wd wp Пошук:

Мархлеўск

Мархле́ўск[1] (трансліт.: Marchlieŭsk, руск.: Мархлевск) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавета.

Гісторыя

Фальварак і вёска Лісцвін на карце Ф. Ф. Шуберта, сярэдзіна XIX ст.

Паводле звестак заснавальніка і першага дырэктара Хойніцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандра Максімавіча Зелянкоўскага, у 1874 годзе побач з вёскай Лісцвін на землях аднаіменнага фальварку графа Ракіцкага аселі і заснавалі сядзібы сем’і Міхала Шацілы і Фелікса Цішкевіча. Пазней тут жа пасяліўся Антон Караткевіч. Гэтак узнікла аколіца Лісцвін. У метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла за 1876 год згаданая таксама сям’я Куліцкіх, якая жыла ў засценку Лісцвін.[2] На 1909 г. у аколіцы Лісцвін Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні было ўжо 42 двары з 210 жыхарамі.[3]

Мархлеўск і Лісцвін на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

У слоўніку Я. Н. Рапановіча сцвярджаецца, нібы да 1925 года паселішча мела назву Лісцвінская Слабада[4][upper-alpha 1]. Але і пасля перайменавання, як засведчылі В. П. Пічукоў і М. І. Старавойтаў ў сувязі з пераходам у тым жа 1925 годзе да васьміпольнага севазвароту, яно называлася аколіцай Мархлеўск, не слабадой. З 1938 года, як і паўсюдна ў Беларусі, аколіца пачала звацца вёскай[6].

Найбольш актыўная забудова адбывалася ў 1920-я гады. З 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927 года цэнтр Мархлеўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Мархлеўску меркавалася арганізаваць машыннае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[7]. У 1930 годзе ў Мархлеўску 41 двор, 204 жыхары, 82 % з якіх складалі каталіцкія альбо «польскія» сем’і. Тады ж арганізаваны калгас імя Юльяна Мархлеўскага, працавала кузня. 14 жыхароў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы 233 жыхары. У складзе калгаса «Світанне» (цэнтр — вёска Паселічы).

Заўвагі

  1. Пазней паходжанне прыдуманага Я. Н. Рапановічам статусу паселішча атрымала і зусім ужо нечаканае тлумачэнне («Некаторыя з іх [назваў] сведчылі аб змаганні беларусаў з прыгнятальнікамі за вольнае, незалежнае жыццё: в. Ліствінская Слабада – Мархлеўск (Х.)»[5].

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. НГАБ у Мінску. Ф. 1115. Воп. 1. Спр. 42. А. 158адв. — 159
  3. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 107
  4. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск, 1986. С. 99, 109
  5. Гл.: Багамольнікава Н. А. Структурныя змены і працэс перайменаванняў у айканіміі Гомельшчыны. // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. 2010. № 4 (61). С. 11
  6. Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.) (далей: ГМ). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 56, 91
  7. ГМ. С. 213, 214

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0330-6 ISBN 985-11-0302-0

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Круглянскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Талачынскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Хойніцкага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1927 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1937 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1926 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be