дэлегатаў горада, якія былі накіраваны ад імя ўсіх мяшчан да караля са скаргай на яе і прашэннем узнавіць правы на самакіраванне, яна загадала схапіць і аддаць у рукі катаў. Спецыяльны загад караля вярнуў ім волю. На гербе Малеча была Святога Пятра з ключамі ў руцэ[4]. Вакол галавы — німб, сімвал святасці. У правай верхняй частцы герба — выява чорнага пеўня, у левай — зялёная галінка расліны. Пазбаўлены гарадскіх прывілеяў у XVIII ст.[2]
Пад уладай Расійскай імперыі
Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 года ў Расійскай імперыі, мястэчка. У Расіі было ўведзена палажэнне, згодна з якім сяляне павінны былі адбываць натуральныя павіннасці. Жыхары мястэчка адмовіліся іх выконваць, падымалі сялянскія бунты ў 1806, 1807, 1813, 1819, 1820, 1823 гг. Былі выпадкі, калі местачкоўцы «сабраліся ўсёй грамадою, мужчынскага і жаночага полу, разламалі дзверы ў доме, дзе ўтрымоўваліся арыштаваныя 8 чалавек, адбілі іх у паліцыянтаў»[5]. У XIX ст. маёнтак належаў роду Шведаў, потым перайшоў да роду Завадскіх. У 1824 годзе ў мястэчку дзейнічалі рымска-каталіцкая царква, капліца, З масты, рынак, 5 піцейных дамоў. У 1833 годзе пазначана як мястэчка Мальча, у якім 5 мураваных цэркваў і 1 драўляная, 152 драўляныя дамы, 5 духоўных навучальных і 5 свецкіх духоўных устаноў, 5 фабрык і заводаў 3 піцейныя дамы. У 1856 годзе ў мястэчку і в. Лукомер памешчыку Іосіфу Здзітоўскаму належала 387 рэвізскіх душ[2].
У 1864 годзе мястэчка Малеч (Мальча) — цэнтр Малецкай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні. У 1886 годзе дзейнічалі школа, 2 царквы, яўрэйскія малітоўны дом, сукнавальня, 16 крам, банк, 2 конныя млыны, 5 піцейных дамоў, штогод адбываліся 12 кірмашоў. У вёсцы працавалі вінакурны і вапнавы заводы[2].
У 1890 годзе ў воласці налічваліся 32 паселішчы, 335 сялянскіх двароў, 4535 душ, 183 несялянскія дамы. Сельскаму таварыству належалі 889 дзес. зямлі, царкве — 63 дзес., памешчыку Іосіфу Завадскаму ў маёнтку Малеч разам з фальваркамі — 740 дзес., памешчыку Садоўскаму ва ўрочышчы Малеч — 62 дзес. зямлі. Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку дзейнічалі прыходская царква, царква на могілках, капліца, народнае вучылішча, валасное праўленне, яўрэйскі малітоўны дом і багадзельня, а таксама З ветраныя млыны, кузня, 30 крам (з іх З «краснага» тавару, 2 жалезных тавараў, астатнія малочнага гандлю), 4 піцейныя дамы. Праводзіліся 8 кірмашоў у год. Побач з мястэчкам знаходзілася сядзіба ва ўладанні Іосіфа Заваленага (5 двароў, 70 жыхароў), у якой працаваў вінакурны завод. Каля мястэчка паштовая сядзіба. Мястэчка межавала з сялом той жа назвы. У канцы XIX ст. ў маёнтку быў пабудаваны палац і закладзены вялікі парк[2].
Найноўшы час
У 1905 годзе — мястэчка і маёнтак. 29 ліпеня 1905 года адбылася дэманстрацыя ў сувязі з паўгоддзем «кровавого воскресення». На працягу 1905 годзе адбываліся сялянскія хваляванні з эканамічнымі патрабаваннямі, і гаспадар маёнтка Завадскі вымушаны быў хавацца ў горадзе. У 1908 годзе жыхар мястэчка Х. Жук напісаў ліст Л. Талстому, у якім выкладаў яму свае погляды на жыццё, прасіў у пісьменніка дапамогі ў вызначэнні маральных арыенціраў. Л. Талстой назваў яго ліст «превосходным письмом»[2].
З 1915 года акупіраваны германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года — войскамі Польшчы. У ліпені—жніўні 1920 года ўстаноўлена савецкая ўлада[2].
З 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр Малецкай гміны Пружанскага павета Палескага ваяводства. У 1924 годзе Малеч — мястэчка, вёска, фальварак. У 1928 годзе пабудавана Сямёнаўская царква (захавалася). У 1920-я г. былі створаны ячэйка КПЗБ і камсамольская арганізацыя. У 1930-я г. працавала народная школа. Арганізавана баявая група, якая раззбройвала паліцэйскіх і асаднікаў[2].
З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр Малецкага с/с Пружанскага раёна[2]. Статус паселішча панізілі да вёскі.
У 1941—1944 гг. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Акупанты загубілі ў вёсцы 22 жыхары, на фронце загінуў 31 воін-зямляк. На ўшанаванне памяці землякоў у 1975 годзе быў пастаўлены абеліск[2].
- Мястэчка на старых здымках
- Сядзіба Завадзкіх, да 1939
- Школа, 1922
- Школа, 1922
- Будаўніцтва зернясховішча, 1933
Пасля вайны 19 студзеня 1949 года арганізаваны калгас імя К. Маркса. З 14 красавіка 1960 года вёска і сельсавет у Бярозаўскім раёне. З 1960 года вёска ў саўгасе «Бярозаўскі», з лютага 1961 года цэнтр саўгаса «Малеч» (у студзені 1979 — кастрычніка 1990 саўгас імя 60-годдзя Кампартыі Беларусі)[2].
У 1969—1970 гг. інстытут «Белдзіпрасельбуд» распрацаваў праект планіроўкі і забудовы саўгаса (архітэктар Н. М. Нядзелька, інжынер В. М. Хандогін). Былі ўзведзены Дом культуры з залай на 600 месцаў, гандлёвы цэнтр са сталовай, магазінамі, камбінатам бытавога абслугоўвання, гасцініцай, бальніца, школа. У 1980-я г. цэнтр, сядзіба саўгаса была прыкладам сучаснай планіроўкі і забудовы сельскіх пасёлкаў. У 1972 годзе дзейнічалі сярэдняя і музычная школы, санаторная школа-інтэрнат, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, бальніца (на 85 ложкаў), паліклініка, аддзяленне сувязі, магазіны. У 1997 годзе на тэрыторыі сельсавета дзейнічалі аграфірма-калгас «Малеч»; з 1990 калгас «Прагрэс»[2].
Інфраструктура
У Малечы працуюць сярэдняя і музычная школы, санаторная школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Культура
Пры сярэдняй школе працуе грамадскі гісторыка-краязнаўчы музей.
Забудова
Найбольшую працягласць забудова вёскі мае ў напрамку з поўначы на паўднёвы захад.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе:
- 1824 — 554 жыхары (мяшчан і сялян), 147 яўрэяў, дамоў сялянскіх — 80, яўрэйскіх — 12.
- 1830 — 382 муж., з іх духоўнага саслоўя 1, мяшчан-іўдзеяў 120, мяшчан-хрысціян і сялян 261[6]
- 1833 — 827 жыхароў, з іх 5 купцоў.
- 1864 — 172 жыхары.
- 1878 — 1189 жыхароў, у тым ліку 660 іўдзеяў[7].
- 1886 — 71 двор, 1428 жыхароў.
- 1897 — 138 мяшчанскіх і 149 сялянскіх дамоў, 1059 мяшчан і 1023 сялян, на паштовай сядзібе — З двары, 20 жыхароў.
- XX стагоддзе:
- XXI стагоддзе:
- 2005 — 2016 жыхароў, 800 гаспадарак.
Славутасці
- Сядзіба Завадскіх (кан. XIX ст.). Палац пасля Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўваецца пад санаторную школу
- Царква Святога Сімеона (1873)
- Яўрэйскія могілкі
- Царква ХВЕ
-
Царква ЕХБ
- Свята-Сімяонаўская царква
- Царква ХВЕ
- Царква ЕХБ
Страчаная спадчына
- Капліца
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
- ↑ ЭнцВКЛ, 2005
- ↑ Малеч // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Соркіна, І. Мястэчкі Беларускага Палесся ў XIX - першай трэці XX стст. / Іна Соркіна // ARCHE Пачатак. — 2013. — № 4 (121). — С. 62. Са спасылкай на Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў Гродне. — Ф. 1. — Воп. 1. — Спр. 1360. — Арк. 324 адв.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
- ↑ Malecz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 8.
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VIII: Województwo Poleskie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1924.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
- Малеч. Магдэбургскае права. Архівавана 9 ліпеня 2007. // «Гістарычная брама» № 6 (10), 1998.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Малеч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 265. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Malecz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 8.
Спасылкі
Малеч на Вікісховішчы |
- Мястэчка Малеч на Radzima.org
- Малеч на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Бярозаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.